Школа сярэдняя № 4, ДУА. Полацкі раён, г. Наваполацк
- Подробности
- Створана 15.11.2018 08:40
- Адноўлена 15.11.2018 13:41
Сучасная назва | ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Наваполацка» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1969 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Наваполацк |
Сайт | https://4novopolotsk.schools.by |
Сярэдняя школа № 4 была адкрыта 8 верасня 1969 года.
Першым дырэктарам школы быў Бронскі Леў Іванавіч, які прысвяціў 15 гадоў сваёй працоўнай дзейнасці школе.
На пачатак 1969–1970 навучальнага года ў школе навучалася 924 вучні, было адкрыта 27 класаў, першы калектыў школы налічваў 45 педагогаў.
У 1971 г. у сярэдняй школе № 4 з'явіўся спартыўны комплекс. У 1972 г. быў адкрыты школьны басейн «Пінгвін». Акрамя навучання плаванню школьнікаў, на базе басейна праводзіліся гарадскія, абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, працавалі спартыўныя секцыі па водным пола.
У 1975–1976 гг. быў пабудаваны школьны цір. У 1981 г. на базе ціра быў абсталяваны комплекс па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы і грамадзянскай абароне. Комплекс быў прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы. На базе школьнага ціра праходзілі гарадскія, абласныя, рэспубліканскія спаборніцтвы, гульня «Зарніца». Вялікі ўклад у развіццё ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў ўнёс ваенрук школы Мельнікаў Альфрэд Аронавіч.
У верасні 1969 г. была створана першасная камсамольская арганізацыя. Першым сакратаром пярвічкі стала Валянціна Лабоха. У 1972–1973 навучальным годзе камсамольская арганізацыя была ўзнагароджана пераходным Чырвоным сцягам ЦК ЛКСМБ. З 1981 па 1985 год школьная камсамольская арганізацыя займала першае месца ў сацыялістычным спаборніцтве на лепшую камсамольскую арганізацыю горада. Сакратар камсамольскай арганізацыі Святлана Земнухова была выбрана членам гаркама камсамола і ўзнагароджана Ганаровай граматай абкама камсамола.
У 1971 г. у школе быў створаны клуб інтэрнацыянальнага Сяброўства, кіраўніком якога з'яўлялася Вайвод Эмілія Ізідораўна. За 10 гадоў яго існавання было праведзена 45 фестываляў і форумаў інтэрнацыянальнага сяброўства і салідарнасці. Вялася перапіска з усімі братэрскімі рэспублікамі, а таксама з краінамі сацыялістычнага замежжа.
У 2001 г. адкрыліся класы агульнаэстэтычнага профілю. У школе зноў створаны і актыўна працуюць піянерская дружына «Юнацтва» і першасная арганізацыя БРСМ. У 2010 г. піянерская дружына «Юнацтва» стала лепшай у горадзе.
У 2012 г. уведзены ў карыстанне школьны басейн пасля рэканструкцыі.
Сучасная школа № 4 г. Наваполацка – гэта 55 педагагічных работнікаў і 580 навучэнцаў. Яна працягвае традыцыі, закладзеныя першым дырэктарам школы. З 1998 г. у школе створаны і функцыянуюць ваенна-патрыятычныя класы-кадэты. У сучасны час у навучальнай установе паспяхова рэалізуецца абласны праект па кадэцкаму руху. У 2011 г. тут адроджаны спартыўны напрамак і створаны спартыўныя класы па плаванню. На дадзены момант ва ўстанове адукацыі функцыянуюць 5 спартыўных класаў.
У школе надаецца вялікая ўвага развіццю творчай асобы. І ў гэтым немалаважную ролю адыгрывае дадатковая адукацыя для вучняў: гурткі, секцыі, заняткі па інтарэсах. Усё гэта зроблена для таго, каб кожнае дзіця змагло выбрать сваю, адзіную, дадзеную толькі яму траекторыю развіцця.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Наваполацк, вуліца Маладзежная, д. 130.
ЛІТАРАТУРА
1. Павлюк, Ю. Школьная галактика № 4 / Ю. Павлюк // Новая газета (Наваполацк). – 2005. – 11 студз. – С. 1–2.
2. Средняя школа № 4 // Новополоцкая азбука : информационный бюллетень / сост.: Е. В. Молодцова. – Новополоцк : Детская библиотека С. Я. Маршака, 2013. – С. 36.
3. Шполянская, С. Содружество учителей и учеников / С. Шполянская // Новая газета (Наваполацк). – 2005. – 30 жн. – С. 4.