Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Бібліятэка УА «Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны». г. Віцебск

 

Гісторыя бібліятэкі цесна звязана з гісторыяй навучальнай установы, якая пачалася ў далёкім 1924 годзе. Прыказам № 1 ад 10 кастрычніка 1924 года была арганізавана бібліятэка Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

У аснову першапачатковага бібліятэчнага фонду ўвайшлі кнігі бібліятэкі Вышэйшага сельскагаспадарчага тэхнікума – каля 2000 асобнікаў літаратуры. Бібліятэка абслугоўвала 137 студэнтаў і выкладчыкаў. Значна павялічыўся кніжны фонд пасля аб'яднання Магілёўскага інстытута свінагадоўлі і Віцебскага ветэрынарнага інстытута.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны фонды бібліятэкі былі значна пашкоджаны і разрабаваны.

Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося аднаўленне бібліятэкі. Толькі дзякуючы намаганням адданых сваёй справе бібліятэкараў, было знойдзена каля 11 тыс. кніг і іншых выданняў са штампам бібліятэкі ветэрынарнага інстытута, якія былі раскіданы па розных кутках горада. З кожным годам колькасць чытачоў хутка расла, адчуваўся востры недахоп літаратуры. Бібліятэчныя работнікі звярнуліся да супрацоўнікаў іншых бібліятэк сельскагаспадарчых ВНУ краіны і прыватных асоб, ад якіх атрымалі ў дар вялікую колькасць выданняў (каля 4500 экз.). Камплектаванне фонду бібліятэкі вялося з улікам профіля навучальнай установы, для гэтага выкарыстоўваліся розныя крыніцы: кнігаабменныя фонды, бібліятэчны калектар, падпіска на перыядычныя выданні, якая павялічвалася з кожным годам і інш.

Пачала фарміравацца і структура бібліятэкі. У 1957 годзе бібліятэка атрымала дадатковае памяшканне для фундаментальнай бібліятэкі з кнігасховішчам (вуліца Леніна 46/1) і чытальную залу. У галоўным корпусе інстытута засталася вучэбная бібліятэка з чытальнай залай. З цягам часу змянілася і сістэма абслугоўвання чытачоў – гэта ўжо былі абанементы вучэбнай, навуковай і мастацкай літаратуры, чытальныя залы, даведачна-інфармацыйны аддзел, аддзел камплектавання.

У 1974 годзе, у год 50-годдзя з дня заснавання, бібліятэка пераехала ў новы тыпавы будынак. У 1993 годзе пачалося актыўнае ўкараненне аўтаматызаваных працэсаў у работу бібліятэкі. У 1995 годзе бібліятэка атрымала аўтаматызаваную бібліятэчна-інфармацыйную праграму МАРК, новыя паступленні пачалі ўносіцца ў базу з мэтай фарміравання электроннага каталога. Чытачы бібліятэкі атрымалі магчымасць працаваць з электроннымі базамі дадзеных. У 2010 годзе ў бібліятэцы была арганізавана зала інфармацыйных рэсурсаў. У 2012 годзе быў распрацаваны афіцыйны сайт бібліятэкі.

Сёння бібліятэка УА «Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» – адно з найважнейшых структурных падраздзяленняў акадэміі, на якое ўскладзены задачы інфармацыйнага забеспячэння навучальнага і навуковага працэсаў.

У структуру бібліятэкі ўваходзяць: аддзел абслугоўвання, аддзел камплектавання і каталагізацыі, даведачна-інфармацыйны аддзел, бібліятэкі Пінскага і Рэчыцкага філіялаў, бібліятэка аграрнага каледжа акадэміі.

Велізарную каштоўнасць уяўляе рэдкі фонд бібліятэкі, які налічвае 7000 экз. і ўключае фундаментальныя манаграфіі, даведачна-энцыклапедычныя выданні, падручнікі і навучальныя дапаможнікі, дысертацыі, працы сельскагаспадарчых інстытутаў, вопытных станцый, навуковых таварыстваў, земскіх устаноў і інш. Храналагічны ахоп фонду: 1834–1945 гг. Значная частка рэдкага фонду – гэта дарэвалюцыйныя часопісы па сельскай гаспадарцы і ветэрынарыі: «Ветэрынарная справа», «Ветэрынарны веснік», «Лясны часопіс» і інш.

У бібліятэцы створана адзінае інфармацыйнае асяроддзе, якое дазваляе ажыццяўляць пошук інфармацыі ад бібліяграфічнага апісання да першакрыніцы, як самастойна, так і з дапамогай спецыялістаў даведачна-інфармацыйнага аддзела.

Для абслугоўвання карыстальнікаў выкарыстоўваюцца разнастайныя інфармацыйна-бібліяграфічныя рэсурсы, як традыцыйныя – картачныя каталогі, фонды рэфератыўных часопісаў і іншай даведачна-інфармацыйнай літаратуры, так і новыя, якія заснаваны на электронных тэхналогіях. Супрацоўнікамі бібліятэкі ствараюцца біябібліяграфічныя паказальнікі вучоных акадэміі і вядуцца іх персанальныя старонкі на афіцыйным сайце акадэміі.

Важным напрамкам у дзейнасці бібліятэкі з'яўляецца культурна-асветніцкая (выхаваўчая) работа. Бібліятэка арганізоўвае сустрэчы з пісьменнікамі, праводзіць агляды, экскурсіі. Бібліятэка імкнецца развіваць і падтрымліваць цікавасць да кнігі і чытання: раскрывае свае фонды на выставах, тэматычных аглядах. Для аспірантаў і магістрантаў праводзяцца кансультацыі-трэнінгі, дзе яны вучацца шукаць інфармацыю па электронных рэсурсах. Вядзецца тэматычная папка электронных адрасоў баз дадзеных ветэрынарнай і сельскагаспадарчай тэматыкі ў дапамогу навуковым супрацоўнікам, аспірантам, магістрантам, студэнтам.

Штогод бібліятэка абслугоўвае больш за 13 тыс. чытачоў, фонд бібліятэкі налічвае больш за 800 тыс. экз., а кнігавыдача складае больш за 700 тыс. экз.

Дырэктар бібліятэкі – Карнійчанка Наталля Віктараўна.

Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, 1-я вуліца Даватара, д. 7/11.

 

Будынак, у якім знаходзіцца бібліятэка УА «Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны». Фотаздымак з сайта http://bibliot.vsavm.byПадчас мерапрыемства ў бібліятэцы УА «Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны». Фотаздымак з сайта https://www.vsavm.byПадчас мерапрыемства ў бібліятэцы УА «Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны». Фотаздымак з сайта https://www.vsavm.by

ЛІТАРАТУРА

1. Белотелова, Л. Не забываем прошлого, думаем о будущем, живем настоящим: к 90-летию библиотеки Витебской государственной академии ветеринарной медицины / Л. Белотелова, Н. Корнийченко // Бібліятэчны свет. – 2014. – № 5. – С. 30–32.

2. Библиотека: с чего все начиналось... // Вестник Академии ветеринарной медицины. – 2019. – № 1 (март). – С. 3.

3. Волкова, Л. Диссертация о золотой рыбке и «отравители» с городской бойни / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 31 мая. – С. III. – (Прил.: Вечерний Витебск).

4. Залесская, С. «Наш фонд поистине уникален», – считает директор библиотеки УО «ВГАВМ» / С. Залесская ; беседовала Л. Белотелова // Віцебскі рабочы. – 2012. – 20 сак. – С. 6.

5. Ятусевич, А. И. Итоги и задачи [УО «Витебская ордена "Знак Почёта" государственная академия ветеринарной медицины»] / А. И. Ятусевич // Вестник Академии ветеринарной медицины. – 2016. – № 1 (февр.). – С. 1.

 

СПАСЫЛКІ

 arrow Афіцыйны сайт бібліятэкі УА «Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны»