Помнікі археалогіі. Талачынскі раён
- Подробности
- Створана 20.01.2020 09:34
- Адноўлена 05.03.2020 12:02
На тэрыторыі Талачынскага раёна знаходзяцца 22 помнікі археалогіі, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Самым унікальным помнікам археалогіі на Талачыншчыне з'яўляецца гарадзішча Друцк. Гэта адзінае месца ў рэспубліцы, дзе прысутнічаюць усе часткі ранняга сярэдневякоўя: дзяцінец, вакольны горад, пасад, земляныя валы, роў і курганны могільнік.
Археалагічныя раскопкі ў Друцку праводзілі А. Д. Каваленя, Л. В. Аляксееў і В. М. Ляўко. Раскопкі паказалі, што Друцк узнік у XI ст. і быў знішчаны пажарам у пачатку XVI ст.
Час ад часу ў ваколіцах Друцка вывучаліся курганныя могільнікі. Так, у 1888 годзе Е. Р. Раманаў даследаваў курганы за 7–8 км на паўночны захад ад Друцка каля в. Загараддзе. У 1930 г. А. Д. Каваленя выявіў у паўразбураным кургане, размешчаным у непасрэднай блізкасці ад дзяцінца, згніўшыя дошкі, напэўна, ад труны і косці, пад якімі на грунце прасочваўся пласток попелу.
У 1961 і 1962 гг. пад кіраўніцтвам Л. В. Аляксеева даследаваны 3 курганы каля в. Сінчукі за 500 м на ўсход ад Друцка, на процілеглым, левым беразе Друці. У 1967 годзе пачаты раскопкі курганнага могільніка каля в. Багрынава за 10–12 км на ўсход ад Друцка.
Шматгадовыя археалагічныя раскопкі ў Друцку і яго наваколлі пацвердзілі, што верхняе цячэнне ракі Друць у Х–ХІ стст. было густа заселена. Асноўным насельніцтвам краю з'яўляліся крывічы.
З даўніх часоў увагу вучоных-даследчыкаў прыцягвалі каменныя крыжы. Галошаўскі крыж (у народзе называюць Баба) лічыцца адным з самых старажытных. На цэментным пастаменце дробнымі каменчыкамі выкладзена дата – 1966 год. У гэты год, па ўспамінах людзей, крыж быў пастаўлены на сваё цяперашняе месца, а да гэтага стаяў на супрацьлеглым баку дарогі, пасля быў павалены.
На могілках каля в. Сакалянка захаваліся старадаўнія надмагільныя камяні і каменныя крыжы. Таксама каменны крыж знойдзены ў Буторах.
У 2015 годзе ля в. Харлінцы выявілі могілкі з каменнымі крыжамі.
У 1792 годзе каля в. Галошаўка быў знойдзены чарнавата-буры камень з высечаным на ўсю даўжыню крыжом і надпісам на славянскай мове: «В 6679 году месяца мая в день доспен Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову». (Дата 6679 па новым летазлічэнні адпавядае 1171 году). У 1807 годзе над ім была пабудавана царква. Падчас ваенных дзеянняў 1812 года яна была разбурана, у 1830 годзе ўзведзена капліца.
Беларускі археолаг Еўдакім Раманавіч Раманаў у с. Высокі Гарадзец адкрыў камень з паўсцёртым надпісам ХІІ ст. з перасечаным крыжом. Уяўляў глыбу чырвонага граніту. Раманаў даследаваў надпіс і склаў уцалелыя літары ў тэкст: «Господи помози рабу своему Борису». Вучоныя мяркуюць, што ён быў пастаўлены для ўвекавечання памяці князя Барыса. Па хадайніцтве Раманава магілёўскім губернатарам Зіноўевым у 1898 годзе над камнем-помнікам была пабудавана капліца, і ён такім чынам быў захаваны ад разбурэння. У дзень святога Барыса да яго арганізоўваўся хрэсны ход і адбывалася водаасвячэнне. Падчас царкоўных ганенняў камень-помнік у 1936 годзе быў узарваны, а капліца разбурана.
Спіс помнікаў археалогіі. Талачынскі раён
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамовіч, С. Каменная загадка / С. Абрамовіч // Наша Талачыншчына. – 2009. – 29 жн. – С. 3.
2. Аляксееў, Л. В. Горад на Друці / Л. В. Аляксееў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1988. – С. 34–40.
3. Бірукоў, В. Барысаў камень / В. Бірукоў, Л. Спаткай // Наша Талачыншчына. – 2009. – 1 жн. – С. 3.
4. Бирюков, В. Загадочность только добавляет азарта / В. Бирюков // Наша Талачыншчына. – 2015. – 6 мая. – С. 11.
5. Борисовы камни // Моя Толочинщина: страницы истории / А. Шнейдер. – 2-е изд, с изм. – Минск : Бизнесофсет, 2006. – С. 169–172.
6. Дучыц, Л. У. Барысавы камяні / Л. У. Дучыц, А. А. Шнэйдар // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1988. – С. 41–42.
7. Кавалеўскі, С. Галошаўскія легенды здольны зацікавіць тысячы турыстаў / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2012. – 31 студз. – С. 7.
8. Кавалеўскі, С. Легенды Галошава / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2013. – 23 нояб. – С. 10.
9. Мазур, А. Барысаў камень – цудадзейны / А. Мазур // Витебский курьер. – 2002. – 16 июл. – С. 3.
10. Пяць прычын наведаць Талачынскі раён / падрыхт. Н. Чарнічэнка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 16 февр. – С. 5–6.
11. Талачынскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 409–420.
12. Цуприянович, М. Заповедные уголки моей маленькой Родины / М. Цуприянович // Наша Талачыншчына. – 2007. – 22 верас. – С. 4.
13. Шнэйдар, А. Барысавы камяні на Талачыншчыне / А. Шнэйдар // Культура. – 2004. – 28 лют–5 сак. – С. 22.