Вялікі пасад. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 02.07.2019 15:23
- Адноўлена 02.07.2019 15:42
Вялікі пасад размешчаны на ўсход ад Верхняга замка, у міжрэччы рэк Палата і Заходняя Дзвіна. Займае цэнтральную частку сучаснага Полацка, абмяжоўваецца трасай вуліцы Гогаля, з поўначы – вуліцай Скарыны і р. Палата. Першапачатковым ядром пасада было селішча, пазней тэрыторыя Ніжняга замка. У XI стагоддзі плошча пасада складала 20 га, у канцы XIII стагоддзя – каля 50 га. У XI стагоддзі яго тэрыторыя з усходняга боку была абмежавана драўлянымі сценамі-гароднямі на каменным падмурку. У XV–XVI стст. частка пасада абнесена сцяной і ровам, ён атрымаў назву Астрог, уздоўж яго сцен стаялі вежы.
Вялікі пасад даследавалі ў 1962, 1968 і 1981 гг. Г. В. Штыхаў, у 1986–1991 гг. С. В. Тарасаў. Культурны пласт мае таўшчыню 2–4 м. У 1987–1988 гг. на плошчы Свабоды даследавана пляцоўка 1100 м2. Выяўлены сляды паселішча канца IX – пачатку X стст., рэшткі абарончай сцяны XI стагоддзя, вулічныя насцілы і элементы грамадзянскай забудовы XIII–XVII стст., сядзіба ювеліра сярэдзіны – 2-й палавіны XII ст., якая складалася з 3 будынкаў. Адзін з гэтых будынкаў (памер 6x4,5 м) – 2-павярховы жылы дом-пяцісценка, 2 іншыя – майстэрні. Яны ўзведзены паміж 1159 і 1164 гг. У будынках і каля іх знойдзена больш за 400 кавалкаў апрацаванага і неапрацаванага бурштыну, больш за 60 фрагментаў і цэлыя тыглі для плаўкі каляровых металаў, бронзавыя загатоўкі (у асноўным бранзалетаў і бронзавага дроту), ювелірныя пінцэты, плечыкі-шалі і вагі, а таксама шкляныя бранзалеты, пацеркі і іх загатоўкі. Знаходкі сведчаць пра наяўнасць у тагачасным Полацку ювелірнай школы. Памеры і стан сядзібы (плошча каля 1000 м2, абнесена штыкетнікам і плятнём) даюць падставы для вызначэння сацыяльнага статуса гэтага майстра і іншых жыхароў пасада.
Відаць, гэта былі незалежныя вольныя майстры. Сярод знаходак XVI–XVII стст. асаблівую цікавасць выклікаюць вытачаныя на такарным станку драўляная фігурка шахматнага ферзя і двухбаковая каменная пячатка з выявамі герба «Пагоня» з аднаго боку і «Аленя святога Губерта» – з другога.
ЛІТАРАТУРА
1. Гавейновіч, В. Знаходкі Вялікага пасада / В. Гавейновіч // Полацкі веснік. – 2002. – 30 ліп. – С. 3.
2. Дук, Д. У. Полацкі Вялікі пасад, археалагічны помнік у г. Полацк на ўсходзе ад Полацкага Верхняга замка, уздоўж р. Зах. Дзвіна / Д. У. Дук // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.] ; склад. Ю. У. Каласоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Л–Я. – С. 207.
3. На вялікім пасадзе / падрыхт. А. Замкоўскі // Полацкі веснік. – 2009. – 21 ліп. – С. 4.
4. Тарасаў, С. Вялікі пасад у Полацку / С. Тарасаў // Полацк. – 1991. – № 5. – С. 22–25.