Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Бабінавічы, в., Лёзненскі раён

 

Назва Бабінавічы
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  вёска
Вобласць Віцебская 
Раён Лёзненскі
Сельскі савет Бабінавіцкі
Тапанімічнае паходжанне назвы назва, вытворнае ад асновы "баба"

 

Вёска Бабінавічы знаходзіцца на заходнім беразе Бабінавіцкага возера за 30 км на паўднёвы захад ад Лёзна, 75 км ад Віцебска, на аўтадарозе Лёзна – Арэхаўск.

Заснавана не пазней XVI ст., мяркуючы па назве, выхадцамі са старажытнага сяла Бабіна Аршанскага староства ВКЛ. У канцы XVI–XVII ст. мястэчка, дзяржаўная маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяводстве. У канцы XVII–XVIIIст. у фактычным уладанні князёў Агінскіх. Частка Бабінавіч належала да аршанскага кляштара трынітарыяў. Вуліцы мястэчка сыходзіліся да гандлёвай плошчы, 2 з іх былі дарогамі на Віцебск і Оршу. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бабінавічы ў складзе Расійскай імперыі, уваходзілі ў Аршанскі павет Магілёўскай губерні. У 1777–1796 і ў 1802–1840 гг. былі цэнтрам Бабінавіцкага павета, мелі статут павятовага горада. У 1781 годзе горад атрымаў герб: у блакітным полі 2 мачты з флюгерамі – у знак таго, што ў ваколіцах горада нарыхтоўваўся карабельны лес.

У Бабінавічах былі прыстань і склад лесаматэрыялаў, што сплаўлялі адсюль па рэках Лучоса і Заходняя Дзвіна ў Рыгу. У 1778 г. зацверджаны праект планіроўкі горада, у якім прадугледжвалася перанесці Бабінавічы на другі бераг р. Вярхіта і забудаваць у выглядзе прамавугольніка з плошчай у цэнтры, але ён не быў ажыццеўлены. У канцы XVIIIст. распрацаваны праект забудовы Бабінавіч на старым месцы, паводле якога планіроўка прыводзілася ў прамавугольную сістэму і горад акружаўся валамі і равамі. Гэты праект ажыццеўлены часткова. У 1796–1802 гг. і пасля 1840 г. Бабінавічы – заштатны горад у Магілёўскай губерні на тэрыторыі Дабрамысленскай воласці Аршанскага павета.

3 часу заснавання Бабінавічы вядомы ганчарным промыслам, які дасягнуў росквіту ў XIX– 1-й чвэрці XX ст. 3 мясцовай чырвонай гліны тут выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку (гарлачы, гаршкі, збанкі, міскі), якую з пач. XX ст. пачалі аздабляць размалёўкай.

 У канцы XIX ст. тут працавала 39 рамеснікаў. У 1860 г. горад налічваў 1271 жыхара і 159 дамоў, у 1879 г. – 1320 жыхароў. Паводле перапісу 1897 года ў Бабінавічах 1157 жыхароў, дзейнічалі царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква (пабудавана ў 1742), касцёл Святой Троіцы, пабудаваны ў 1782–1797 гг. аршанскімі трынітарыямі, сінагога.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. Бабінавічы сталі вёскай, з 1919 г. у складзе Віцебскай губерні РСФСР. Пасля 1-га ўзбуйнення БССР (сакавік 1924) Бабінавічы ў складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Высачанскім раёне Віцебскай акругі (да ліпеня 1930). 3 ліпеня 1931 г. – цэнтр сельсавета ў Лёзненскім раёне, з 20 лютага 1938 г. у Віцебскай вобласці. Напярэдадні вайны 1618 жыхароў, 376 двароў.

У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 г. каля Бабінавіч у абарончых баях з ворагам вызначылася 153-я стралковая дывізія (камандзір палк. М. А. Гаген). 3 17 ліпеня яна ва ўмовах поўнага акружэння некалькі дзён вяла цяжкія баі. Прарваўшы кальцо акружэння, прайшла з баямі па тылах ворага і злучылася з часцямі Чырвонай Арміі, захаваўшы арганізацыю і баяздольнасць. 3 ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. Бабінавічы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У яе ваколіцах дзейнічалі партызанскія атрады Лёзненскай, імя А. Ф. Данукалава і іншых брыгад. Вызвалены 25 чэрвеня 1944 г. часцямі 11-й гвардзейскай арміі 3-га Беларускага фронту ў час Віцебска-Аршанскай аперацыі. Спаленая цалкам фашыстамі вёска пасля вайны адноўлена і з верасня 1946 г. да снежня 1956 г. была ў складзе Арэхаўскага раёна.

 У 2005 годзе ў вёсцы 589 жыхароў, 271 двор, сярэдняя школа, Дом культуры, 2 бібліятэкі, аптэка, аддзяленне сувязі. У цэнтры вёскі, побач з сярэдняй школай, вайсковыя могілкі, дзе пахаваны 1308 савецкіх воінаў і партызан. У 1966 г. тут пастаўлены помнік воіну-пераможцу.

У 2009 г. – 235 двароў, 496 жыхароў.

У Бабінавічах і каля вёскі знаходзіцца група археалагічных помнікаў розных часоў: 2 неалітычныя стаянкі (на беразе Бабінавіцкага возера і на правым беразе р. Вярхіта), гарадзішча, 6 могільнікаў эпохі Кіеўскай Русі і адзіночны курган, а таксама земляное ўмацаванне Салдацкая Слабада. 

 

Аграгарадок Бабінавічы. Лёзненскі раён. Фатаздымак з сайта http://photo.qip.ruАграгарадок Бабінавічы. Лёзненскі раён. Фатаздымак з сайта http://foto-planeta.comАграгарадок Бабінавічы. Лёзненскі раён. Вайсковыя могилкі. Фатаздымак з сайта http://foto-planeta.com

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бабінавічы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 349.

2. Бабиновичи //Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсов. : Т. В. Белова [и др.] ; науч. ред.: Ю. В. Баженов [и др.]. – 2-е изд. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – С. 66.

3. Бабиновичи // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 29–30.

4. Бабиновичи //Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол. : Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн,2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 168.

5. Жучкевич, В. А. Бабиновичи / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 16.

6. Зуеў, М.З мінулага Бабінавіч / М. Зуеў // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1980. – 7 кастр. – С. 3.

7. Камінскі, М. І. Бабінавічы / М. І. Камінскі, В. Л. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 1 : А–Беліца. – С. 245.

8. Кляшчук, А. Шлях з варагаў у... Бабінавічы / А. Кляшчук // Звязда. – 2009. – 1 жн. – С. 1, 3, 8.

9. Рэгіён-агляд. Бабінавіцкі сельсавет [Лёзненскага раёна] / падрыхт. Е. Ретнёва // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2010. – 12 сак. – С. 4–5.