Школа сярэдняя № 1 імя П. В. Сухога, ДУА. Глыбоцкі раён, г. Глыбокае
- Подробности
- Створана 03.10.2019 08:40
- Адноўлена 03.10.2019 13:57
Сучасная назва | ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Глыбокае імя П. В. Сухога» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1934 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, г. Глыбокае |
Сайт | http://schkola1.rooglub.gov.by/ |
Сваю гісторыю Глыбоцкая сярэдняя школа № 1 бярэ з 1934 г. У цэнтры г. Глыбокае быў пабудаваны будынак гімназіі, якой прысвоілі імя Люблінскай Уніі. Нягледзячы на тое, што гімназія была польскай, пры ёй выдаваўся свой краязнаўчы літаратурны часопіс «Дзісенская зямля» («Зямля Дзісненьска»). Сярод аўтараў часопіса быў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч, які ў 1936–1937 гг. працаваў у гімназіі настаўнікам малявання.
У 1938 г. побач з гімназіяй быў пабудаваны будынак школы з чырвонай цэглы. У народзе яе так і звалі – «Чырвоная школа».
Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. гімназісты сталі савецкімі вучнямі.
У гады вайны ў будынку школы фашысты арганізавалі зборны пункт для адпраўкі моладзі ў Германію.
Першым дырэктарам школы ў пасляваенны перыяд быў Барыс Антонавіч Згерскі. На 1 студзеня 1945 года ў Глыбоцкай беларускай школе навучалася 395 вучняў, працавала 12 настаўнікаў, былі створаны піянерская і камсамольская арганізацыі, у якіх налічвалася 65 піянераў і 13 камсамольцаў.
З 1952 па 1980 гг. Глыбоцкую сярэднюю школу №1 узначальваў Яўген Пятровіч Арэтаў.
З пачатку 90-х гг. ва ўстанове адукацыі пачаўся эксперымент па дыферэнцыяцыі навучання дзяцей, з'явіліся класы з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў. Упершыню былі сфарміраваны класы з паглыбленым вывучэннем матэматыкі з 8 класа, замежнай мовы з 1 класа. Адкрыліся дзясятыя класы філалагічнага, а з 1993 года і грамадска-гуманітарнага профілю.
З 2003 па 2013 гг. згодна з дамовай з ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь была арганізавана работа класа ваенна-патрыятычнага профілю. Зараз на базе школы працуе Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, класы вячэрняй школы.
У 1995 г. як вынік даследчага праекта «Пошук» у Глыбоцкай сярэдняй школе быў адкрыты музей двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўнай прэміі, генеральнага авіяканструктара Паўла Восіпавіча Сухога.
19 ліпеня 2012 года школе прысвоена імя П. В. Сухога. Сёння музей з'яўляецца цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў усяго раёна.
У 2007 годзе быў пабудаваны новы будынак школы з актавай і спартыўнай заламі, залай для заняткаў танцамі і харэаграфіяй, цірам, майстэрнямі, цяпліцай. У новы будынак перасяліўся школьны музей імя П. В. Сухога.
Сёння ўстанова адукацыі мае дастатковую матэрыяльна-тэхнічную базу, якая дапамагае ў забеспячэнні якасці адукацыі і выхавання.
У цяперашні час у сярэдняй школе №1 г. Глыбокае навучаецца 631 вучань, арганізавана работа 25 класаў, адукацыйны працэс ажыццяўляюць 70 педагогаў.
Галоўная мэта работы школы – гэта забеспячэнне якасці адукацыі. Усе мерапрыемствы, выхаваўчая, метадычная работа і проста ўрокі арыентаваны і накіраваны на дасягненне гэтай мэты. Праца з педагагічнымі кадрамі накіравана на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, забеспячэнне іх бесперапыннай адукацыі і самаадукацыі.
Вучні глыбоцкай школы № 1 з'яўляюцца прызёрамі міжнародных і абласных дыстанцыйных алімпіяд.
Аснову педагагічнага калектыву ўстановы адукацыі складаюць вопытныя высокакваліфікаваныя настаўнікі. З 70 педагогаў 75,3 % маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, стаж працы больш за 10 гадоў маюць 90 % настаўнікаў.
Зонай асаблівай увагі педагагічнага калектыву школы застаецца прафілактыка шкодных звычак, супрацьпраўных дзеянняў падлеткаў, забеспячэнне бяспекі дзяцей.
Адрас: Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, г. Глыбокае, вуліца Дзяржынскага, д. 43.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. Умеют зажигать, думать, дружить / Д. Берникович // Витебские вести. – 2018. – 26 июня. – С. 7.
2. Берникович, Д. Фильм о земляке / Д. Берникович // Витебские вести. – 2016. – 14 янв. – С. 23.
3. Берникович, Д. Школьный музей Павла Сухого / Д. Берникович // Народнае слова. – 2011. – 22 кастр. – С. 8.
4. Жыгуноў, А. Школа над возерам / А. Жыгуноў // Веснiк Глыбоччыны. – 2006. – 9 снеж. – С. 3.
5. Зинкевич, А. «Отчизне навсегда верны» / А. Зинкевич // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 14 сак. – С. 8.
6. Зінкевіч, А. Такія незабыўныя школьныя гады ў першай гарадской / А. Зінкевіч // Веснік Глыбоччыны. – 2004. – 4 снеж. – С. 1–2.
7. Cкрабатун, У. Навошта разбурылі «чырвоную школу»? / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2010. – 2 снеж. – С. 4, 6.
8. Сутула, Г. «Запалі касцёр дабрыні» / Г. Сутула // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 7 крас. – С. 8.
9. Усцінаў, А. Школа носіць імя сусветнавядомага авіяканструктара / А. Усцінаў // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 1 верас. – С. 10.