Школа сярэдняя № 3, ДУА. Лепельскі раён, г. Лепель
- Подробности
- Створана 02.05.2019 08:40
- Адноўлена 02.05.2019 10:08
Сучасная назва | ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Лепеля» |
Тып |
дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання |
1917 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель |
Сайт | https://lepel3.znaj.by |
Гісторыя школы бярэ свае вытокі ў кастрычніку 1917 года.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі будынак, які належыў паліцэйскаму ўпраўленню, быў перададзены першай у Лепелі гімназіі. Гімназія мела толькі старэйшыя класы.
Першым дырэктарам быў Палікарп Аляксандравіч Счэнсновіч.
З 28 верасня 1918 года ў горадзе канчаткова перамагла савецкая ўлада. Павятовы рэвалюцыйны камітэт выдаў дэкрэт аб адзінай працоўнай школе. У тыя ж дні адбываецца з'езд настаўнікаў, які зацвярджае «Пастанову аб адзінай працоўнай школе». Тады школа і стала называцца «Трэцяя савецкая школа другой ступені г. Лепеля Віцебскай губерніі».
У 1917–1918 гг. у памяшканні школы жыў Пятрусь Броўка. Яго бацька працаваў тады вартаўніком.
З верасня 1919 года па 13 мая 1920 года ў горадзе знаходзіліся войскі белапалякаў. У сувязі з гэтым школа спыніла сваю працу. А яе будынак выкарыстоўваўся пад казармы і стайні.
14 мая 1920 года, пасля вызвалення Лепеля, заняткі ў школе аднавіліся.
У верасні 1921 года дырэктарам школы быў прызначаны Алейнікаў Антон Афанасьевіч.
Складанымі былі для маладой рэспублікі 1921–1923 гг. Часова было ўведзена платнае навучэнне.
У 1924 годзе Ксенія Шыёнак змяняе Антона Алейнікава на пасадзе дырэктара школы. Яна была адной з найбольш адукаваных педагогаў. Фізіку і матэматыку ў школе выкладаў Мікалай Голікаў.
У 1925 годзе школа была ператворана ў школу-сямігодку.
У 1927 годзе школа пераводзіцца ў будынак былога спіртзавода, бо яе памяшканне спатрэбілася райвыканкаму.
У 1930 годзе адкрываецца настаўніцкае вучылішча, а школа пераязджае ў некалькі дамоў па вуліцах Савецкая і Інтэрнацыянальная.
У 1934–1962 гг. школа іменавалася: яўрэйскай нацыянальнай сямігадовай школай, рускай сямігадовай школай, сярэдняй беларускай школай.
У 1934 годзе дырэктарам школы быў прызначаны Залман Абрамавіч Нісенбаум.
У 1941 годзе школа перастала працаваць, а яе будынкі выкарыстоўваліся фашыстамі для сваіх мэтаў.
3 лютага 1945 года непрацяглы час узначальваў сямігодку Яфім Мельнікаў. З ліпеня гэтага жа года дырэктарам школы становіцца Уладзімір Бельскі.
Далей кіраўніком школы становіцца Клаўдзія Мікалаеўна Салодкіна.
У жніўні 1948 года дырэктарам прызначаны Аркадзь Лях.
У 1953 годзе прыступіў да кіраўніцтва школай Анатоль Сямёнавіч Ханяк.
У 1957 годзе школа атрымала прэмію Міністэрства Асветы БССР па выніках агляду доследных участкаў.
У канцы 1958 года быў створаны школьны музей. Ён меў чатыры аддзелы: партызанскі рух на Лепельшчыне; прырода роднага краю; гісторыя роднай школы; работы вучняў. У музеі сабрана больш за трыста розных экспанатаў, сярод якіх рарытэтныя фотаздымкі і дакументы.
У 1959–1972 гг. дырэктарам працаваў Іван Карпенка.
10 студзеня 1962 года школа перайменавана ў сямігадовую школу № 3.
У жніўні 1967 года быў здадзены ў эксплуатацыю новы будынак.
У 1972–1987 гг. дырэктарам школы працуе Юнацкевіч Яўгенія Іванаўна.
У ліпені 1975 года Народны ўніверсітэт ваенна-патрыятычнага выхавання сярэдняй школы № 3 узнагароджаны Падзячнай граматай таварыства «Веды» Беларускай ССР за добрыя вынікі вучэбна-выхаваўчай работы і актыўны ўдзел у рэспубліканскім аглядзе народных універсітэтаў дружбы народаў і ваенна-патрыятычнага выхавання.
У лістападзе да вышэй згаданай дабавілася яшчэ і Грамата ЦК ТДСААФ БССР.
У лістападзе 1977 года ўпершыню быў створаны атрад юных інспектараў дарожнага руху ЮІД з ліку вучняў дзясятых класаў (пятнаццаць чалавек).
У 1987–2003 гг. дырэктарам школы працавала Вялічка Вольга Сяргееўна.
З 1 верасня 2003 года дырэктарам школы працуе Бруцкі-Сцямпкоўскі Аляксандр Мікалаевіч.
Многія лепельскія юнакі і дзяўчаты атрымалі ў школе пуцёўкі ў самастойнае жыццё: намеснік Міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь Максім Ермаловіч, галоўны трэнер Рэспублікі Беларусь па баскетболе Аляксандр Круцікаў, член зборнай каманды па гандболе Рэспублікі Бе-ларусь Анастасія Мазго, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Лондане Яўген Жарнасек, урачы, настаўнікі, вайскоўцы, майстры спорту, кіраўнікі, кандыдаты медыцынскіх, тэхнічных навук. Дваццаць выпускнікоў, якія абралі прафесію педагога, і сёння працуюць у калектыве роднай школы. Сярод іх Вольга Бруцкая-Сцямпкоўская, Жанна Сальнік, Святлана Васюніна, Вольга Ярмолік, Галіна Кліменціёнак, Юлія Мастоўнікава, Вадзім Станкевіч і многія іншыя.
Школа з'яўляецца найбуйнейшая навучальнай установай у раёне. Тут працуюць каля сотні работнікаў і навучаюцца больш за сямсот дзяцей. Заняткі праходзяць у трох вучэбных карпусах у адну змену. Створана сем груп падоўжанага дня.
Працуюць тры групы платнага гуртка «Школа будучага першакласніка». Арганізавана восем груп профільнага навучання: матэматыка-фізіка, матэматыка-англійская мова, хімія-біялогія, гісторыя-англійская мова, руска-англійскі профіль і іншыя.
З 2011 года ў школе працуе інавацыйная пляцоўка.
Адрас: Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель, вул. Савецкая, 71.
ЛІТАРАТУРА
1. Бруцкі-Сцямпкоўскі, А. М. Вокнамі ў заўтрашні дзень / А. М. Бруцкі-Сцямпкоўскі ; гутарыў У. Міхно // Лепельскі край. – 2017. – 3 лістап. – С. 4.
2. Валоха, М. Сейбіты разумнага, добрага, вечнага / М. Валоха // Лепельскі край. – 2017. – 31 кастр. – С. 3, 6.
3. Канапелька, Н. Не развітваецца са школай / Н. Канапелька // Лепельскі край. – 2007. – 3 крас. – С. 2.
4. Корсак, А. Л. Нельга быць абыякавым / А. Л. Корсак ; гутарыў У. Міхно // Лепельскі край. – 2018. – 6 лют. – С. 4.
5. Корсак, А. Школе – равесніцы рэвалюцыі – восемдзесят / А. Корсак // Лепельскі край. – 1997. – 2 снеж. – С. 3.
6. Міхно, Н. Этапы слаўнага шляху / Н. Міхно // Лепельскі край. – 2017. – 10 мая. – С. 2.
7. Міхно, У. Да сівых валасоў / У. Міхно // Лепельскі край. – 1998. – 3 лют. – С. 2.
8. Нікіціна, С. Школа ўчора і сёння / С. Нікіціна // Настаўніцкая газета. – 2014. – 5 чэрв. – С. 15.
9. Подалинская, И. Светлый храм знаний / И. Подалинская, Е. Фролова // Лепельскі край. – 2008. – 15 студз. – С. 2.
10. Сільвановіч, С. Школьныя дні непаўторныя / С. Сільвановіч // Лепельскi край. – 2008. – 19 лют. – С. 2.
11. Ханяк, А. Ля вытокаў гісторыі школы / А. Ханяк // Лепельскі край. – 1998. – 20 студз. – С. 2.
12. Цялятка, А. Равесніца рэвалюцыі / А. Цялятка // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1987. – 26 лістап. – С. 2–3 ; 28 лістап. – С. 2–3.