Лёзна, г. п., Лёзненскі раён
- Подробности
- Створана 04.09.2017 12:23
- Адноўлена 15.09.2020 13:53
Назва | Лёзна |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Лёзненскі |
Тапанімічнае паходжанне назвы | народная этымалогія звязвае назву са словам лаза - "лознае месца" |
Гарадскі пасёлак Лёзна знаходзіцца на левым беразе ракі Мошна, за 40 км на паўднёвы ўсход ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск – Смаленск. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. На 2017 год у Лёзне пражывае 6740 жыхароў.
Узнікла Лёзна ў канцы XV ст. на землях Мікулінскай воласці. У 1514 г. яно заваявана Рускай дзяржавай, а ў 1526 г. вернута зноў у склад ВКЛ. Відаць, назва паходзіць ад слова «лёзны» – «чужы», «нетутэйшы», «прышлы». У канцы XVI ст. Лёзна разам з Мікулінскай воласцю ўваходзіла ў Віцебскі павет. 3 1625 г. яно стала ўласнасцю князёў Агінскіх. У 1654 г. упамінаецца ўжо як мястэчка.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) як цэнтр воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. У 1786 г. Агінскімі была пабудавана мураваная праваслаўная царква (разбурана ў 1961). У 1800 г. у Лёзне пабываў рускі пісьменнік, сенатар Г. Дзяржавін. У пачатку вайны 1812 г. у мястэчку 2 тыдні стаяў 3-ці французскі корпус маршала Мішэля Нэя. 3 1831 г. у Лёзне праводзіліся 4 кірмашы штогод. Тут былі развіты сталярнае, сукнавальнае, гарбарнае, кравецкае рамёствы. У 1846 г. жыло 745 чалавек. У 1866–1867 гг. быў адкрыты рух па Рыга-Арлоўскай чыгунцы, якая прайшла праз мястэчка. У сувязі з гэтым у Лёзне пабудавана чыгуначная станцыя. У 1865 г. адкрыта народнае вучылішча, а ў 1875 г. пры чыгуначнай станцыі пачала дзейнічаць царкоўнапрыходская школа, якая ў 1887 г. была рэарганізавана ў 4-класнае народнае вучылішча. 3 1870 г. Лёзна стала ўласнасцю Храпавіцкіх, пазней – А.І. Шабекі. У 1867 г. у Лёзне было 1085жыхароў, у 1880 г. – 1536. Тут стаяла 216 дамоў, 26 крам, размяшчалася валасное праўленне, працавала бальніца. Паводле перапісу 1897 г., у Лёзне ўжо 2473 жыхары. Сетка вуліц сфарміравалася ў XIX ст. У пачатку XXст. налічвалася 11 цагельных і 1103 драўляныя будынкі, дзейнічалі 2 млыны, працавалі 2 вучылішчы, па-ранейшамуштогод праводзіліся кірмашы. У 1917 г. жыло 2055 чалавек.
У 1919 г. Лёзна ўвайшло ў склад РСФСР. 3 1924 г. у БССР, стала цэнтрам Лёзненскага раёна. 27 верасня 1938 г. мястэчка пераўтворана ў гарадскі пасёлак. У 1939 г. тут 4111 жыхароў.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны 17 ліпеня 1941 г. Лёзна акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі нямецкія фашысты загубілі ў ім 1200 чалавек, а Лёзна было спалена. 8 кастрычніка 1943 г. войскі Калінінскага фронту вызвалілі пасёлак.
У 1972 г. у Лёзне было 5700 жыхароў. У тым жа годзе быў распрацаваны генеральны план гарадскога пасёлка. Новы генеральны план распрацаваны ў 1983 г. Рака падзяляе горад на 2 часткі. Асноўны жылы масіў знаходзіцца на левым беразе Мошны. Рэгулярная сетка вуліц захавалася з XIX ст. Цэнтр Лёзна забудаваны 3–5-павярховымі цагельнымі будынкамі. Ва ўсходняй частцы створаны мікрараён з 3–5-павярховых жылых дамоў. За чыгункай, у паўднёвай частцы, сфарміравалася прамысловая частка Лёзна. Вядзецца катэджавае будаўніцтва.
Працуюць хлебны, малочны, кансервава-агароднінасушыльны заводы, ільнозавод.Дзейнічаюць 2 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў. Працуюць Дом культуры, 2 бібліятэкі, гісторыка-краязнаўчы музей.
У Лёзна ёсць вайсковыя могілкі, магілы ахвяр фашызму, пастаўлены помнік Вызвалення.
Выдаецца раённая газета «Сцяг Перамогі».
ЛІТАРАТУРА
1. Жучкевич, В. А. Лиозно / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 202.
2. Лёзна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 74–75.
3. Лёзна // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 76–77.
4. Лёзна // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 139–140.
5. Лиозно // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebskregion: thenature, tourism, sport, rest/ под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 208–213.
6. Лиозно // ПутеводительпогородамирайоннымцентрамРеспубликиБеларусь= Guidebook of the cities and regional centers of the Republic of Belarus / cост. А. Варивончик [и др.]. –Минск : Харвест, 2004. – С. 214–215.
7. Лиозно // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол. : Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 68–70.
8. Лиозно // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 290–291.
9. Лиозно // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол. : Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 158.
10. Остановись, мгновенье! Это Лиозно! / подгот. Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2015. – 26 февр. – С. 15.
11. Палескі, А. [Лёзна] / А. Палескі // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2007. – 22 мая. – С. 3.
12. Пукшанскі, А. Лёзна: тут тварыў Шагал / А. Пукшанскі // Звязда. – 2007. – 8 жн. – С. 4.
13. Тихомирова, Н. Лиозно в начале XX века / Н. Тихомирова // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1998. – 24 лістап. – С. 3–4.
14. Ціхамірава, Н. Лёзна / Н. Ціхамірава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. : Г. П. Пашков [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня.– С. 358–359.
15. Фёдараў, В. Беларускія вароты на расійскі ўсход / В. Фёдараў // Рэспубліка. – 2010. – 14 студз. – С. 4.