Дзіцячы сад-сярэдняя школа Празароцкая імя І. Ц. Буйніцкага, ДУА. Глыбоцкі раён, аг. Празарокі
- Подробности
- Створана 03.10.2019 08:40
- Адноўлена 30.03.2020 10:16
Сучасная назва | ДУА «Празароцкая дзіцячы сад–сярэдняя школа імя І. Ц. Буйніцкага» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1885 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, аг. Празарокі |
Сайт | http://prozoroki.rooglub.gov.by/ |
Гісторыя школы пачынаецца з ХVІІ стагоддзя, калі манахі заснавалі ў Празароках францысканскі кляштар. Пры кожным кляштары ў той час існавала школа.
У 1885 г. у аграгарадку з'явілася гмінная школа. Яна ўтрымлівалася за кошт дзяржаўнага казначэйства і сялян.
У 1900 г. тут было адкрыта народнае вучылішча. У сярэднім настаўнік у той час праводзіў 30 урокаў у тыдзень, гадавы заробак складаў 360 рублёў. У 1900/01 навучальным годзе вучылішча наведвалі 57 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак. Навучальны год працягваўся 127 дзён.
У 1920–1930 гг. у Празароках дзейнічала школа з сямігадовым тэрмінам навучання.
У другой палове 1930-х гг. для сямігодкі быў пабудаваны новы будынак, у якім было 7 класных пакояў, вестыбюль, калідор, настаўніцкая і кватэра для дырэктара з асобным уваходам. У школе карысталіся наступнымі падручнікамі: «Біблія», «Слова божае», «Агародніцтва», «Анатомія чалавека». Навучанне вялося на польскай мове. У школе навучалася больш за 200 дзяцей.
З 1939 г. было адменена выкладанне шэрагу прадметаў.
Са студзеня 1940 г. выкладанне вялося на рускай і беларускай мовах.
У 1947 г. Празароцкая школа набыла статус сярэдняй.
У 50-я гг. установа адукацыі размяшчалася ў 3-х драўляных будынках, адзін з якіх быў двухпавярховы. На першым паверсе была настаўніцкая, бібліятэка, кабінет дырэктара, на другім – 3 класныя пакоі. Зімой займаліся ў зімовым адзенні, пры адной керасінавай лямпе на клас, якая знаходзілася на стале настаўніка.
У 1964 г. быў пабудаваны сучасны будынак Празароцкай школы.
З 2017/18 навучальнага года ва ўстанове адукацыі рэалізуецца сацыяльна-педагагічная мадэль «Ад школы духоўнасці і нацыянальнай свядомасці да школы паспяховасці».
22 сакавіка 2018 года на базе школы адкрыты рэсурсны цэнтр «Школа духоўнасці і нацыянальнай свядомасці».
Адрас: Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, аг. Празарокі, вуліца Цэнтральная, д. 24 А.
ЛІТАРАТУРА
1. Берніковіч, Д. Школа з багатай гісторыяй / Д. Берніковіч // Витебские вести. – 2014. – 15 нояб. – С. 10.
2. Гінько, В. Слова краязнаўцы / В. Гінько // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 2 лістап. – С. 22.
3. Ляшук, С. Зорачкі з Празарок / С. Ляшук // Витебские вести. – 2015. – 2 июля. – С. 10.
4. Сідаровіч, Г. У краіне празораў / Г. Сідаровіч // Настаўніцкая газета. – 2018. – 2 чэрв. – С. 16.