Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Межава, а. г., Аршанскі раён

 

Назва Межава 
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  аграгарадок 
Вобласць Віцебская 
Раён Аршанскі 
Сельскі савет Межаўскі 
Дата заснавання 1501
Тапанімічнае паходжанне назвы назва паходзіць ад слова «мяжа»

 

Вёска Межава (з 2007 года аграгарадок) – цэнтр Межаўскага сельскага Савета. Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад г. Орша. Вёска стаіць у верхнім цячэнні невялікай ракі Скуп'я, правага прытока р. Аршыца. Бліжэйшыя чыгуначныя станцыі – Юрцава (за 5 км) і Стайкі (за 7 км) на лініі Орша – Віцебск. У 5 км ад Межава праходзіць аўтамагістраль М1. Аграгарадок з ёй і з навакольнымі вёскамі злучаны мясцовымі дарогамі.

Побач з вёскай захавалася вялікая колькасць курганоў часоў крывічоў. Першае пісьмовае ўпамінанне паселішча Мяжова, Мяжоў адносіцца да 1501 года, згадана ў Літоўскай метрыцы, як маёнтак, падараваны вялікім князем Аляксандрам Пятру Фурсу. На працягу стагоддзяў уладальнікі мяняліся... У свой час гэтай зямлёй валодаў князь Заслаўскі, які пашыраў свае аршанскія маёнткі. Потым Межава было ва ўладзе Яна Глебавіча герба Ляліва, і перайшло да сына Іаана Глебавіча і Ганны Заслаўскай Яна Янавіча Глябовіча. У 1567 годзе – маёнтак ва ўладанні Я. Сіняўскага ў Аршанскім павеце Вялікага княства Літоўскага. У канцы XVII ст. Межава згадваецца як мястэчка. У гэты час яно належала Сапегам. У 1760 г. яно ўказваецца як уласнасць Антона Марціна Храпавіцкага. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Межава апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Кацярына II падарыла Межава разам з мноствам навакольных вёсак свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну, а ў 1783 годзе Межава перайшло польскаму магнату Францішку Ксаверыю Любамірскаму, які перайшоў на рускую службу. У 1792 годзе мястэчка ў складзе маёнтка Межаўскі Ключ Любамірскіх. Пасля смерці Любамірскага Межава перайшло да яго сына Канстанціна. У 1830 годзе ў вёсцы пачалося будаўніцтва бровара і спіртзавода (будынкі часткова захаваліся).

У XVIII ст. у мястэчку была пабудавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы. У 1839 годзе гэтая царква была перададзена праваслаўным, як і мноства іншых храмаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1879 годзе ў мястэчку было 23 двары, 150 жыхароў. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уласнасць Лубянскіх. У 1885 годзе вёска была аднесена да Машкоўскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні.

У 1886 годзе ў Межава была пабудавана новая, каменная, праваслаўная царква Уваскрасення (па іншых дадзеных – Пакроўская). У 1889 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа. У канцы ХІХ ст. тут дзейнічалі вадзяны млын, смалакурны завод, хлебазапасны магазін, існаваў скураны промысел.

Пасля смерці Канстанціна Любамірскага Межава стала ўладаннем яго дачкі Ганны, якая выйшла замуж за графа Лубенскага. Межава ў канцы XIX – пачатку XX стст. належала Лубенскім і Дзеражынскім. У гэты час тут была пабудавана панская сядзіба ў стылі мадэрн, якая займала плошчу каля 12 га. У цэнтры сядзібы размяшчаўся двухпавярховы мураваны дом, які акружалі пладовы сад і пейзажны парк (разбіты ў 1901 г.). У парку былі пасаджаны дрэвы і кусты розных парод – лістоўніца еўрапейская, піхта сібірская, хвоя звычайная, мурэя і інш. Сядзіба і парк захаваліся і з'яўляюцца помнікам архітэктуры і садова-паркавага мастацтва. У савецкі час тут размяшчаўся клуб і адміністрацыйныя памяшканні, зараз у памяшканнях сядзібы арганізаваны праваслаўная царква (царква Серафіма Сароўскага), сельскі клуб і крама. Парк пры сядзібе лічыцца самым прыгожым паркам Аршанскай зямлі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўстанаўлення ў Межава савецкай улады праваслаўная царква была зачынена і ў ёй адкрыта працоўная школа 1-й ступені, дзе ў 1923 годзе вучыліся 82 хлопчыкі і 28 дзяўчынак. Але з 1942 па 1952 гг. царква зноў дзейнічала, а ў 1952 годзе зачынена канчаткова і з тых часоў паступова разбуралася. Цяпер знаходзіцца ў зруйнаваным стане. У 1930 годзе хуткімі тэмпамі праходзіла калектывізацыя, было калектызавана 90–100% насельніцтва. У былым маёнтку створаны саўгас «Межава», які аб'яднаў 5 двароў, 185 жыхароў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы размяшчаўся нямецкі батальён 286-й ахоўнай дывізіі. Для барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі дзейнічала падпольная група. Многія жыхары вёскі ў сакавіку–красавіку 1942 года ўступілі ў партызанскі атрад. Падчас вайны загінулі 124 жыхары вёскі, быў разбураны спіртзавод. У Межава знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў 1941–1944 гг. Сярод пахаваных – камандзір атрада «Знішчальнік» 1-й партызанскай брыгады імя К. С. Заслонава Д. Я. Касачоў. Помнік на магіле – скульптура воіна і абеліск былі ўстаноўлены ў 1966 і 1973 гг.

У 1967 годзе пасёлак эксперыментальнай базы «Межава» і вёска зліты ў адзіны населены пункт, схема планіроўкі якога была зацверджана ў 1963–1964 гг. Зараз на тэрыторыі Межаўскага сельсавета размешчаны РУСП «Межава–Агра», РУСП «Аршанскае племпрадпрыемства», падсобная гаспадарка ўстановы адукацыі «Высоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці», яслі-сад, сярэдняя школа, бальніца, аптэка, клуб, бібліятэка, пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне сувязі, магазін. У 2022 годзе рашэннем Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Межаўскай сярэдняй школе было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Іванавіча Альхоўскага і адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар гэтай падзеі.

 

Садова-паркавы ансамбль Лубенскіх. Частка сядзібы, пераабсталяваная ў праваслаўны храм. Фатаграфія з сайта https://vitvesti.byПамятны знак у гонар заснавання Межава. Фатаграфія з сайта https://vitvesti.byРэшткі царквы ў імя Покрыва Прасвятой Багародзіцы (Свята-Уваскрасенская царква). Фатаграфія з сайта https://vitvesti.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Вишневский, В. Межевская земля / В. Вишневский // Аршанская газета. – 2023. – 11 студз. – С. 15.

2. Кавалеўскі, С. Сведкі даўніны / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2016. – 26 янв. – С. 5.

3. Косинец, И. Тени прошлого в старом парке / И. Косинец // Аршанская газета. – 2020. – 23 мая. – С. 8.

4. Лебедева, О. Межево: тайны пяти веков / О. Лебедева // Витебские вести. – 2021. – 24 апр. – С. 12.

5. Межава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : у 10 т. / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.] ; пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2018. – Т. 10 : Віцебская вобласць. – Кн. 1. – С. 153–154.

6. Окно в глубинку. Межево / подгот. И. Косинец // Аршанская газета. – 2017. – 29 ліп. – С. 3.

7. Рублеўская, Л. Межава: два лётчыкі-героі, каменныя крыжы і забытыя храмы / Л. Рублеўская // Звязда. – 2023. – 14 сак. – С. 13.

8. Слепцов, С. Мемориальная доска герою / С. Слепцов // Аршанская газета. – 2022. – 30 лістап. – С. 4.

9. Шурдукова, А. На небесных перекрестках / А. Шурдукова // Аршанская газета. – 2015. – 11 ліп. – С. 4.


СПАСЫЛКІ

Сядзіба. Аршанскі раён, в. Межава

Межава, парк пейзажны. Аршанскі раён