Гімназія дзяржаўная № 1 імя Францыска Скарыны, УА. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 24.06.2019 08:40
- Адноўлена 24.06.2019 10:37
Сучасная назва | Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны |
Былая назва | Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 (2005) |
Полацкая дзяржаўная гімназія (1999) | |
Полацкая нацыянальная гімназія (1992) | |
Сярэдняя школа № 7 (1966) | |
12-я сталінская школа (1938) | |
Тып | установа адукацыі |
Дата заснавання | 1938 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк |
Сайт | http://psg-one.by/ |
Будынак школы быў пабудаваны ў 1938 годзе. Школы горада ў той час былі перапоўнены і навучэнцаў з іншых школ пераводзілі ў новую сярэднюю школу. У той час у горадзе было ўсяго 11 школ, таму новай школе быў прысвоены № 12, а так як будынак быў пабудаваны ў часы сталінскай пяцігодкі, школу сталі называць «12-ай сталінскай».
Першым дырэктарам школы быў Васіль Дзмітрыевіч Ларуцін, завучам Мікалай Ільіч Красоўскі. Навучэнцы даваенных гадоў былі вельмі дружныя, любілі школу, свой горад і сваю Радзіму. У 1941 годзе пасля выпускнога балю многія з іх сышлі на фронт, палі смерцю храбрых і навечна засталіся вучнямі «12-ай сталінскай школы». Іх імёны выгравіраваны на таблічцы помніка, які знаходзіцца ў двары гімназіі.
У часы Вялікай Айчыннай вайны будынак школы быў разбураны. Захавалася толькі левая сцяна будынка і 2 лесвіцы. Будынак школы быў цалкам адноўлены 19 жніўня 1946 года. Навучэнцы школы часова вучыліся ў невялікім 2-павярховым будынку на вуліцы Леніна. У горадзе на той момант было 6 школ, таму зноў адноўленай школе быў прысвоены № 7. Дырэктарам школы быў прызначаны Данііл Кузьміч Градоўкін.
У 1962 годзе калектывам школы і яго дырэктарам Аленай Андрэеўнай Каранзей было прынята рашэнне зрабіць прыбудову да старога будынка. У ім размясціліся спартыўная зала, класы для працоўнага навучання. Будаўніцтвам кіраваў былы выпускнік школы Віктар Пірагоў. У школе з'явілася паравое ацяпленне, вадаправод, на школьнай тэрыторыі размясціўся маленькі сад, дзе ў перапынках паміж урокамі навучэнцы маглі адпачыць.
З 1966 па 1974 гг. калектыў школы ўзначальваў Павел Іванавіч Фядоценка, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Заслужаны настаўнік БССР. Першага верасня 1967 года адбылося адкрыццё помніка настаўнікам і вучням школы, якія аддалі жыцці за Радзіму ў Вялікай Айчыннай вайне. Вялікі ўклад у будаўніцтва помніка быў зроблены выпускнікамі 1941 года Аляксандрам Ануфрыевічам Савіцкім, вядомым беларускім пісьменнікам, і вядомым беларускім мастаком Аляксандрам Міхайлавічам Гурэвічам, які распрацаваў праект помніка. Таксама пачаўся збор матэрыялаў для стварэння музея.
У верасні 1966 года школа была рэарганізавана ў сярэднюю школу № 7 з выкладаннем шэрагу прадметаў на англійскай мове. Пачатковыя класы былі падзелены на тры групы і прыступілі да вывучэння англійскай мовы. Выпускаліся радыёгазеты на англійскай мове «The Voice of School». Пры школе існаваў свой вакальна-інструментальны ансамбль.
30 снежня 1983 года адкрыўся музей «Гісторыя школы».
Асаблівым для калектыву школы і яе вучняў стаў дзень 1 верасня 1992 года: рашэннем Полацкага гарвыканкама на базе СШ № 7 была адкрыта першая ў горадзе Полацкая нацыянальная гімназія. Першым дырэктарам Полацкай нацыянальнай гімназіі стала Тамара Пятроўна Гарэлікава.
У 1996 годзе дырэктарам гімназіі стала Галіна Маркаўна Козел. Яна ўзначаліла школу ў перыяд падрыхтоўкі гімназіі да дзяржаўнай атэстацыі, якая прайшла ў 1999 годзе. Па выніках атэстацыі гімназія годна пацвердзіла свой статус і стала называцца «Полацкая дзяржаўная гімназія». У 2005 годзе адбылася яшчэ адна знамянальная падзея для калектыву гімназіі: прайшоўшы на дастатковым узроўні акрэдытацыю і атрымаўшы статус юрыдычнай асобы, гімназія стала называцца «Полацкая дзяржаўная гімназія № 1».
У 2003 годзе ў будынку гімназіі былі адкрыты фотагалерэі навучэнцаў «Зоркі» і настаўнікаў «Зоркі запальваюць зорачкі». З 1999 года дзейнічае інтэлектуальны клуб «Што? Дзе? Калі?», а з 2008 года праводзіцца конкурс «Разумнікі і разумніцы». У 2009 годзе пачаў дзейнічаць праект «Аднакласнікі» для выпускнікоў юбілейных выпускаў гімназіі. Спартыўны конкурс гімназіі «Вялікія гонкі» з 2009 года атрымаў статус міжшкольнага.
У 2007 годзе гімназія стала лепшай у горадзе, а ў 2008 годзе ёй было прысвоена званне «Лепшая ўстанова адукацыі новага тыпу ў Віцебскай вобласці з занясеннем на абласную Дошку гонару». У гэтым жа годзе гімназіі было прысвоена імя вялікага беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, і з таго часу яна носіць назву «Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны».
З лістапада 2011 года гімназію ўзначаліла Ларыса Сяргееўна Уласевіч. У 2012 годзе калектыў гімназіі паспяхова прайшоў працэдуру пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі ўстановы адукацыі на адпаведнасць заяўленаму віду.
У 2015 годзе ўпершыню быў праведзены Дзень бацькоўскага самакіравання, упершыню адбыліся выбары Прэзідэнта вучнёўскага самакіравання і яго намеснікаў, а таксама быў зацверджаны адзіны ўрачысты атрыбут – шалік гімназіста.
У 2018 годзе па выніках рэспубліканскіх прадметных алімпіяд гімназія ўвайшла ў тройку лепшых устаноў адукацыі Віцебскай вобласці. У гэтым жа годзе вучаніца гімназіі Свінціцкая Анастасія стала пераможцам тэлевізійнай інтэлектуальнай гульні «Я знаю!».
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца Камуністычная, 13.
ЛІТАРАТУРА
1. Авласко, А. А. Накануне юбилея / А. А. Авласко // Полацкі веснік. – 2019. – 25 студз. – С. 3.
2. Бартасевіч, Л. Калейдаскоп праектных спраў / Л. Бартасевіч // Бібліятэка прапануе. – 2017. – № 3. – С. 12–14.
3. Бритикова, Д. Утро в гимназии / Д. Бритикова // Полацкi веснік. – 2006. – 7 лют. – С. 9.
4. Гімназія № 1 г. Полацка: інтэрв'ю, завочная канферэнцыя, мадэльныя ўрокі // Народная асвета. – 2007. – № 10. – С. 49–80.
5. Дубоўская, В. Вучыцца па эталоне прапануе настаўніца гімназіі № 1 г. Полацка / В. Дубоўская // Настаўніцкая газета. – 2008. – 21 чэрв. – С. 11.
6. Залесская, С. Таких вундеркиндов гимназия в Полоцке не знала 20 лет / С. Залесская // Белорусская нива. – 2013. – 2 авг. – С. 1, 7.
7. Замкоўскі, А. З дынастыі педагогаў / А. Замкоўскі // Полацкі веснік. – 2010. – 1 кастр. – С. 2.
8. Замкоўскі, А. У гонар славутага палачаніна / А. Замкоўскі // Полацкі веснік. – 2009. – 23 чэрв. – С. 5.
9. Казлова, А. У. Па-беларуску / А. У. Казлова ; гутарыў А. Замкоўскі // Полацкі веснік. – 2013. – 7 сак. – С. 3.
10. Козел, Г. Маленькая Alma mater / Г. Козел // Полацкi веснік. – 2004. – 23 студз. – С. 1–2.
11. Козел, Г. М. Высокае прызванне – быць настаўнікам / Г. М. Козел ; гутарыла Л. Малашэня // Народнае слова. – 2006. – 30 верас. – С. 5.
12. Козел, Г. М. Достижения и перспективы «Школы года – 2006» г. Полоцка / Г. М. Козел // Народная асвета. – 2007. – № 10. – С. 49–50.
13. Мазурына, С. У. Мастацтва раскрываць таленты / С. У. Мазурына // Народная асвета. – 2007. – № 10. – вокл.
14. Малашеня, Л. Голоса Полоцка в Таллинне / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2014. – 29 марта. – С. 24.
15. Малашеня, Л. Педагог – это призвание / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2018. – 4 сент. – С. 2.
16. Малашэня, Л. Самабытнасці нашай аснова – беларускае роднае слова / Л. Малашэня // Народнае слова. – 2013. – 21 лют. – С. 1.
17. Малашэня, Л. Сем крокаў да беларускасці / Л. Малашэня // Витебские вести. – 2017. – 21 февр. – С. 6.
18. Михальченко, А. Искусство учить детей / А. Михальченко // Полацкі веснік. – 2004. – 20 ліп. – С. 7.
19. Пранікава, Т. Ю. Выхаванне традыцыямі / Т. Ю. Пранікава // Народная асвета. – 2007. – № 10. – С. 57–58.
20. Прищепова, Д. Домашнее задание длиною в жизнь / Д. Прищепова // Полацкi веснік. – 2005. – 15 лют. – С. 6.
21. Прославляя имя Скорины / подгот. О. Шуйская // Полацкі веснік. – 2018. – 26 студз. – С. 5.
22. Чарковская, С. Запомнится надолго / С. Чарковская // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 4 сент. – С. 2.
23. Шуйская, А. У краіну ведаў пойдзем за Скарынам / А. Шуйская // Полацкі веснік. – 2008. – 2 верас. – С. 1.
24. Яско, А. Гимназия для «звездных» детей / А. Яско // Народная газета. – 2009. – 20 студз. – С. 7.