Клясціцы, аг., Расонскі раён
- Подробности
- Створана 06.09.2017 12:23
- Адноўлена 15.09.2020 11:09
Назва | Клясціцы |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | аграгарадок |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Расонскі |
Сельскі савет | Клясціцкі |
Першае ўзгадванне | канец 16 ст. |
Тапанімічнае паходжанне назвы | у аснове назвы ляжыць балтыйскі тэрмін klesti - "развівацца", "квітнець". Не выключаная магчымасць сувязі з польскім тэрмінам "клястар" - касцёл, манастыр |
Вёска Клясціцы знаходзіцца каля Клясціцкага водасховішча, на перакрыжаванні аўтадарог Полацк – Юхавічы і Расоны – Каханавічы. У 16 км на захад ад г. п. Расоны, 37 км ад чыгуначнай станыі Боркавічы – Даўгаўпілс (Латвія), 150 км ад Віцебска. Цэнтр Клясціцкага сельскага савета.
У XVI ст. вёска Клясціцы – ў Полацкім ваяводстве ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) – у складзе Расійскай імперыі. З 1776 г. – у Дрысенскім павеце Полацкай, з 1802 г. – у Віцебскай губерні.
У вайну 1812 г. каля вёскі 30 ліпеня – 1 жнівеня адбыліся баі паміж рускімі войскамі корпуса генерала П. Х. Вітгенштэйна і французскімі войскамі корпуса маршала Удзіна. У бітве пад Клясціцамі прымалі ўдзел каля 17 тысяч рускіх войскаў, якія нанеслі паражэнне 20-тысячнаму французскаму корпусу. Гэта быў першы поспех рускай арміі ў пачатку вайны 1812 г. У гонар перамогі пад Клясціцамі адзін з рускіх палкоў атрымаў назву «Клясціцкі». Полк меў свой знак і афіцыйна называўся «6-ы гусарскі Клясціцкі генерала Кульнева полк». Гэта быў адзіны выпадак у рускай арміі, калі імя невялікай вёскі было прысвоена вайсковаму падраздзяленню.
З сакавіка 1924 г. – у БССР. У Вялікую Айчынную вайну з 15 ліпеня 1941 г. па 12 чэрвеня 1944 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
З 20 жніўня 1924 г. – цэнтр Клясціцкага сельсавета ў Расонскім раёне Полацкай акругі (да 26 ліпеня 1930 г.), з 21 чэрвеня 1935 г. – у Расонскім раёне Полацкай акругі, з 20 лютага 1938 г. – у Віцебскай, з 20 верасня 1944 г. – у Полацкай, з 8 студзеня 1954 г. – у Віцебскай абласцях. З 25 снежня 1962 г. – у Верхнядзвінскім, з 6 студзеня 1965 г. – у Расонскім раёнах.
З 2006 г. – аграгарадок. У 2010 г. – 368 гаспадарак, 846 жыхароў, цэнтр СПК «Клясціцы». Дзейнічаюць ГЭС, 3 лясніцтвы, дзіцячы сад, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, аптэка, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны, кафэ-бар.
Ёсць брацкая магіла 60 савецкіх воінаў і партызан. У 1947 г. на магіле ўстаноўлены абеліск; помнік партызанам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну.
У 1857 г. у Клясціцах недалёка ад царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла быў устаноўлены помнік у гонар знакамітай бітвы 1812 г. У 1939 г. помнік быў разбураны. На гэтым месцы быў устаноўлены валун з памятнай таблічкай.
У 1962 г. у цэнтры вёскі быў устаноўлены помнік у гонар 150-годдзя перамогі рускіх войскаў у Клясціцкіх баях 1812 г. Праз некалькі дзесяцігоддзяў помнік прыйшоў у непрыгоднасць. У 1992 г. у Клясціцах пастаўлены манумент у гонар двух войнаў – 1812 г. і 1941–1945 гг. Часткай гэтага комплексу стала бетонная кампазіцыя ў выглядзе даты «1812» чырвонага колеру.
22 красавіка 2016 г. устаноўлена памятная таблічка на каравульным доме, пабудаваным для аховы помніка-капліцы ў гонар герояў клясціцкіх перамог у вайне 1812 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Бородулькина, А. Мраморная плита вместо... порога / А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2014. –11 кастр. – С. 8.
2. Во имя славных защитников Родины / подгот.Т. Лопатина // Голас Расоншчыны. – 2015. –16 мая. – С. 9.
3. Война 1812 года: в Клястицах всё дышит историей / подгот.Т. Лопатина // Голас Расоншчыны. – 2014. –22 лют. – С. 11.
4. Жучкевич, В. А. Клястицы / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 163.
4. Клястицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П.Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 496–497.
5. Расоншчына ў Айчыннай вайне 1812 г. // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 38–41.