Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Спіс помнікаў археалогіі. Лепельскі раён

 

arrow Гарадзішча за 0,2 км ад в. Азерцы

Знаходзіцца за 0,2 км на ўсход ад вёскі, на адным з падоўжаных узгоркаў. З поўначы і паўднёвага захаду абмежавана 2 азёрамі. Пляцоўка здзірванелая, роўная, авальная ў плане, памер 70х55 м. Схілы гарадзішча ў іх верхняй частцы вельмі стромкія, у ніжняй – пакатыя. У 1972 годзе даследаваў А. Р. Мітрафанаў. Культурны пласт у агаленнях заходняга і паўночнага схілаў 1,3–1,4 м. У цэнтры пляцоўкі быў закладзены шурф памерам 0,5х0,25 м. Культурны пласт 1,1 м, мае два гарызонты. У верхнім гарызонце знойдзены абломкі ганчарнага посуду, 2 невялікія абломкі ляпных з жарствой у гліняным цесце гаршкоў; у ніжнім – рэшткі ляпных гладкасценных пасудзін. Акрамя керамікі трапляецца шлак, абпаленыя камяні, косці жывёл. Значная магутнасць культурнага пласта і разначасовасць керамікі сведчаць аб тым, што гарадзішча функцыяніравала вельмі доўга: у час днепра-дзвінскай культуры (не пазней III–IV стст.), культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VI–VIII стст.) і ў час Кіеўскай Русі (X–XIII стст.).

arrow Гарадзішча за 1 км ад в. Бораўна

Знаходзіцца за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, на ўзгорку карэннага берага безыменнай рэчкі. Схілы гарадзішча стромкія, вышынёй з боку рэчкі (паўночны і часткова паўночна-ўсходні) каля 10 м, астатнія 3–6 м. 3 напольнага (паўднёвага) боку, дзе схіл ад асновы вала не вышэй за 3 м, гарадзішча ўмацавана валам шырынёй да 8–9 м каля асновы і вышынёй да 2,2 м. Пляцоўка разам з валам амаль круглая, памерам 37х35 м. Захаванасць гарадзішча добрая. Пляцоўка і схілы здзірванелыя. Выявіў у 1972 годзе і даследаваў у 1972 і 1976 гг. А. Р. Мітрафанаў. Таўшчыня культурнага пласта ў цэнтры – 0,2–0,3 м, каля вала 1 м. У раскопе плошчай каля 100 м2 знойдзены абломкі ляпной керамікі, жалезны серп, шлакі, косці жывёл, рэшткі ляпных гаршкоў VI–VIII стст., выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі і гаспадарчых ям. Адносіцца да днепра-дзвінскай (III–V стст. н. э.) і тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VI–VIII стст. н. э.) культур.

arrow Гарадзішча за 0,1 км ад в. Верабкі

Знаходзіцца за 0,1 км на ўсход ад вёскі на падоўжаным узгорку (гара Плоская), на правым беразе ракі Бярэшча. Пляцоўка гарадзішча роўная, з невялікім нахілам на ўсход, здзірванелая, зарасла хвойнікам і хмызняком. Даўжыня з захаду на ўсход 68 м, максімальная шырыня 40 м, мінімальная – 26 м. Вышыня схілаў да 12 м, паўночны і паўднёвы стромкія, усходні адносна пакаты. 3 заходняга боку пляцоўка гарадзішча ўмацавана валам і шырокім ровам. Шырыня вала ў аснове да 9 м, вышыня 1,1 м. 3 боку пляцоўкі схілы вала пакатыя, з боку рова – стромкія. Глыбіня рова не менш за 10 м, шырыня да 20 м. Выявіў у 1931 годзе А. М. Ляўданскі, абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Культурны пласт у цэнтры 0,2–0,3 м, бліжэй да краёў каля 1 м, добра прасочваецца па ўсёй пляцоўцы. Трапляюцца абломкі штрыхаваных пасудзін, кавалкі жалезнага шлаку і абпаленыя камяні. Характар керамікі (дамешак жарствы, вострарабрыстая форма пасудзін, параўнальна добрае абпальванне) дае магчымасць датаваць гарадзішча I–III стст. н. э. і аднесці яго да культуры штрыхаванай керамікі.

arrow Гарадзішча за 3 км ад в. Ворань

Знаходзіцца за 3 км на захад ад вёскі, у лесе, на беразе возера Азяруты, ва ўрочышчы Ручаўшчына, на падоўжаным узгорку. Пляцоўка ў плане авальная, памерам 50х31 м, здзірванелая, зарасла мяшаным лесам і хмызняком. Схілы стромкія, вышыня паўночна-заходніх 10–12 м, астатніх – 6–8 м. 3 паўночнага і паўночна-ўсходняга бакоў гарадзішча невялікая тэраса шырынёй каля 8 м, якая ляжыць ніжэй пляцоўкі на 5–6 м. Не выключана, што гэта рэшткі вала і апоўзлага рова. Выявіў у 1867 годзе А. М. Семянтоўскі. Aбследавалі: А. М. Ляўданскі (1931), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ю. А. Заяц (1981). Культурны пласт не перавышае 0,5 м. У паўночна-ўсходняй частцы пляцоўкі закладзены шурф (0,25х0,25 м). Знойдзены дробныя абломкі ляпнога посуду. Гарадзішча адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, датуецца IV–I стст. да н. э.

arrow Гарадзішча за 0,3 км ад в. Гарадзінец

Знаходзіцца за 0,3 км на паўночны ўсход ад вёскі, на левым беразе ракі Талпянская. Пляцоўка амаль круглая, дыяметрам каля 25 м. Выявіў у 1966 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Гарадзішча за 1 км ад в. Забаенне

Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі, на гары. Пляцоўка авальная, памерам 35x20 м. Умацавана валам вышынёй 1,8 м і ровам глыбінёй 1,3 м. Абследавалі ў 1931 годзе А. М. Ляўданскі, у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Знойдзены шлакі і абломкі штрыхаваных гліняных пасудзін. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, датуецца III–IV стст.

arrow Гарадзішча за 0,5 км ад в. Загліннікі

Вядома пад назвай Замак. Знаходзіцца за 0,5 км на захад ад вёскі. Пляцоўка памерам 70х85 м. Умацавана ровам глыбінёй да 1,5–2 м. Абследавалі Г. В. Штыхаў (1965) і А. Р. Мітрафанаў (1972). Культурны пласт 0,3 м добра акрэслены. Рэчаў не знойдзена.

arrow Гарадзішча за 1,5 км ад в. Загліннікі

Знаходзіцца за 1,5 км ад вёскі, за безыменным ручаём, які ўпадае ў раку Эса. Пляцоўка памерам 40x35 м. Абследавалі Г. В. Штыхаў (1965) і А. Р. Мітрафанаў (1972). У культурным пласце знойдзена ляпная кераміка (не пазней III–IV стст. н. э.), якая адносіцца да днепра-дзвінскай культуры.

arrow Гарадзішча за 1,5 км ад в. Звязда

Вядома пад назвай Аўгустова. Знаходзіцца за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Піўніца. Размешчана на нізкім пакатым мысе, які ўразаецца ў моцна забалочаную пойму азёр Тэкліц і Луконец. Умацаванняў няма. Пляцоўка амаль круглая, памерам 60х70 м, зрытая акопамі. Абследаваў у 1931 годзе А. М. Ляўданскі, невялікія раскопкі ў 1953 годзе праводзіў А. Р. Мітрафанаў. Культурны пласт 0,3 м на пляцоўцы і на схілах чорнага колеру. Знойдзены абломкі штрыхаванай керамікі (па форме аналагічнай днепра-дзвінскай культуры), жалезная сякера, дроцік з шыпамі (па форме аналагічны дроцікам познескіфскага часу; IV–III стст. да н. э.), серп, 2 рыбалоўныя кручкі, жалезны шлак, 4 гліняныя прасліцы, касцяная праколка, косці свойскіх і дзікіх жывёл. Абследаваў у 1981 годзе Ю. А. Заяц. Датуецца IV–I стст. да н. э.

arrow Гарадзішча ў аг. Камень

Знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка, каля развілкі дарог, на высокім (да 15 м ад асновы) крутым узгорку на беразе возера Каменскае. Абследавалі ў 1956–1957 гг. Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1981 годзе Ю. А. Заяц. Культурны пласт 0,8–1 м. Знойдзена ляпная і ганчарная кераміка. Гарадзішча было заселена двойчы: не пазней VI–VIII стст. і ў XII–XIII стст. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Гарадзішча за 1,5 км ад в. Кастрыца

Вядома пад назвай Царкавішча. Знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на ўзгорку вышынёй да 20 м, які мае стромкія схілы. Пляцоўка ў плане авальная, памерам 44x24 м. У 1965 годзе раскопкі праводзілі Г. В. Штыхаў і К. П. Шут. Абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Культурны пласт у цэнтры пляцоўкі 0,2–0,4 м, па краях 1 м. Мае 3 гарызонты. У ніжнім выяўлены сляды жытлаў слупавой канструкцыі, агнішча з камянёў, рэшткі майстэрні, у якой здабывалі і апрацоўвалі жалеза. Унутры майстэрні (яе ніжняя частка на 0,7–0,8 м паглыблена ў зямлю) былі каменнае кавадла, шлак і акаліна. Знойдзены жалезныя нажы, сярпы, касцяныя праколкі, амулет з мядзвежага ікла, гліняныя прасліцы, тыглі для плаўкі бронзы, каменныя зерняцёркі, тачыльныя камяні і гліняныя пасудзіны (слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавых форм) днепра-дзвінскай культуры. У сярэднім гарызонце знойдзены жалезныя сякеры, сярпы, рыбалоўныя кручкі, наканечнік кап'я, бронзавыя падвескі, іголка, шмат абломкаў гліняных пасудзін, характэрных для культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны. У верхнім гарызонце знойдзены спружынныя пажніцы, зубіла, нажы, тачыльныя брускі, прасліца, каменныя таўкачы, ганчарная кераміка. Адносіцца да эпохі Кіеўскай Русі.

arrow Гарадзішча ля в. Куляшы

Знаходіцца каля вёскі, ва ўрочышчы Дубок, на пакатым узгорку левага берага ракі Эса. Пляцоўка авальная, памерам 40x25 м. Культурны пласт на пляцоўцы і на схілах цёмна-шэрага і чорнага колеру. Абследаваў у 1931 годзе А. М. Ляўданскі. Знойдзены абломкі ляпных пасудзін, шлак і косці жывёл. У 1972 годзе абследаваў А. Р. Мітрафанаў. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі. Датуецца IV–I стст. да н. э.

arrow Гарадзішча за 2,5 км ад г. Лепель

Вядома пад назвай Гарадок. Знаходзіцца за 2,5 км на захад ад горада Лепель, каля былой вёскі Гарадок. Пляцоўка амаль круглай формы, памерамі 40х38 м, умацавана валам вышынёй 1,2–1,5 м, шырынёй 7–10 м. Культурны пласт чорнага колеру, месцамі дасягае 1 м таўшчыні. У 1931 годзе абследаваў А. М. Ляўданскі, у 1972 – А. Р. Мітрафанаў. Знойдзены абломкі ляпной гладкасценнай і штрыхаванай верхняй керамікі, кавалкі жужалю, абломкі печаў-домніц, косткі свойскіх і дзікіх жывёл. Датуецца III–IV стст. н. э., адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі.

arrow Гарадзішча на невялікім востраве воз. Лепельскае

Пляцоўка круглай формы, дыяметрам 60 м, вышынёй 1,5 м. Абследавалі: А. М. Ляўданскі (1931), Г. В. Штыхаў (1969), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ю. А. Заяц (1981). Знойдзена ляпная кераміка са штрыхаванай паверхняй. Датуецца III–IV стст. н. э., адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі.

arrow Гарадзішча на высокім пагорку вострава воз. Лепельскае

Знаходзіцца на высокім (вышыня 10–15 м) пагорку ў паўднёвай частцы вострава возера Лепельскае. Пляцоўка авальная, памерамі 37х44 м, пашкоджана сярэдневяковымі і сучаснымі могілкамі. У цэнтры пляцоўкі захаваліся 2 каменныя крыжы. 3 паўднёвага боку, каля падэшвы, прасочваюцца рэшткі вала вышынёй да 1 м, шырынёй да 3 м. У 2008 годзе З. А. Харытановіч даследавала 48 м2. Выяўлена 7 пахаванняў сярэдневяковага часу. Знойдзены фрагменты ляпной гладкасценнай і штрыхаванай керамікі днепра-дзвінскай культуры, развал гаршка з глянцаванай паверхняй, фрагменты гліняных грузікаў (адзін з кропкавым арнаментам), прасліцы (з лінейным і кропкавым арнаментам), жалезныя серп усходне-літоўскага тыпу, фрагмент наканечніка двухшыпнага дроціка, абломак каменнай сякеры-кліна, бронзавыя скроневыя кольцы. Датуецца мяжой н. э. – 2-й чвэрцю I-га тысячагоддзя.

arrow Гарадзішча за 0,2 км ад в. Свядзіца

Вядома пад назвай Батарэя. Знаходзіцца за 0,2 км на паўночны ўсход ад безыменнага возера, у лесе, ва ўрочышчы Гогаль. Размешчана на высокім прадаўгаватым узгорку, на карэнным беразе ракі Прудок, якая амывае гарадзішча з поўначы. 3 захаду, паўночнага захаду і паўднёвага захаду гарадзішча ўмацавана валамі шырынёй у аснове 6–8 м, вышынёй 1 м і равамі глыбінёй 1 м. Гарадзішча грушападобнай формы, мае стромкія схілы вышынёй 7–15 м. Пляцоўка даўжынёй 60 м, шырынёй у заходняй частцы 12 м, ва ўсходняй 6–7 м. Абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Гарадзішча адносіцца да сярэднявечча. Аб гэтым сведчыць яго своеасаблівая форма і сістэма земляных умацаванняў: тры абарончыя лініі – валы і равы.

arrow Гарадзішча за 2 км ад в. Стараселле

Знаходзіцца за 2 км ад заходняй ускраіны вёскі, ва ўрочышчы Гарадзішча, на ўзгорку, за 0,2 км ад возера Неграза. Пляцоўка роўная, авальная, памерам 37х33 м, запятая старымі могілкамі. Магільныя ўзгоркі не прасочваюцца. На пляцоўцы шмат камянёў (многія пастаўлены вертыкальна) і каменных крыжоў. Вышыня ўзгорка, на якім размешчана гарадзішча, з паўночнага і паўднёвага бакоў не менш за 10 м, з усходняга і заходняга – 6–7 м, стромкасць схілаў 40–45°. Землянымі валамі і равамі не ўмацавана. Абследавалі: А. М. Ляўданскі (1931), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ю. А. Заяц (1981). Культурны пласт не менш 1 м прасочваецца на ўсёй пляцоўцы і на схілах. Знойдзены абломкі штрыхаваных гліняных пасудзін, абпаленыя камяні. Гарадзішча – адно з ранніх пасяленняў культуры штрыхаванай керамікі. Аб гэтым сведчаць адсутнасць штучных умацаванняў і характар керамікі. Датуецца V–III стст. да н. э.

arrow Гарадзішча ля в. Стары Лепель

Насупраць вёскі, на востраве плошчай каля 25 га. Займае адзін з пагоркаў. Адкрыў у 1969 годзе Г. В. Штыхаў. Абследавалі ў 1969 і 1979 гг. М. А. Ткачоў, у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1981 г. Ю. А. Заяц. Пашкоджана больш познім могільнікам. У абрыве пляцоўкі, падмытай возерам, знойдзена ляпная штрыхаваная кераміка, косці жывёл, абпаленыя камяні, вуголле, шлак. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, датуецца III–IV стст.

arrow Курган за 1,5 км ад в. Загліннікі

Знаходзіцца за 1,5 км ад вёскі, справа ад дарогі ў вёску Дрымаўшчына. Дыяметр 7 м, вышыня 1,5 м. Выявіў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў.

arrow Курган за 0,5 км ад в. Звязда

Знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, каля дарогі, што вядзе да ўрочышча Піўніца. Насып падоўжанай формы, памерам 10,5х6,5 м, вышынёй 1,4 м. Захаванасць добрая. Курган зарос дрэвамі і хмызняком. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе Ю. А. Заяц.

arrow Курган у в. Навасёлкі

Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Насып вышынёй 3 м, дыяметрам 10 м. Выявіў і абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў.

arrow Курганны могільнік у в. Ассё

Знаходзіцца на ўсходняй украіне вёскі, у лесе, у 12-м квартале Заазерскага лясніцтва. Зберагліся 2 насыпы. Адзін вышынёй 1,5 м, дыяметрам 7 м, другі вышынёй 2 м, дыяметрам 8 м. Выявіў і абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Бор

Мясцовая назва – Валатоўкі. Знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад вёскі, каля дарогі. Зберагліся два насыпы вышынёй да 2 м, дыяметрам 8–10 м. Выявіў у 1956 годзе Л. В. Аляксееў, абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1981 годзе – Ю. А. Заяц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 0,8 км ад в. Бор

Знаходзіцца за 0,8 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе. 8 насыпаў вышынёй 0,5–1,2 м, дыяметрам 4–7 м. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе Ю. А. Заяц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік паміж воз. Бораўна і р. Ула

Знаходзіцца непадалёку ад месца ўпадзення ў возера Лепельскае. Было 7 насыпаў. У 1860 годзе М. Ф. Кусцінскі даследаваў самы вялікі. Выяўлены трупапалажэнні мужчыны, жанчыны і дзіцяці, якія размяшчаліся на розных узроўнях насыпу. Пахавальны інвентар: бронзавыя спражка і пярсцёнкі, каралі з бісеру.

arrow Курганны могільнік ля былой в. Валатоўкі

Знаходзіцца за 3 км на поўдзень ад вёскі, на правым беразе ракі Эса, ва ўрочышчы Валатоўкі. 9 насыпаў дыяметрам 5–11,5 м, вышынёй 0,9–1,6 м. Насыпы пясчаныя, здзірванелыя. Вядомы з 1924 года як могільнік каля вёскі Забаенне. Абследавала ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Ворань

Знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад селішча, ва ўрочышчы Аўсянікі (былы хутар). Больш за 100 насыпаў, у плане круглыя. Захаванасць курганоў добрая. Насыпы здзірванелыя. Каля 30 курганоў вялікія, дыяметрам 20–25 м, вышынёй 4–5 м. Астатнія дыяметрам 5–13 м, вышынёй 0,5–2,5 м. Выявіў і зрабіў раскопкі ў 1867 годзе М. Ф. Кусцінскі. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Пахавальны абрад – трупапалажэнне, знойдзены два сярэбраныя скроневыя кольцы з напускнымі паставымі пацеркамі, жалезны нож, апрацаваныя крэмнекрэсівы. Могільнік датуецца XI–XII стст.

arrow Курганны могільнік за 0,2 км ад в. Гарадзінец

Знаходзіцца на тэрыторыі селішча. 2 курганы дыяметрам да 8 м, вышынёй 1,5 м і 1,7 м. Выявіў у 1966 годзе Г. В. Штыхаў, абследаваў у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. Раскопкі не праводзіліся.

 arrow Курганны могільнік у в. Глыбочыца

Знаходзіцца ва ўрочышчы Княгінкі, на беразе возера Глыбочыца. Захавалася 6 курганоў дыяметрам не менш за 10 м, вышынёй 1,5–2 м. У 1859 годзе некалькі курганоў раскапаў М. Ф.т Кусцінскі. Знойдзены жалезныя сякеры, коп'і, драцяны бранзалет з нанізанымі на яго паставымі пацеркамі. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. Адзін курган у 1951 годзе раскапаў А. Р. Мітрафанаў. Пад курганным насыпам знойдзены жаночае пахаванне, шкляныя пацеркі з пазалотай (XII ст.), бронзавая пацерка ў тэхніцы скані, на скронях – драцяное кольца з пятлёй на адным канцы і кручком на другім (XII–XIII стст.).

arrow Курганны могільнік за за 0,3 км ад в. Домжарыцы

Знаходіцца за 0,3 км на поўнач ад вёскі, абапал прасёлачнай дарогі. 200 насыпаў вышынёй 0,3–1,5 м, дыяметрам 3–8 м. Тры курганы абследаваў і раскапаў у 1931 годзе А. М. Ляўданскі, 10 курганаў – у 1969 годзе Г. В. Штыхаў, у 1972 годзе курганы абследаваў А. Р. Мітрафанаў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. У 3 курганах знойдзены ляпныя і ганчарныя гаршкі, скроневыя кольцы, бронзавыя бранзалеты, шкляныя пацеркі. Адносіцца да XI ст.

arrow Курганны могільнік за 1 км ад в. Домжарыцы

Знаходзіцца за 1 км ад вёскі, справа ад шашы Мінск – Віцебск, перад паваротам на вёску Крайцы, на невысокім узгорку. 45 насыпаў дыяметрам 5–10 м, вышынёй 0,5–1,5 м. Захаванасць добрая, курганы здзірванелыя, зараслі хваёвым лесам. Абследавалі: А. М. Ляўданскі (1931), Г. В. Штыхаў (1969), А. Р. Мітрафанаў (1972). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 2 км ад в. Дрымаўшчына

Знаходзіцца за 2 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Уцечча. Да 40 насыпаў дыяметрам 5–12 м, вышынёй 0,5–2 м. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 2,1–2,15 км ад в. Дрымаўшчына

Знаходзіцца за 2,1–2,15 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Пушча, абапал дарогі, якая злучае вёску Дрымаўшчына з шашэйнай дарогай Лепель – Орша. Каля 300 насыпаў дыяметрам 5–15 м, вышынёй 0,6–2,5 м. Захаванасць насыпаў добрая. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 0,7 км ад в. Занькі

Мясцовая назва Валатоўкі. Знаходзіцца за 0,7 км на паўночны захад ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Барок і Чорная Гразь. Больш за 100 курганоў дыяметрам 5–20 м, вышынёй 0,7–4,5 м, вакол некаторых прасочваюцца раўкі. Асобныя курганы пашкоджаны. У 1853–1890 гг. М. Ф. Кусцінскі даследаваў 9 насыпаў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне, суправаджальны інвентар адсутнічаў. У 1981 годзе могільнік абследаваў Ю. А. Заяц.

arrow Курганны могільнік у в. Звязда

Знаходзіцца на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі, у лесе, на беразе возера Тэкліц. Паўднёва-ўсходняя частка могільніка занята гаспадарчымі пабудовамі. У гэтым месцы часткова або поўнасцю разбураны каля 10 насыпаў. Астатняя частка могільніка займае плошчу каля 0,5–0,6 га. Не менш як 100 курганоў дыяметрам 5–13 м, вышынёй 0,5–3 м; некаторыя курганы падоўжаныя. Абследавалі: А. М. Ляўданскі (1931), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ю. А. Заяц (1982). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 0,7 км ад в. Звязда

Знаходзіцца за 0,7 км на поўнач ад вёскі, каля дарогі, што вядзе да ўрочышча Піўніца і гарадзішча Аўгустова. 4 падоўжаныя насыпы, памерам ад 10x6 да 12x6,5 м. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе Ю. А. Заяц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 1,5 км ад в. Кастрыца

Знаходзіцца на тэрыторыі селішча, якое размешчана за 1,5 км на паўднёвы захад і мае плошчу каля 2 га. 12 курганоў дыяметрам 10–15 м, вышынёй 0.8–2 м. Выявіў у 1965 годзе К. П. Шут. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). У 1965 годзе адзін курган раскапаў Г. В. Штыхаў. Знойдзены шкляныя пацеркі, бронзавыя ўпрыгожанні. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. Належаў крывічам.

arrow Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Красналучка

Знаходзіцца за 0,5 км на поўнач і паўночны захад ад вёскі, у лесе. Больш за 300 курганоў. Больш за 30 насыпаў дыяметрам 25–30 м, вышынёй 3,5–5,5 м, дыяметр астатніх 5–10 м, вышыня 0,5–3 м. Захаванасць добрая. Вядомы з 1924 года. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік на беразе канала паміж аз. Лепельскае і Проша

Былі 3 курганы, цяпер не існуюць. У 1887 годзе М. Ф. Кусцінскі даследаваў 3 насыпы. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. У жаночым пахаванні знойдзены 2 драцяныя бронзавыя бранзалеты з нанізанымі пацеркамі, сярод якіх 2 шкляныя з пазалотай і 8 паставыя рознакаляровыя, бронзавы спіральны пярсцёнак, 7 сярэбраных скроневых пярсцёнкападобных кольцаў з разамкнутымі канцамі, 80 зялёных дробных пацерак. Датуецца XI–XII стст.

arrow Курганны могільнік у в. Несіна

Размешчаны на паўднёвай ускраіне вёскі, на паўночна-заходнім беразе возера Несіна. 4 насыпы дыяметрам 9–13 м, вышынёй 2–2,5 м. 2 авальныя памерам 8х10,5 м і 9,5х12,5 м, вышынёй 2–2,5 м. Выявіў у 1873 годзе М. Ф. Кусцінскі, абследаваў у 1981 годзе Ю. А. Заяц.

arrow Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Несіна

Знаходзіцца на 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на паўднёва-заходнім беразе возера Несіна, ва ўрочышчы Яўхімаў хутар. 7 круглых і авальных у плане курганоў. Круглыя дыяметрам 10–13 м, авальныя памерам ад 9x10 м да 14x17 м, вышынёй 0,8–3 м. Выявіў і часткова даследаваў у 1873 годзе М. Ф. Кусцінскі, абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Пахавальны абрад – трупапалажэнне. Знойдзены пярсцёнак і пазалочаная шкляная пацерка. Датуецца XI ст.

arrow Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Новыя Валосавічы

Знаходзіцца за 0,5 км на захад ад вёскі, на ўсходнім беразе штучнага вадасховішча. 10 насыпаў дыяметрам 8–10 м, вышынёй 1–2 м. Вядомы з 1924 года. Абследавалі ў 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1981 годзе Ю. А. Заяц.

arrow Курганны могільнік у в. Новыя Валосавічы

Знаходзіцца ў вёсцы на беразе сажалкі. Каля 30 насыпаў вышынёй 1–2,5 м, дыяметрам 5–15 м. Многія курганы абкладзены камянямі. Вядомы з 1924 года. Абследавалі ў 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1981 годзе Ю. А. Заяц.

arrow Курганны могільнік ля в. Свядзіца

Знаходзіцца каля вёскі, на тэрыторыі сучасных могілак і каля іх. Да 20 насыпаў дыяметрам 7–15 м, вышынёй 1,5–3 м. Вядомы з 1924 года. Абследавалі ў 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1981 годзе Ю. А. Заяц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Свядзіца

Знаходзіцца ўздоўж дарогі з вёскі Свядзіца ў вёску Кордзікі, на паўднёвым беразе возера Заходняе. 10 курганоў дыяметрам 5–15 м, вышынёй 1–3 м. Вядомы з 1924 года. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1972), А. Вайцяховіч (2017). Пашкоджаны 6 насыпаў, якія датуюцца XI–XII стст. Пахавальны абрад – трупапалажэнне на мацерыку. Пакінуты крывічамі. Знойдзены фрагмент жалезнага красала, бронзавы пярсцёнак і фрагмент бубенчыка.

arrow Курганны могільнік ля в. Слабодка

У наваколлі вёскі, у лесе, абапал дарогі Слабодка – Доўжыца. Не менш як 70 насыпаў, большасць вышынёй 0,5–2,5 м, дыяметрам 5–12 м. Абследавалі: А. М. Ляўданскі (1931), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ю. А. Заяц (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Слабодка

Знаходзіцца за 0,2 км ад курганнага могільніка (названым вышэй). Насыпы пачынаюцца каля невялікага поля, сярод лесу, цягнуцца да возера Доўгае. 30 круглых у плане курганоў вышынёй 0,6–2,5 м, дыяметрам 5–10 м. Абследавалі: А. М. Ляўданскі (1931), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ю. А. Заяц (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Слабодка

Знаходзіцца за 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, за 0,35 км ад развілкі дарог на вёскі Слабодка і Забалацце. 12 насыпаў. Большасць з іх дыяметрам 12–15 м, вышынёй 1,5–2,5 м, некалькі – дыяметрам 7–10 м, вышынёй 0,8–1,2 м. Выявіў у 1867 годзе А. М. Семянтоўскі. Абследавалі ў 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1981 годзе Ю. А. Заяц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік за 0,5 км ад в. Старыя Валосавічы

Знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі. 6 курганоў дыяметрам 7–15 м, вышынёй 1–3 м. Захаванасць добрая. Насыпы здзірванелыя. Вядомы з 1924 года. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Паселішча за 1,5 км ад в. Ворань

Знаходзіцца за1,5 км на ўсход ад вёскі, на правым беразе ракі Вароніца, за 0,3–0,5 км на поўнач ад упадзення яе ў возера Ворань. Прыблізныя памеры паселішча 50x50 м. Выявіў у 1956 годзе Л. В. Аляксееў, даследаваў у 1979 годзе Э. М. Зайкоўскі. Ускрыта 100 м2. Культурны пласт каля 0,6 м. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, ляпная кераміка з пяском у цесце, арнаментаваная прагладжанымі лініямі (эпоха позняй бронзы), кераміка культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны і сярэдневяковая.

arrow Паселішча за 1,7 км ад в. Ворань

Знаходзіцца за 1,7 км на ўсход ад вёскі, за 0,5 км ад возера Ворань. На першай надпоплаўнай тэрасе левага берага ракі Вароніца. Выявіў і даследаваў у 1979 годзе Э. М. Зайкоўскі. Ускрыта 24 м2. Культурны пласт да 0,5 м. Знаходкі трапляюцца на плошчы каля 0,5 га. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і ляпная порыстая кераміка, у асноўным неарнаментаваная (блізкая па характары да керамікі нарвонскай культуры). Адносіцца да позняга неаліту.

arrow Паселішча на заходнім беразе воз. Лепельскае

Знаходзіцца ва ўрочышчы Пясчаніца, на мысе, утвораным ручаём і берагам Лепельскага возера. Плошча 150х30 м, культурны пласт 0,2 м. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе У. П. Ксяндзоў. Знойдзены крамянёвыя прылады працы: бакавыя разцы, мікраразцы, скрэблы, вастрыі, пласціны і адшчэпы з выемкамі і рэтушшу, пласцінкі-ўкладышы, нуклеусы, адбойнікі. Адносіцца да эпохі мезаліту, датуецца IX –V тыс. н. э.

arrow Селішча за 1 км ад в. Ворань

Знаходзіцца за 1 км на ўсход ад вёскі, на беразе безыменнай рэчкі, за 0,15 км на поўнач ад месца ўпадзення яе ў возера Ворань. Плошча каля 0,5 га. Выявіў у 1867 годзе А. М. Семянтоўскі, абследавалі Л. В. Аляксееў (1956), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ю. А. Заяц (1981). Культурны пласт 0,2–0,4 м. Знойдзены абломкі ляпных гладкасценных і ганчарных пасудзін. Селішча ўзнікла на месцы стаянкі эпохі бронзы. Адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны і эпохі Кіеўскай Русі, датуецца VI–VIII стст. і IX–XI стст.

arrow Селішча за 0,2 км ад в. Гарадзінец

Знаходзіцца за 0,2 км на паўночны ўсход ад вёскі. Плошча да 0,5 га. Выявіў у 1966 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Селішча за 1,5 км ад в. Кастрыца

Знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі. Пляцоўка амаль круглая, памерам 90x85,5 м. Выявіў у 1965 годзе К. П. Шут, абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Селішча за 1,5 км ад в. Кастрыца

Знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, побач з селішчам (названым вышэй). Плошча каля 2 га. Выявіў у 1965 годзе К. П. Шут. Абследавалі А. Р. Мітрафанаў (1972) і Ю. А. Заяц (1981). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Селішча ля в. Куляшы

Знаходзіцца на пясчанай дзюне, паміж вёскай Куляшы і возерам Святое. Абследавалі А. М. Ляўданскі (1931) і А. Р. Мітрафанаў (1972). Раскопкі не праводзіліся.

arrow Селішча 3-й чвэрці I-га тыс. на востраве воз. Лепельскае

Знаходзіцца з паўднёвага боку, каля падэшвы гарадзішча на высокім пагорку ў паўднёвай частцы вострава возера Лепельскае. У 2008 годзе З. А. Харытановіч даследавала 24 м2. Знойдзены ляпная кераміка слоікавай ці слабапрафіляванай форм, кавалак донца глінянага тыгля, шлакі.

arrow Селішча XIV–XVI стст. на паўвостраве воз. Лепельскае

Знойдзены абломкі кругавой керамікі, медныя бранзалеты-змеегаловікі, пярсцёнкі, шкляныя пацеркі, жалезныя наканечнікі стрэл, шпоры, манеты.

arrow Селішча ля в. Стары Лепель

Знаходзіцца насупраць вёскі, на востраве плошчай каля 25 га і займае яго сярэдняю і паўночныя часткі. Абследавалі ў 1969 і 1970 гг. М. А. Ткачоў, у 1972 годзе А. Р. Мітрафанаў. У час шурфоўкі і ачысткі абрывістых краёў селішча знойдзена шмат ганчарнай керамікі XIV–XVI стст., медныя бранзалеты – «змеегаловікі», пярсцёнкі, шкляныя пацеркі, манеты XV–XVI стст., жалезныя наканечнікі стрэл XIV–XVI стст., шпора і іншыя рэчы. Культурны пласт 0,2–0,4 м. Атаясамліваюцца з паселішчам Лепель (Лепля).

arrow Селішча III–II тыс. да н. э. на р. Эса

Адносіцца да эпохі бронзы. Даследаванні помніка праводзіў археолаг Інстытута гісторыі Акадэміі навук Павел Кенько. Былі знойдзены рэшткі жытла, пашкоджанага агнём, кераміка, тыглі, фібула.

arrow Стаянка ля в. Окана

Знаходзіцца каля вёскі, на мысе, утвораным берагам возера Окана і ракі Оканіца. Даследавалі I. М. Ціханенкаў (1966) і М. М. Чарняўскі (1972). Культурны пласт 0,25–0,3 м. Знойдзены фрагменты гладкасценнай порыстай керамікі і крамянёвыя прылады працы, якія адносяцца да паўночна-беларускай культуры.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Вайцяховіч, А. В. Лепельскія могільнікі / А. В. Вайцяховіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 65.

2. Гарадзішчы Лепельскага раёна // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 24–29.

3. Гусева, Е. Земля курганов и капищ / Е. Гусева // Планета. – 2012. – № 11. – С. 64–71.

4. Колчына, Л. Каму ахоўваць помнiкi археалогii? / Л. Колчына, С. Зелянеўскі, У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 1999. – 12 лiстап. – С. 2.

5. Кудзін, М. Курганы-валатоўкі / М. Кудзін // Лепельскі край. – 2007. – 13 лістап. – С. 3.

6. Кусцінскі, М. «З заметак аб курганах Лепельскага павета». М. Кусцінскі, сапраўдны член імператарскага Маскоўскага Археалагічнага таварыства / М. Кусцінскі // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999.– С. 30–31.

7. Лепельскі раён // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – С. 173–175.

8. Лепельскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 271–286.

9. Лепельскі ўезд // Памятники старины Витебской губернии / соч. А. Сементовского. – СПб. : Типография К. Вульфа, 1867. – С. 19–26.

10. Памятники истории и культуры зоны Березинского канала // Березинская водная система / А. В. Стельмах. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 21–23.

11. Тухта, В. Бронзавая фібула / В. Тухта // Лепельскі край. – 2015. – 27 лют. – С. 2.

12. Тухта, В. Вялі газаправод – знайшлі пярсцёнак / В. Тухта // Лепельскі край. – 2017. – 11 крас. – С. 4.

13. Тухта, В. На берагах старажытнага возера / В. Тухта // Лепельскi край. – 2007. – 3 жн. – С. 7.

14. Тухта, В. Раскопкі старажытнага паселішча / В. Тухта // Лепельскі край. – 2013. – 9 ліп. – С. 5.

15. Харытановіч, З. А. Лепельскіе гарадзішчы і селішчы / З. А. Харытановіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 64–65.

16. Шушкевіч, А. Капішча / А. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2004. – 31 жн. – С. 2.

17. Шушкевіч, У. Археалагічныя раскопкі на востраве / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2008. – 11 ліп. – С. 7.

18. Шушкевіч, У. Знайшлі рэдкі помнік / У. Шушкевіч // Лепельскi край. – 2006. – 12 снеж. – С. 2.

19. Шушкевіч, У. Тайны аўгустоўскіх курганоў / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2001. – 23 кастр. – С. 3.

20. Шушкевіч, У. Тры гары / У. Шушкевіч // Лепельскi край. – 2007. – 16 сак. – С. 4.

21. Януш, І. Вялікі востраў / І. Януш // Лепельскі край. – 2008. – 25 крас. – С. 2.

22. Януш, І. Турыстычныя маршруты Лепельшчыны / І. Януш. // Лепельскі край. – 2006. – 4 крас. – С. 3 ; 7 крас. – С. 5 ; 11 крас. – С. 3.