Бібліятэка УА «Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт». г. Віцебск
- Подробности
- Створана 22.03.2021 08:40
- Адноўлена 22.03.2021 08:53
Гісторыя бібліятэкі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта пачалася ў лістападзе 1934 года, калі Віцебскі апорны пункт завочнага медыцынскага інстытута быў пераўтвораны ў бальніцу-медвну з дзённым навучаннем студэнтаў. Навучальная ўстанова не мела спецыяльнага памяшкання, кафедры знаходзіліся ў розных кутках горада. Бібліятэка знаходзілася на 1 паверсе драўлянага будынка, у якім раней была царква, на вуліцы Камуністычнай (Батанічны сад).
У гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас акупацыі горада, бібліятэка была поўнасцю знішчана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ужо ў канцы 1946 года фонд бібліятэкі налічваў 5600 экз., у штаце супрацоўнікаў было ўсяго 3 чалавекі, якія абслугоўвалі 420 чытачоў. У канцы 1950 года фонд бібліятэкі налічваў ужо 30000 экз., колькасць чытачоў – 940, у штаце было ўжо 5 супрацоўнікаў.
У 1959 годзе бібліятэка сумесна з медыцынскім інстытутам пераехала ў новы будынак па праспекце Фрунзэ (зараз – галоўны корпус універсітэта). Тут былі адкрыты чытальная зала для студэнтаў і зала для навуковых супрацоўнікаў. У 1981 годзе бібліятэка пераехала ў новы корпус. У 1997 годзе ў бібліятэцы быў арганізаваны абанемент вучэбнай літаратуры, таксама ў гэтым жа годзе з агульнай чытальнай залы была вылучана спецыялізаваная чытальная зала перыядычных выданняў, у 1998 годзе – зала для навуковых супрацоўнікаў.
У 2002 годзе ў бібліятэцы пачалося ўкараненне аўтаматызаванай бібліятэчнай сістэмы, а ўжо ў 2003 годзе быў арганізаваны аддзел камп'ютарызацыі бібліятэчных працэсаў і пачалося стварэнне электроннага каталога. Была створана электронная бібліятэка на 24 працоўныя месцы.
У 2010 годзе бібліятэка пераехала ў новы, пабудаваны па індывідуальным праекце, будынак з сучасным абсталяваннем і камунікацыямі. З 2013 года функцыянуе афіцыйны сайт бібліятэкі, праз які працуе даведачная служба «Спытай бібліёграфа» і рэпазіторый.
У верасні 2015 года быў завершаны пераход падраздзяленняў бібліятэкі на беспапяровую тэхналогію «электронны чытацкі фармуляр».
Зараз да паслуг чытачоў – абанементы вучэбнай, навуковай і мастацкай літаратуры, агульная чытальная зала, а таксама спецыялізаваныя чытальныя залы электронных рэсурсаў, перыядычных выданняў, навуковых супрацоўнікаў, замежнай літаратуры, рэдкай кнігі.
Фонд бібліятэкі перавышае 1,5 млн. асобнікаў выданняў і неапублікаваных дакументаў розных тыпаў і відаў, уключае вучэбную, навуковую, даведачную, мастацкую літаратуру, часопісы і газеты, зборнікі навуковых прац, манаграфіі, дысертацыі і аўтарэфераты дысертацый, справаздачы пра навукова-даследчую працу, электронныя дакументы. Электронныя інфармацыйныя рэсурсы ўваходзяць у рэпазіторый, у якім, пераважна ў адкрытым доступе, прадстаўлены электронныя варыянты выданых ва ўніверсітэце вучэбна-метадычных і навуковых выданняў, журналаў і газет, а таксама лекцыі ў відэафармаце.
Фонд рэдкай кнігі перавышае 1000 экз. і ўключае выданні, якія датуюцца другой паловай XIX ст. Найстарэйшая кніга фонду «Анатомико-хирургические таблицы, напечатанные по высочайшему соизволению и щедротами Его Величества императора Николая I» і інш.
Супрацоўнікі бібліятэкі ствараюць і папаўняюць шэраг бібліяграфічных баз дадзеных, а таксама з'яўляюцца ўдзельнікамі праектаў па стварэнні карпаратыўных электронных інфармацыйных рэсурсаў: міждзяржаўнага праекта МАРС АРБИКОН, рэспубліканскіх праектаў «Беларусь» і «Вучоныя Беларусі».
Студэнты, прафесарска-выкладчыцкі склад, медыцынскія работнікі горада і вобласці маюць доступ да электроннай бібліятэчнай сістэмы «Консультант студента», электроннай медыцынскай бібліятэкі «Консультант врача», а таксама базы прававой інфармацыі «Бизнес-Инфо». Будучыя і дзеючыя правізары могуць скарыстацца доступам да базы «EUROPEAN PHARMACOPOEIA ONLINE».
У структуру бібліятэкі ўваходзяць: аддзел абслугоўвання, аддзел камплектавання і каталагізацыі дакументаў, інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел, кнігасховішча, аддзел суправаджэння і развіцця бібліятэчных інфармацыйных сістэм і тэхналогій, сектар інфармацыйнага абслугоўвання і абслугоўвання па базах дадзеных.
Бібліятэка з'яўляецца каардынацыйным і метадычным цэнтрам сеткі медыцынскіх бібліятэк Віцебскай вобласці.
Штогод бібліятэка абслугоўвае больш за 14000 чытачоў, кнігавыдача перавышае 500 тыс. экз. Бібліятэка таксама абслугоўвае работнікаў практычнай аховы здароўя горада і вобласці.
Дырэктар бібліятэкі – Красікава Алена Рыгораўна.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, праспект Фрунзэ, д. 25.
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунова, Е. У медиков – новая библиотека / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2011. – 18 лют. – С. 3.
2. Камлёва, Н. Высокие технологии в храме книги / Н. Камлёва // Витебские вести. – 2015. – 15 сент. – С. 1.
3. Красикова, Е. Библиотека ВГМУ / Е. Красикова // Медвузовец (Витебск). – 2014. – № 7 (сент.). – С. 4.
4. Красикова, Е. К 80-летию библиотеки учреждения образования «Витебский государственный ордена Дружбы народов медицинский университет» / Е. Красикова // Бібліятэчны свет. – 2014. – № 5. – С. 27–29.
5. Красикова, Е. Г. Современный информационный и социокультурный центр / Е. Г. Красикова // Бібліятэчны свет. – 2019. – № 5. – С. 25–27.
6. Лукович, Н. Электронная библиотека / Н. Лукович // Народнае слова (Віцебск). – 2003. – 29 лістап. – С. 4.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйны сайт бібліятэкі УА «Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт»