Гімназія Браслаўская, ДУА. Браслаўскі раён, г. Браслаў
- Подробности
- Створана 18.04.2017 08:40
- Адноўлена 15.01.2019 15:49
Сучасная назва | ДУА «Браслаўская гімназія» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1935 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, г. Браслаў |
Сайт | http://brasgymnasium.by/ |
26 мая 1935 года ў будынку староства адбылося арганізацыйнае пасяджэнне Таварыства сярэдняй школы ў Браславе. Прысутнічала каля 100 чалавек. 86 з іх падпісала дэкларацыю аб адкрыцці гімназіі. Пасля ўзгаднення ў адпаведных інстанцыях планавалася адкрыць гімназію восенню 1935 года. 10 верасня 1935 года адбылося ўрачыстае адкрыццё гімназіі.
Заняткі праводзіліся ў прыватным доме Конрада Тамашэвіча. Мова навучання – польская.
Першы дырэктар гімназіі – Генрых Канапніцкі, выкладаў геаграфію. Пры гімназіі дзейнічала 10 грамадскіх арганізацый. Галоўная сярод іх – вучнёўскае самакіраванне, у якое ўваходзілі ўсе вучні. На 1939–1940 навучальны год планавалася адкрыццё ліцэйскага аддзялення натуральна-гуманітарнага кірунку.
10 верасня 1939 года ўжо ва ўмовах II сусветнай вайны пачаліся заняткі. У хуткім часе ў Браслаў прыйшлі савецкія войскі.
12 мая 1995 года вынесены вердыкт аб адкрыцці ў г. Браславе гімназіі, а на пасаду яе дырэктара прызначаны Велічковіч К. В. З гэтага дня пачалася канкрэтная праца па будаўніцтве будынка і фарміраванні калектыву педагогаў.
Да пачатку навучальнага года былі сфармаваныя 4 класы-камплекты, якія налічвалі 88 навучэнцаў. Былі распрацаваны і ўзгоднены з Міністэрствам адукацыі РБ праграмы і навучальны план, які ўключаў такія новыя прадметы, як: кампутарная граматыка, этыка і культура паводзін, харэаграфія, вывучэнне англійскай мовы на павышаным узроўні, вывучэнне другой замежнай мовы (нямецкай альбо французскай).
Гімназія цесна супрацоўнічае з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, эксперыментальнай пляцоўкай якой з'яўляецца з 1995 года. За гэты час было праведзена 14 выязных семінараў для калектыву гімназіі. І ў рэшце рэшт, супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення метадычнай работы АПА сталі куратарамі пяці гімназічныхпрадметных кафедр.
Адным з адукацыйных прыярытэтаў гімназіі з'яўляецца вывучэнне замежных моў. Курс англійскай мовы праводзіцца тут паглыблена з 4 па 11 клас. Адначасова з асноўнай замежнай мовай навучэнцам прапануецца вывучэнне другой – французскай або нямецкай, праўда, факультатыўна і на базавым узроўні ў перыяд з 6 па 11 клас. Цікава і тое, што выкладаюць мовы па ўласных аўтарскіх праграмах: па англійскай – для 5–11 класаў і па другой замежнай (французскай і нямецкай) – для 6–11 класаў. У распараджэнні настаўнікаў – лінгафонны кабінет, абсталяваны па апошняму слову тэхнікі, спадарожнікавае лічбавае тэлебачанне, якое дае магчымасць прымаць амаль 200 праграм.
Педагагічны калектыў Браслаўскай гімназіі з моманту яе ўтварэння заўсёды знаходзіўся ў руху, у пошуку новых, найбольш дзейсных тэхналогій навучання маладога пакалення.
З першага верасня 2001 года загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Браслаўская гімназія была ўключана ў рэспубліканскі эксперымент па апрабацыі модульнага навучання пад кіраўніцтвам прафесара П. І. Траццякова. Нельга не адзначыць, што ў рамках эксперыменту па модульнай тэхналогіі ў гімназіі арганізавана мультыпрофільнае навучанне з 8 па 11 клас. Гімназія імкнецца задаволіць запатрабаванні вучняў і іх бацькоў па максімуму. Так, у гэтым годзе арганізавана дзейнасць 41 профільнай групы. Блочны расклад заняткаў – гэта яшчэ адна асаблівасць модульнага навучання. Першы блок вучэбных дысцыплін для кожнага класа ці паралелі ўключае прадметы, якія будуць вывучацца на працягу ўсяго вучэбнага года. Другі блок – прадметы, якія маюць рэгулярнасць 1–1,5 гадзіны ў тыдзень. Іх вывучэнне праходзіць за адно паўгоддзе з падваеннем колькасці гадзін. Пры гэтым улічваецца, што нагрузка настаўнікаў у абодвух паўгоддзях павінна быць прыкладна аднолькавай.
Сярод аўтарскіх курсаў настаўнікаў гімназіі – «Чалавек у сучасным свеце» (этыка, экалогія, эстэтыка, асновы бізнесу, здаровы лад жыцця, псіхалогія міжасабовых адносін, уводзіны ў эканоміку, псіхалогія сямейнага жыцця), які чытаецца з 4 па 11 клас.
У межах эксперыменту ў гімназіі праводзяць і розныя даследаванні, напрыклад, па матывацыі і падрыхтаванасці да ўдзелу ў ім, па вызначэнні ўзроўню здароўя, выхаванасці, якасці навучання, адаптаванасці і іншыя.
Пра поспехі гімназіі гаворыць шэраг фактаў. Сёння ў гімназіі навучаюцца каля 260 вучняў у 13 класах-камплектах.
Аб выніках работы з таленавітымі і адоранымі дзецьмі сведчаць наступныя лічбы: штогод у вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі, блізкага і далёкага замежжа паступаюць каля 82 % выпускнікоў. Больш за паўтысячы дзяцей за час існавання гімназіі сталі пераможцамі і прызёрамі раённых алімпіяд, больш за чатыры дзесяткі – абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Якасна працуе навуковае таварыства навучэнцаў, якое дало звыш 350 удзельнікаў раённых навукова-практычных канферэнцый.
Адрас: Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, г. Браслаў, вуліца Ленінская, 131.
ЛІТАРАТУРА
1. Абалевіч, А. Вучыцца ўсё жыццё / А. Абалевіч // Браслаўская звязда. – 2012. – 12 снеж. – С. 3.
2. Андрук, Н. В. На фінішы года перамен / Н. В. Андрук // Браслаўская звязда. – 2009. – 27 мая. – С. 1.
3. Андрюк, Н. В. Браславская государственная гимназия как социально-педагогическая система / Н. В. Андрюк // Кіраванне ў адукацыі. – 2008. – № 3. – С. 29–32.
4. Берникович, Д. Познавательный отдых по «Эдельвейсу» / Д. Берникович // Народнае слова. – 2011. – 27 кастр. – С. 15.
5. Велiчковiч, К. Белая чайка над возерам Дрывяты / К. Велічковіч // Настаўніцкая газета – 2001. – 11 студз. – С. 2.
6. Велічковіч, К. Гімназія: пяць гадоў станаўлення / К. Велічковіч // Браслаўская звязда. – 2000. – 17 мая. – С. 2–3.
7. Волкова, Л. На урок к «Штирлицу» / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2011. – 6 дек. – С. 4.
8. Ганчарова, А. Гімназія адчыняе дзверы / А. Ганчарова // Браслаўская звязда. – 2002. – 29 мая. – С. 1, 4.
9. Ганчарова, А. У. Дружба з суседзямі мацнее / А. У. Ганчарова ; гутарыла В. Хілько // Браслаўская звязда. – 2012. – 25 лют. – С. 2.
10. Каптур, Л. И. Дорогой творческих поисков и побед / Л. И. Каптур ; беседовала Т. Пашкевич // Витебские вести. – 2015. – 25 июня. – С. 21.
11. Клішкоў, Д. 10-гадовы юбілей гімназіі / Д. Клішкоў // Браслаўская звязда. – 2005. – 21 мая. – С. 1–2.
12. Мурашкина, В. Депутатские уроки Натальи Андрюк / В. Мурашкина // Народнае слова. – 2011. – 23 чэрв. – С. 8.
13. Пашкевич, Т. Нужны конкретные дела / Т. Пашкевич // Витебские вести. – 2017. – 23 сент. – С. 7.
14. Пашкевич, Т. Опыт браславчан заинтересовал / Т. Пашкевич // Витебские вести. – 2015. – 20 янв. – С. 2.
15. Пашкевич, Т. С выбором поможет День теней / Т. Пашкевич // Витебские вести. – 2017. – 9 февр. – С. 6.
16. Петрова, Е. 17 важных целей / Е. Петрова // Витебские вести. – 2017. – 7 окт. – С. 5.
17. Петушко, Е. Американцы снова в гостях / Е. Петушко // Браслаўская звязда. – 2016. – 15 кастр.– С. 6.
18. Терентьева, Е. Людмила Каптур: «У нас учатся способные, одарённые дети, поэтому педагоги всегда в поиске» / Е. Терентьева // Алеся. – 2015. – № 7. – С. 4–7.