Школа сярэдняя № 15, ДУА. Полацкі раён, г. п. Баравуха
- Подробности
- Створана 15.11.2018 08:40
- Адноўлена 27.11.2018 10:37
Сучасная назва | ДУА «Баравухская сярэдняя школа № 15» |
Тып |
дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1937 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Наваполацк, г. п. Баравуха-1 |
Сайт | https://15nov.schools.by/ |
У 1937 г. для навучання дзяцей ваеннаслужачых быў пабудаваны тыпавы будынак Баравухскай школы на тэрыторыі ваеннага гарадка. Школа была ўзведзена з чырвонай цэглы на былой пустцы, мела паравое ацяпленне. 10 класных пакояў былі прызначаныя для правядзення ўрокаў. У школе была свая бібліятэка, піянерскі пакой. Дырэктарам сямігадовай Баравухскай школы быў Трукшын, на жаль, ініцыялы не захаваліся ў архіўных дакументах.
У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі пасёлка і школы фашысты ўстроілі канцлагер. Школа стала сведкай зверскіх здзекаў над людзьмі.
Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў наступіў дзень, калі абудзілася жыццё ў школе. Яна зноў пачула вясёлы дзіцячы смех. У навучальнай установе вучыліся дзеці з Баравухі і навакольных вёсак. Пасляваенныя гады былі цяжкімі: шкло ў рамах адсутнічала, ацяплення ў будынку школы не было, вучні самі нарыхтоўвалі дровы і ацяплялі школу. Не было паперы, дзеці пісалі на газетах і папяровых мяшках. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яны вучыліся з вялікім энтузіязмам.
У 1949 г. педагагічны калектыў школы ўзнагародзілі граматай Міністэрства асветы БССР за паспяховае правядзенне спаборніцтваў па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1950 г. школа атрымлівае статус сярэдняй.
У 1954 г. школу адрамантавалі. Дзяцей у ёй вучылася мала. У першыя пасляваенныя гады іх налічвалася каля ста чалавек. У школу хадзілі дзеці з вёсак Гвоздава, Глінішча, Махірава, Залессе, Замохава (цяпер г. Наваполацк).
У 1957 г. Баравухская школа ўзнагароджана граматай РайАНА за першае месца ў раённай спартакіядзе.
У 1964 г. быў пабудаваны новы будынак Баравухской школы, у якім у цяперашні час размяшчаецца СШ № 2 г. Наваполацка.
У 1971 г. педагагічны калектыў Баравухскай школы ўзнагароджваецца Ганаровай граматай СССР за ўмелае навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.
Дырэктарамі Баравухскай школы ў розныя гады былі: Бадзерка Антон Ягоравіч (1945–1946); Радашкевіч Андрэй Арцёмавіч (1946–1949 г); Фарынка Пётр Сцяпанавіч (1949–1956); Астапаў Уладзімір Парфёнавіч (1956–1957); Осіпаў Дзмітрый Пятровіч (1957–1966); Ячмянёва Ніна Лук'янаўна (1966–1971); Кажэўнікава Майя Кірылаўна (1971–1973); Лузгін Міхаіл Міхайлавіч (1973–2011); Васкаловіч Віталь Міхайлавіч (2011–2014).
Зараз школа развіваецца і квітнее. Актыўна разгортваецца піянерскі і камсамольскі грамадскі рух. Прыярытэт у выхаванні аддаецца маральным арыенцірам грамадства. Энтузіязм педагогаў і навучэнцаў у дасягненні адзінай мэты – атрымаць добрую адукацыю – бязмежны.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. п. Баравуха-1, вуліца Базарная, д. 7 а.
ЛІТАРАТУРА
1. Дубоўская, В. Аўтамабіль для лепшай настаўніцы краіны / В. Дубоўская // Настаўніцкая газета. – 2017. – 18 лістап. – С. 1.
2. Калядзіч, Н. «Мары здзяйсняюцца, толькі трэба верыць у гэта...» / Н. Калядзіч // Настаўніцкая газета. – 2017. – 30 верас. – С. 1.
3. Кирова, О. Молодость – это состояние души / О. Кирова // Новая газета (Наваполацк). – 2013. – 26 апр. – С. 2.
4. Костюк, Ю. Архипелаг знаний / Ю. Костюк // Химик (Новополоцк). – 2004. – 19 окт. – С. 2.
5. Наумова, А. «Победу посвящаю маме» / А. Наумова // Сельская газета. – 2017. – 30 сент. – С. 9.
6. Радзько, Н. Лепшы настаўнік Беларусі / Н. Радзько // Новополоцк сегодня. – 2017. – 3 окт. – С. 1.
7. Радько, Н. Сверить часы / Н. Радько // Новополоцк сегодня. – 2017. – 26 дек. – С. 1–2.