Школа сярэдняя Славенская імя П. А. Галецкага, ДУА. Талачынскі раён, в. Ламіншчына
- Подробности
- Створана 06.02.2020 08:40
- Адноўлена 06.02.2020 14:12
Сучасная назва | ДУА «Славенская сярэдняя школа імя П. А. Галецкага Талачынскага раёна» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1873 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Талачынскі раён, в. Ламіншчына |
Сайт | http://slavensky.tolochin.edu.by |
Школа была заснавана ў 1873 годзе. Спачатку яна была царкоўнапрыходскай.
У 1965 годзе Славенскай сярэдняй школе прысвоена імя П. А. Галецкага.
У 1999 годзе яе наведвалі 347 вучняў, зараз – 132 вучні. Заняткі праводзяцца ў адну змену.
З 1986 года школа мае музычны ўхіл (фартэпіяна, баян, цымбалы, акардэон). Вучні неаднаразова займалі прызавыя месцы на раённых аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці. Заснавалі ў школе і свой аркестр народных інструментаў.
Школа арыентуе вучняў на сельскагаспадарчыя прафесіі. Са школьнікамі часта сустракаюцца кіраўнікі гаспадарак, перадавыя механізатары, жывёлаводы. У школе ёсць свой трактар.
Пры школе працуюць бібліятэка, музей.
Школьны музей быў адкрыты ў 1984 годзе настаўнікам Я. А. Пасюціным. Тут сабрана і захоўваецца нямала каштоўных экспанатаў. Сярод іх газеты: «Звон» за 1909 год, «Іскра» за 1900 год, апісанне гісторыі школы, гісторыі калгаса «Гігант» у пасляваенны перыяд, сатырычныя лісты і плакаты за 1941–1945 гг. У музеі ёсць куток працоўнай славы. На стэндах – фотаздымкі перадавых людзей. Тут жа – расказы пра іх самаадданую працу. У аддзеле этнаграфіі маецца нямала экспанатаў, па якiх вучнi могуць даведацца пра побыт, звычаі землякоў у мінулым стагоддзі.
Дырэктарамі ў розныя гады працавалі: В. А. Пасюціна, Л. С. Казлова і Г. Г. Казлова. Зараз дырэктарам школы працуе Маленціновіч Аляксандр Ігаравіч.
У розныя гады школу скончылі: навуковыя супрацоўнікі І. М. Палітыка і Т. М. Кароткая, карэспандэнт маскоўскай газеты «Известия» Э. І. Пасюцін, урачы Г. У. Ястрабава, М. М. Бакуновіч, М. М. Пасюцін і іншыя.
Адрас: Віцебская вобласць, Талачынскі раён, в. Ламіншчына, вуліца Школьная, 1.
ЛІТАРАТУРА
1. Варановіч, А. Родная школа / А. Варановіч // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1998. – 12 снеж. – С. 2.
2. Выязная рэдакцыя «НТ» у Славенскай СШ / падрыхт. М. Маціеўскі // Наша Талачыншчына. – 2005. – 8 кастр. – С. 3.
3. Мікалаеў, В. З юбілярам у новае тысячагоддзе / В. Мікалаеў // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1998. – 19 снеж. – С. 2.
4. Хмелюк, М. Музей – хранитель исторической памяти поколений / М. Хмелюк // Наша Талачыншчына. – 2017. – 11 лістап. – С. 7.
5. Хмялюк, М. Цудоўны куток прыроды / М. Хмялюк // Наша Талачыншчына. – 2017. – 4 кастр. – С. 7.