Школа сярэдняя Падсвільская, ДУА. Глыбоцкі раён, г. п. Падсвілле
- Подробности
- Створана 03.10.2019 08:40
- Адноўлена 03.12.2019 13:24
Сучасная назва | ДУА «Падсвільская сярэдняя школа» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1933 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, г. п. Падсвілле |
Сайт | http://podsville.rooglub.gov.by/ |
Будынак Падсвільскай школы быў пабудаваны салдатамі польскага гарнізона ў 1933–1934 гг. Установа адукацыі была сямігадовай, навучанне вялося на польскай мове. У гэтай школе атрымлівалі адукацыю дзеці польскіх афіцэраў і ваеннаслужачых, але наведвалі яе таксама і сялянскія дзеці з суседніх вёсак. Сямігадовае навучанне было абавязковым і бясплатным. З прыходам Савецкай улады ў 1939 г. гэтая школа была пераўтворана ў савецкую школу, навучанне вялося да 1941 г. З 1941 па 1944 гг. школа не працавала.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе навучанне працягвалася ў Свільскай школе, якая была сямігодкай. А з 1945 г. на базе Свільскай сямігадовай школы была адкрыта Падсвільская сярэдняя школа.
За перыяд з 1945 па 1955 гг. школа выпусціла 116 вучняў. Трое з іх мелі залатыя медалі, чацвёра – сярэбраныя медалі.
У 1959 г. быў пабудаваны новы будынак школы.
З 1965 г. дырэктарам школы кіраваў Мялешка Іван Аляксандравіч. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1986 года.
1 верасня 1986 года заняткі пачаліся ў новым будынку. Школу-новабудоўлю з красавіка 1986 г. узначаліла Сівіцкая Вольга Уладзіміраўна.
З верасня 1998 г. установу адукацыі ўзначаліла Генеральчык Лідзія Іванаўна.
На дадзеным этапе ў Падсвільскай школе сярэднюю адукацыю атрымліваюць 289 вучняў. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 43 педагогі.
У школе функцыянуюць 19 навучальных кабінетаў, спальня і гульнявыя кабінеты для групы падоўжанага дня. Маецца слясарная майстэрня і кабінет абслугоўваючай працы, а таксама спартыўная зала, сталовая, актавая зала, метадычны кабінет, кабінет спецыялістаў СППС.
Школа абсталявана 11 камп'ютарамі.
Пры ўстанове адукацыі працуе бібліятэка, краязнаўчы музей.
У Падсвільскай сярэдняй школе функцыянуе школьнае навуковае грамадства «Эўрыка», дзе вучні развіваюць свой інтэлект, удасканальваюць і набываюць новыя веды, уменні і навыкі навукова-пазнавальнай дзейнасці пад кіраўніцтвам настаўнікаў.
Адрас: Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, г. п. Падсвілле, вуліца Савецкая, д. 47.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. На правах директора / Д. Берникович // Витебские вести. – 2019. – 14 февр. – С. 20.
2. Жыгуноў, А. «Наша школа самая лепшая» / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 2 снеж. – С. 4.
3. Зінкевіч, А. Імя тваё добрае, настаўнік, з любоўю ў сэрцы сваім берагу / А. Зінкевіч // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 6 кастр. – С. 4.
4. Садовіч, А. Экспазіцыя школьнага музея ўражвае / А. Садовіч // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 13 студз. – С. 8.
5. Сутула, Г. «У глыбачан ёсць чаму павучыцца» / Г. Сутула // Веснік Глыбоччыны. – 2019. – 20 сак. – С. 5.