Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Школа сярэдняя № 1, ДУА. Бешанковіцкі раён, г. п. Бешанковічы

 

Сучасная назва ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Бешанковічы»

Тып

дзяржаўная ўстанова адукацыі

Дата заснавання

1941
Месца знаходжання Віцебская вобласць, Бешанковіцкі раён, г. п. Бешанковічы
Сайт https://beshenkovichi1.znaj.by/

 

У 1864 годзе ў Бешанковічах было адкрыта першае народнае вучылішча. На яго долю прыйшлося нямала цяжкасцей. Не хапала сродкаў, на ўтрыманне навучальнай установы з казны адпускалася 150 рублёў, 100 рублёў выдзялялася валасной управай. У 1914 годзе былі заснаваны ўжо тры народныя вучылішчы, жаночая царкоўна-прыходская школа і яўрэйскае народнае вучылішча.

Да 1938 года ў Бешанковічах дзейнічалі беларуская сярэдняя школа, яўрэйская сямігодка і чатырохкамплектная пачатковая школа. Да пачатку 1938 навучальнага года яўрэйская школа была зачынена, а сярэдняя беларуская школа падзелена на рускую і беларускую.

Вясной 1939 года пачалося будаўніцтва будынка рускай школы, якая ўступіла ў эксплуатацыю 1 студзеня 1941 года. Навучальная ўстанова атрымала назву сталінскай школы. Першыя заняткі ў ёй пачаліся 11 студзеня 1941 года. Дарэчы, гэты памятны дзень і лічыцца днём нараджэння Бешанковіцкай сярэдняй школы № 1.

Першым дырэктарам школы быў Ілля Мацвеевіч Камянецкі, завучам Ягор Іванавіч Кунцэвіч. Першы выпуск тут адбыўся ў чэрвені 1941 года. У перыяд вайны ў памяшканні школы знаходзіўся нямецкі вайсковы шпіталь.

Пасля вызвалення тэрыторыі раёна ад захопнікаў у школе аднавіліся рэгулярныя заняткі. З першага верасня 1944 года былі адкрыты ўсе класы. Школа стала называцца беларускай, а з 15 лістапада была падзелена на беларускую і рускую школы. Першы пасляваенны выпуск адбыўся ў 1945 годзе. З 12 вучняў 10 паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Старт новым поспехам і дасягненням быў дадзены 1 верасня 1997 года, калі школа перасялілася ў новы будынак з новай добрай сучаснай вучэбнай базай: двума спартыўнымі заламі, спартыўнай пляцоўкай, слясарнай, сталярнай і швейнай майстэрнямі, кабінетам дамаводства, бібліятэкай з чытальнай залай, сталовай на 150 месцаў, 10 вучэбнымі і 19 класнымі пакоямі, харэаграфічным класам і класам па вывучэнні трактарнай справы.

У 2001 годзе ў школе адкрыўся ліцэйскі філалагічны клас (кіраўнік П. А. Ільінец). Заняткі з ліцэістамі праводзілі выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

У школе праводзіцца вялікая падрыхтоўчая праца. Навучэнцы сустракаюцца з настаўнікамі, якія ў свой час працавалі ў калектыве, а зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Заняткі ў школе праводзяць 58 настаўнікаў. Вучні сярэдніх і старэйшых класаў на павышаным узроўні вывучаюць рускую, беларускую і англійскую мовы, хімію, матэматыку, біялогію.

У школе 75 % вучняў ахоплены дадатковымі заняткамі. Школьнікі наведваюць 21 курс, 10 факультатываў, 6 гуткоў, 8 спартыўных секцый. У школе арганізавана прафесіянальнае вывучэнне трактарнай справы.

Актыўна займаюцца вучні ў школе мастацтваў, гуртках цэнтра пазашкольнай работы, секцыях дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Адрас: Віцебская вобласць, Бешанковіцкі раён, г. п. Бешанковічы, вул. Талстога, 4.

 

Сярэдняя школа № 1, г. п. Бешанковічы. Фотаздымак з сайта https://beshenkovichi1.znaj.by/

ЛІТАРАТУРА

1. Аскера, М. Крыніца ведаў / М. Аскера // Зара (Бешанковічы). – 2002. – 18 мая.– С. 4.

2. Белоус, М. Настоящий учитель / М. Белоус // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 7 верас. – С. 3.

3. Гневко, Л. Ода альма-матер / Л. Гневко // Зара (Бешанковічы). – 2002. – 31 жн. – С. 2.

4. Гневко, Л. 60 выпусков за 60 лет / Л. Гневко // Зара (Бешанковiчы). – 2000. – 19 снеж. – С. 2.

5. Гнеўка, Л. Ганарымся сваёй школай // Л. Гнеўка / Зара (Бешанковiчы). – 2006. – 23 мая. – С. 3.

6. Гнеўка, Л. Дзень нараджэння школы / Л. Гнеўка // Зара (Бешанковічы). – 2002. – 31 снеж. – С. 2.

7. Гнеўка, Л. «Дзякуй вам за тое, што вы ёсць...» / Л. Гнеўка // Зара (Бешанковічы). – 2002.– 13 ліп.– С. 2.