Акадэмія Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная ветэрынарнай медыцыны, УА. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 10.03.2021 08:40
- Адноўлена 10.03.2021 14:16
Сучасная назва | Акадэмія Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная ветэрынарнай медыцыны, УА. г. Віцебск |
Былая назва | Віцебскі ветэрынарна-зоатэхнічны інстытут (1933) |
Віцебскі ветэрынарны інстытут імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (1924) | |
Тып | установа адукацыі |
Дата заснавання | 1924 |
Месца знаходжання | г. Віцебск |
Афіцыйны сайт | https://www.vsavm.by |
Віцебскі ветэрынарны інстытут быў адкрыты 4 лістапада 1924 года на базе сельскагаспадарчага тэхнікума. 6 снежня 1924 года інстытуту было прысвоена імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Першым рэктарам быў прафесар Яўген Філіпавіч Алонаў (1924–1928).
У 1933 годзе адбылося аб'яднанне Віцебскага ветэрынарнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага інстытута свінагадоўлі (г. Магілёў). У гэтым жа годзе інстытут быў перайменаваны ў Віцебскі ветэрынарна-зоатэхнічны інстытут. З 1933 па 1936 гг. яго ўзначальваў Міхаіл Іосіфавіч Эрдман. Інстытут хутка развіваўся.
Вялікая Айчынная вайна спыніла працу інстытута. З 1944 па 1968 гг. Міністэрства саўгасаў прызначыла рэктарам ветэрынарнага інстытута Уладзіміра Філіпавіча Лемеша. Да пачатку 50-х гадоў па многіх паказчыках інстытут дасягнуў даваеннага ўзроўню. Па ініцыятыве У. Ф. Лемеша ў 1959 годзе быў адчынены факультэт завочнай адукацыі. Ён складаўся з двух аддзяленняў: ветэрынарнага і зоатэхнічнага.
У 1968 годзе калектыў інстытута ўзначаліў доктар ветэрынарных навук, прафесар Міхаіл Сцяпанавіч Жакаў. Пад яго кіраўніцтвам ветэрынарны інстытут пераўтварыўся ў буйны вучэбна-навуковы цэнтр БССР.
УА «Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» была ўтворана ў 1994 годзе шляхам рэарганізацыі Віцебскага ветэрынарнага інстытута. У 1995 годзе рэктарам быў прызначаны доктар ветэрынарных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь Анатоль Філімонавіч Магіленка. У пачатку 1998 года акадэмію ўзначаліў доктар ветэрынарных навук, прафесар Антон Іванавіч Ятусевіч.
У 2005 годзе была створана зоаветэрынарная асацыяцыя «Аграрная адукацыя, навука і вытворчасць», якая ўключае ветэрынарную акадэмію і 11 сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі аграрнага профілю.
З 20 снежня 2016 года рэктарам акадэміі быў прызначаны Мікалай Іванавіч Гаўрычанка.
Акадэмія ветэрынарнай медыцыны ўяўляе сабой акадэмічны гарадок, размешчаны ў цэнтры горада, які ўключае ў сябе адзіны архітэктурны комплекс навучальных карпусоў, клінік, ветэрынарнай аптэкі, навуковых лабараторый, бібліятэкі, студэнцкіх інтэрнатаў, спартыўнага комплексу, Дома культуры, сталовай і кафэ, прафілакторыя для аздараўлення студэнтаў. Установа адукацыі мае 25 лекцыйных аўдыторый і 56 спецыялізаваных памяшканняў. Маецца 24 камп'ютарныя класы. У склад ВДАВМ уваходзяць 4 факультэты і 28 кафедраў. На кафедрах і ў бібліятэцы акадэміі маецца доступ у Інтэрнэт. Створана лакальная камп'ютарная сетка. Ёсць лінгафонны кабінет, аўдыязал, тэрарыум, анатамічны, паталагаанатамічны і паразіталагічны музеі.
З 2002 года ў склад ВДАВМ уключаны Аграрны каледж УА «Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» (п. Лужасна, Віцебскі раён). У 2003 годзе адкрыты філіял акадэміі на базе УА «Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж» (Гомельская вобласць), а ў 2006 годзе – філіял на базе УА «Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхналагічны каледж» (Брэсцкая вобласць), а таксама Навукова-даследчы інстытут прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі, Рэспубліканская лабараторыя інфармацыйных тэхналогій.
Створаны вучэбна-вытворчыя рэгіянальныя цэнтры практычнага навучання на базе ЗАТ «Альгоўскае», навучальнай гаспадаркі аграрнага каледжа УА ВДАВМ, Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, сельскагаспадарчага прадпрыемства «Мазалавагаз». Практычнае навучанне праводзіцца таксама на базе эксперыментальнай базы «Тулава», свінаводчым комплексе імя П. М. Машэрава, а таксама на Віцебскім дзяржплемпрадпрыемстве. Для заняткаў выкарыстоўваецца таксама база Віцебскай біяфабрыкі і Віцебскай абласной ветэрынарнай лабараторыі.
Сёння акадэмія з'яўляецца адным з найбуйнейшых адукацыйных і навуковых цэнтраў па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час у акадэміі праводзяцца навуковыя даследаванні, накіраваныя на вывучэнне хвароб жывёл і распрацоўку мер барацьбы з імі, удасканаленне племянных і прадукцыйных якасцей жывёл, распрацоўку сучасных тэхналогій атрымання жывёлагадоўчай прадукцыі. Навуковыя распрацоўкі праводзяцца супрацоўнікамі, вучонымі акадэміі на базе Навукова-даследчага інстытута прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі, 24-х кафедральных навукова-даследчых лабараторый, вучэбна-навукова-вытворчага цэнтра. Навукова-даследчы інстытут выконвае шырокі спектр фундаментальных і прыкладных даследаванняў, ажыццяўляе аналіз усіх відаў біялагічнага матэрыялу і ветэрынарных прэпаратаў, кармавых дабавак, што дазваляе з дапамогай самых сучасных метадаў выконваць дзяржаўныя заказы, а таксама на больш высокім якасным узроўні аказваць паслугі прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу.
Пры акадэміі адкрыты аспірантура і дактарантура па ветэрынарнай, сельскагаспадарчай і біялагічнай спецыяльнасцях. Навучальная ўстанова ажыццяўляе навуковае міжнароднае супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і рознымі арганізацыямі.
У ВДВАМ выходзяць перыядычныя выданні «Навуковыя запіскі УА ВДАВМ», «Ветэрынарны часопіс Беларусі», газета «Веснік акадэміі ветэрынарнай медыцыны», студэнцкая газета «АКАДЭМtimes».
Ідэалагічная, інфармацыйная і выхаваўчая праца ў акадэміі інтэгравана з вучэбнай і навуковай дзейнасцю. У акадэміі дзейнічае 59 гурткоў і секцый. Пры Доме культуры акадэміі актыўна працуе 16 творчых калектываў і клубаў па інтарэсах: вакальныя, харэаграфічныя, тэатральныя, КВЗ, дыскаклуб, студыя выяўленчага мастацтва «AQVARELI» і інш. Студыя эстраднай песні «Канстанта» мае званне «Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
У спартыўным клубе працуе 29 секцый па 19 відах спорту, 7 вучэбна-спартыўных аддзяленняў.
Дырэктар – Гаўрычанка Мікалай Іванавіч.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, вуліца 1-я Даватара, 7/11.
ЛІТАРАТУРА
1. Березкин, Н. Содружество с аграриями / Н. Березкин // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2017. – 28 студз. – С. 3–4.
2. Библиотека: с чего все начиналось... // Вестник Академии ветеринарной медицины. – 2019. – № 1 (март). – С. 3.
3. Бондарева, Е. М. История Главного корпуса академии [УО ВГАВМ] / Е. М. Бондарева, М. К. Дятлов // Вестник Академии ветеринарной медицины. – 2018. – № 4 (дек.). – С. 4.
4. Булавка, О. Агроколледж. 105 лет спустя / О. Булавка // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2014. – 18 лістап. – С. 1–2.
5. Ветеринарный институт // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – С. 91.
6. Витебская ордена «Знак Почета» государственная академия ветеринарной медицины: 95 лет / отв. за вып. Н. И. Гавриченко. – Витебск : Витебская областная типография, 2018. – 28 с.
7. Витебская ордена «Знак Почета» государственная Академия ветеринарной медицины: история и современность (к 85-летию со дня основания) / под общ. ред. А. И. Ятусевича [и др.]. – Витебск : ВГАВМ, 2009. – 500 с.
8. Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 466–467.
9. Владимиров, А. Ветеринарная академия – путь к успеху / А. Владимиров // СБ. Беларусь сегодня. – 2018. – 29 марта. – С. 7.
10. Добрые доктора из Витебска / подгот. О. Федина // СБ. Беларусь сегодня. – 2016. – 31 авг. – С. 7.
11. Дятлов, М. К. Страницы истории Витебской ордена «Знак Почета» государственной академии ветеринарной медицины: ректоры. Первые студенты и преподаватели / М. К. Дятлов ; [под общ. ред. Н. И. Гавриченко]. – Витебск : ВГАВМ, 2019. – 168 с.
12. Крученкова, О. Виват, академия! / О. Крученкова // Сельская газета. – 2019. – 31 окт. – С. 10.
13. Учреждение оразования «Витебская ордена "Знак Почета" государственная Академия ветеринарной медицины»: история и современность (к 90-летию со дня основания): 1924—2014 / под общ. ред. А. И. Ятусевича [и др.]. – Витебск : ВГАВМ, 2014. – 576 с.
14. Ятусевич, А. И. Витебская государственная академия ветеринарной медицины / А. И. Ятусевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 166.