Ліцэй дзяржаўны, ДУА. Полацкі раён, г. Наваполацк
- Подробности
- Створана 15.11.2018 08:40
- Адноўлена 15.11.2018 09:35
Сучасная назва | ДУА «Ліцэй г. Наваполацка» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1993 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Наваполацк |
Сайт | http://ngl.by/ |
Сённяшняя УА «Наваполацкі дзяржаўны ліцэй» адкрылася 1 верасня 1993 года ў Наваполацку ў будынку СШ № 10. У той час ён лічыўся ліцэем пры Полацкім дзяржаўным універсітэце. Дзверы адчынілі 5 дзясятых класаў. Заняткі праводзілі 11 педагогаў.
Стварэнне навучальнай установы новага тыпу ў горадзе дыктавалася новымі падыходамі да адукацыі: неабходнасцю профільнага навучання ў выпускных класах, сувяззю з ВНУ, узмацненнем прафарыентацыйнай работы. Профільныя класы, якія працавалі ў школах № 2, 9, 12, аб'ядналіся пад адным дахам. Такім чынам і нарадзіўся ліцэй.
Дэвізам ліцэя з'яўляецца лацінскае выслоўе «Per aspera ad astra» (Праз церні – да зорак), што адлюстроўвае сутнасць пазнавальнай дзейнасці на трэцяй, вышэйшай прыступцы школьнага навучання і падкрэслівае складанасці, якія стаяць перад педагогамі і перад ліцэістамі.
У 2005 г. рашэннем Наваполацкага гарвыканкама ліцэй атрымаў уласны будынак па адрасе: вул. Паркавая, 34
На працягу амаль 15 гадоў ва ўстанове адукацыі змяняліся профілі навучання, але традыцыйнымі засталіся фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, юрыдычны, матэматычны. Сёння там навучаецца больш за 200 чалавек.
За гады сваёй працы ліцэй выпусціў больш за паўтары тысячы навучэнцаў, з якіх 96–100% сталі студэнтамі ўніверсітэтаў і інстытутаў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Тулы, Варонежа, Смаленска, Мінска, Гомеля, Віцебска, ПДУ і іншых ВНУ. 249 ліцэістаў за выдатныя поспехі атрымалі разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі залатыя і сярэбраныя медалі.
У гады першай ліцэйскай пяцігодкі (1993–1998) навучэнцы ліцэя часта перамагалі на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных алімпіядах.
Моцныя сувязі з Полацкім дзяржаўным універсітэтам дапамаглі станаўленню навучальнай установы, развіццю даследчай дзейнасці навучэнцаў, падрыхтоўцы да алімпіяд, арыентацыі выпускнікоў на спецыяльнасці ўніверсітэта.
З першага года ўтварэння ліцэя нарадзілася выдатная традыцыя – правядзенне пасвячэння ў ліцэісты.
Дзяржаўная ўстанова мае свой друкаваны орган. У 1996 г. выйшаў у свет першы нумар газеты. Ліцэйскія будні насычаны цікавымі падзеямі. У ліцэі склаліся і развіваюцца свае традыцыі, самыя запамінальныя з якіх Дзень настаўніка, Дзень самакіравання, Дзень нараджэння ліцэя, а таксама Вечар вальса.
Важнай падзеяй у жыцці ліцэя стаў выпуск у 2000 г. першага альманаха ліцэйскіх талентаў «Скрыжаванне». У зборнік увайшло больш за 90 твораў 22 аўтараў як на рускай, так і на беларускай мовах. Прычым дэбютавалі не толькі ліцэісты, але і іх выкладчыкі.
Уся сістэма работы ліцэя нацэлена на фарміраванне спрыяльных умоў для развіцця інтэлектуальнага, творчага патэнцыялу навучэнцаў.
З 2000 г. працуе навуковае ліцэйскае таварыства (НЛТ) «Эўрыка», якое ахоплівае даследчай працай дзясяткі ліцэістаў і штогод праводзіць конкурс даследчых работ па 6 секцыях.
Сваімі дасягненнямі ліцэісты-даследчыкі праславіліся на канферэнцыях ўсіх узроўняў, уключаючы міжнародную акцыю «Дзень Зямлі. Беларусь» (дыпломы 2000–2004 гг.), на рэспубліканскім экалагічным турніры ў 2003 г. занялі 1 месца. У 2006 г. на гарадской канферэнцыі даследчых работ школьнікаў ліцэісты занялі I месца, атрымалі пераходны прыз аддзела адукацыі.
Эрудытаў аб'ядноўвае ліцэйскі клуб інтэлектуальных гульняў. Тых, каго хвалююць праблемы экалогіі, у свае шэрагі прымае ліцэйскі экалагічны клуб «БІОН». Зацікаўленых паэзіяй і прозай гасцінна сустракаюць у літаратурнай гасцінай.
З 2001–2002 навучальнага года ў ліцэі праводзіцца конкурс «Ліцэіст года», арганізатарамі якога з'яўляюцца Савет ліцэя і Савет старшакласнікаў. За гэта ганаровае званне вядуць барацьбу лепшыя з лепшых.
Але ліцэй – гэта не толькі цікавыя ўрокі, таленавітыя вучні, выдатны камп'ютарны кабінет, незабыўныя святы і выдатная магчымасць рэалізаваць сябе ў вучобе і даследчай працы. Ліцэй, перш за ўсё, – гэта выдатныя, творчыя, таленавітыя людзі.
На працягу апошніх 3 гадоў ДУА «Ліцэй г. Наваполацка» уваходзіць у ТОП-100 лепшых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. У ходзе гарадскога маніторынгу якасці адукацыйнага працэсу навучальная ўстанова займае прызавыя месцы.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Наваполацк, вуліца Паркавая, д. 34.
ЛІТАРАТУРА
1. Быкова, И. Через тернии к звездам / И. Быкова // Новая газета (Наваполацк). – 2005. – 30 жн. – С. 3.
2. Вахрамеева, И. Лицей ждет талантливых и трудолюбивых / И. Вахрамеева // Химик (Новополоцк). – 2003. – 3 июня. – С. 3.
3. Гончар, О. У лицея – новый дом / О. Гончар // Новая газета (Наваполацк). – 2005. – 6 сент. – С. 4.
4. Зязюля, С. Зона навучальная, зялёная і дапаможная / С. Зязюля // Настаўніцкая газета. – 2013. – 9 ліп. – С. 4.
5. Кухто, М. Па прынцыпе самавызначальнага навучання / М. Кухто // Настаўніцкая газета. – 2013. – 9 лют. – С. 16.
6. Кухто, М. Через трудности – к победам! / М. Кухто // Новая газета (Наваполацк). – 2008. – 24 кастр. – С. 9.
7. «Лицей г. Новополоцка» // Новополоцкая азбука : информационный бюллетень / сост.: Е. В. Молодцова. – Новополоцк : Детская библиотека С. Я. Маршака, 2013. – С. 20–21.
8. Малашеня, Л. «Местные повестки» на благо регионов / Л. Малашеня // Народнае слова. – 2010. – 15 чэрв. – С. 2.
9. Малышева, А. Личным примером / А. Малышева ; беседовала Н. Радько // Новополоцк сегодня. – 2016. – 20 дек. – С. 5.
10. Пугачева, А. Дом, в котором уютно всем / А. Пугачева // Віцебскі рабочы. – 2010. – 19 авг. – С. 22.
11. «Через тернии – к звёздам! Через трудности – к победе!» / подгот. Е. Долженко // Новая газета (Наваполацк). – 2013. – 22 окт. – С. 4–5.
12. Шумилкина, Е. Лицей: новые горизонты развития личности / Е. Шумилкина // Новая газета (Наваполацк). – 2006. – 24 сак. – С. 9.