Дзіцячы сад-сярэдняя школа Краснапольская, ДУА. Расонскі раён, аг. Краснаполле
- Подробности
- Створана 06.04.2020 08:40
- Адноўлена 06.04.2020 10:28
Сучасная назва | ДУА «Краснапольская дзіцячы сад–сярэдняя школа Расонскага раёна» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1918 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Расонскі раён, аг. Краснаполле |
Сайт | http://kras-sh.rossoni.edu.by |
У в. Краснаполле да Кастрычніцкай рэвалюцыі школы не было. Гэта быў маёнтак пана Гудоўскага з выдатным трох'ярусным паркам на беразе маляўнічага возера.
У 1910 годзе Полацкая павятовая ўправа адкрыла земскія школы ў вёсках Мачулішча, Крашуты, Крывялёва. У школе займаліся тры групы вучняў.
У в. Тродавічы была адкрыта царкоўна-прыходская школа. Настаўніца – Хрылёва Марыя Ісакаўна, якая была ўзнагароджана ў 1936 годзе ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1918 годзе ў доме пана Гудоўскага адкрылася Краснапольская трохкласная школа. Першы дырэктар – Баграц Аляксандр Арсенцьевіч. У 1920 годзе школа згарэла, праіснавала 2 гады.
Гісторыя Краснапольскай школы аднавілася ў 1926 годзе. Гэта была двухкласная пачатковая школа, якая часова размясцілася ў доме селяніна Назара Стральцова, жыхара вёскі Карпіна. Дырэктар школы – настаўнік пачатковых класаў Ялак.
У 1927 годзе навучальная ўстанова размясцілася ў будынку пошты. Былі адкрыты трэці і чацвёртыя класы.
У 1928–1932 гг. дырэктар школы – Ісакаў Георгій Андрэевіч, настаўнік пачатковых класаў – Соф'я Нікіфараўна.
У 1929 годзе школа была пераўтворана ў сямігадовую.
У 1929 годзе з в. Тарчыліха перавезлі двухпавярховы драўляны будынак.
У 1932–1939 гг. школу ўзначальваў Вячэрскі Іван Міхайлавіч.
У 1938 годзе Краснапольская сямігадовая школа пераўтворана ў сярэднюю.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны школу ўзначаліў Раконт Яфім Навумавіч. Краснапольская сярэдняя школа да вайны зрабіла адзін выпуск.
У першыя месяцы пасля вызвалення рэгіёна пачалі аднаўляць сферу адукацыі. У снежні 1943 года ў в. Малыя Асёткі сабраліся на нараду настаўнікі раёна. Вырашаліся пытанні аднаўлення сістэмы народнай адукацыі.
У в. Краснаполле адкрылася пачатковая школа. У 1943–1945 гг. дырэктар – Гайлевіч Яўгенія Вікенцьеўна, у 1945–1948 гг. – настаўнік пачатковых класаў Каралькова Ніна Васільеўна.
У 1948 годзе Краснапольская пачатковая школа была пераўтворана ў сямігадовую. У 1948–1953 гг. дырэктар – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны I і II ступеняў, выдатнік народнай асветы Студзёнка Уладзімір Васільевіч; у 1953–1954 гг. дырэктар – Каваленка Ганна Цімафееўна, у 1954–1959 гг. – Якавіцкая Ганна Паўлаўна.
З 1960 года базавая адукацыя – васьмігадовая. У 1960–1985 гг. дырэктар – Студзёнка Пётр Васільевіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэна Славы III ступені, ордэна Айчыннай вайны II ступені, заслужаны настаўнік школ БССР.
У 1974 годзе пачалося будаўніцтва новага сучаснага будынка. У 1975 годзе была адкрыта школа, якая з таго моманту стала сярэдняй.
У 1985–2004 гг. школу ўзначальвала Васільева Таццяна Аляксандраўна, якая вялікую ўвагу надавала добраўпарадкаванню школы і школьнай тэрыторыі.
З 2004 года дырэктар – Сідарэнка Жанна Іванаўна.
У навучальнай установе ажыццяўляецца дашкольная адукацыя. У 2018/2019 навучальным годзе інтэграваную групу ад 4 да 7 гадоў наведвала 14 выхаванцаў, рознаўзроставую групу ад 2 да 4 гадоў – 14 выхаванцаў. Педагагічны калектыў: намеснік дырэктара па выхаваўчай працы, выхавальнікі першай кваліфікацыйнай катэгорыі (4 чалавекі), музычны кіраўнік другой кваліфікацыйнай катэгорыі; настаўнік-дэфектолаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі (2 чалавекі).
У 2019/2020 навучальным годзе было сфарміравана 11 агульнаадукацыйных класаў-камплектаў, у якіх навучаецца 131 вучань.
Напаўняльнасць класаў (вучні): першы клас – 12, другі – 16, трэці – 11, чацвёрты – 13, пяты – 20, шосты – 14, сёмы – 10, восьмы – 12, дзявяты – 7, дзясяты – 9, адзінаццаты – 7.
У Краснапольскай дзіцячы сад–сярэдняй школе дзейнічаюць аб'яднанні па інтарэсах: «Канзашы», «Квілінг», «Экалагічная зала», «Юны прававед», «Спадчына».
Дырэктар – Сідарэнка Жанна Іванаўна.
Адрас: Віцебская вобласць, Расонскі раён, аг. Краснаполле, вуліца Ф. Скарыны, д. 15.
ЛІТАРАТУРА
1. Аляксеева, М. Экалагічнае выхаванне – з дзяцінства / М. Аляксеева // Голас Расоншчыны. – 2002. – 22 лістап. – С. 4.
2. Васильева, Т. А. Школьный роман длиною в жизнь / Т. А. Васильева ; беседовала М. Алексеева // Голас Расоншчыны. – 2018. – 6 кастр. – С. 8.
СПАСЫЛКІ