Народная творчасць. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 12.11.2018 12:23
- Адноўлена 02.05.2019 14:22
У раёне працуюць фальклорныя калектывы, якія займаюцца адраджэннем нацыянальнай культуры: фальклорны гурт «Аношкі» (Велеўшчына), фальклорна-кулінарны калектыў «Стайскія прысмакі» (Стаі), фальклорны гурт «Спадчына» (Стаі) і іншыя.
У Лепельскім раёне захаваны традыцыйныя святы «Каляды», «Купалле», народны абрад «Жаніцьба Цярэшкі», якому прысвоены статус нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі.
З мэтай вывучэння мясцовых народных святаў, абрадаў і звычаяў, фонафіксацыі твораў вуснай народнай творчасці, выяўлення носьбітаў фальклору і народных майстроў работнікамі фальклорна-краязнаўчага аддзела РНМЦ штогод наладжваюцца экспедыцыі. Матэрыялы, сабраныя падчас экспедыцый, сістэматызуюцца, апрацоўваюцца і захоўваюцца ў фальклорна-краязнаўчым аддзеле РНМЦ.
Шмат было запісана твораў краязнаўцам І. Янушам. Сярод іх многа лірычных і сямейна-бытавых песен, дзе гучыць пратэст супраць дэспатызму мужа і бяспраўя жанчыны. У адной з іх маці пытаецца ў дачкі:
«А ці, дачушка, сем год балела?
Чаму, дачушка, гэтак шчарнела?
Мамулька мая – а ні гадочка,
Шчарнела дужа з благім мужам».
Частка песень апавядае пра сірот, іх цяжкі лёс і нядолю:
«Усе кажуць: «дамоў, дамоў»,
А мне дамоў не хочацца.
А чаго ж я дамоў пайду?
Каго я дома найду?
У мяне ж дома не мамачка,
І не скажа «дзіцятачка»,
І не скажа «ўмарылася»,
А скажа «лянілася».
І не скажа «сесці, з'есці»,
Загадае хатку месці».
Многія песні нашых продкаў былі звязаны са спецыфікай земляробчага календара і мелі мэту пасадзейнічаць дабрабыту селяніна, высокаму ўраджаю. У зімовы і веснавы перыяд сюды ўваходзілі калядкі, шчадроўкі, валачобныя песні, якія спяваліся ў час абходу гуртам моладзі сялянскіх двароў. Падышоўшы да хаты, калядоўшчыкі, валачобнікі спявалі звычайна велічальныя песні, у якіх ухваляліся, ідэалізаваліся гаспадар, гаспадыня, іх дзеці:
«Валачобнічкі валачыліся,
Валачыліся, ды намачыліся.
Дзень добры, таму, хто ў гэтым даму.
Гаспадарочак, добры жанішочак,
Ці спіш, ці ляжыш, ці адпачываеш?
А калі ты спіш – Бог жа з табою,
А калі ляжыш – гукай са мною,
Масці кладачку, заві ў хатачку.
А мы ж госцікі небывалыя,
А мы ж госцікі – адзін раз у год».
Пашыранай тэмай восеньскіх песень было будучае замужжа дзяўчат, іх глыбокія перажыванні:
«А ці будзеш, мая матулька, тужыці,
Як пайду я чужому татку служыці?
А ці ўспомніш пра мяне, пра маладу,
А як пойдзеш у халодну зімку па ваду?»
Аб няпростай долі нявесткі ў чужой сям'і расказваецца ў наступнай песні, бо свякроў ніколі не заменіць маці:
«А мы паедзем горы-даліны раўнаваць,
А мы ж пакінем сваю Валечку гараваць.
Гаруй, гаруй, наша Валечка, кайся,
А як прыедзеш да матульцы ў госці – не жалься!»
Цяжка стрымаць слёзы, не ўзрушыцца душой, як перажывалі страту блізкіх:
«У чацвяржок рана хмарна сонейка ўсхадзіла,
А там Валечка па магільнічку хадзіла,
Свайго татулечку на вяселейка прасіла:
«Прашу, татачка, работачкі рабіці,
Прашу, татачка, парадачак вадзіці
У маім даму няма парадачку нічаму».
У час святкавання нараджэння дзіцяці выконваліся радзінныя, часта велічальныя песні, у якіх услаўлялася парадзіха, бацька дзіцяці, бабка-павітуха:
«Рана Валечка ўзнялася, свайго Колечку будзіць:
– Устань, Колечка, устань, душачка!
Запалі ты мне лучыначку,
Ці не даў нам Бог дзяўчыначку?»
Такім чынам, нават з гэтага кароткага агляду фальклорнай спадчыны Лепельшчыны бачна, наколькі яна багатая і разнастайная.
ЛІТАРАТУРА
1. Грышчук, А. «Спадчына» мудрасці народнай / А. Грышчук // Лепельскі край. – 2009. – 7 ліп. – С. 3.
2. Пшонка, Т. Асаблівасці выкарыстоўвання традыцыйнай ежы ў святах народнага календара Лепельшчыны / Т. Пшонка // Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Віцебск : УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2007. – С. 219–224.
3. Пшонка, Т. Асаблівасці каляндарнай абраднасці на Лепельшчыне / Т. Пшонка // Краязнаўчая газета. – 2004. – № 44 (лістап.). – С. 7.
4. Фальклорны гурт «Спадчына» // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 595.
5. Януш, І. Фальклорная крыніца / І. Януш // Лепельскі край. – 2003. – 5 верас. – С. 2.