Селішча. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 02.07.2019 15:23
- Адноўлена 02.07.2019 15:51
Размешчана каля гарадзішча, на правым і левым берагах ракі Палата. Як і гарадзішча, гэта найбольш старажытная частка паселішча, адкуль пачынаўся Полацк. Агульная плошча каля 7 га.
Правабярэжная частка селішча размешчана на мысе каля Чырвонага моста, плошча 0,25 га. Выявіў у 1962 годзе і даследаваў 420 м2 у 1962, 1967, 1979 і 1980 гг. Г. В. Штыхаў. Культурны пласт таўшчынёй 0,6–1,2 м. Пры раскопках знойдзены ляпны і ганчарны посуд, рэшткі металаапрацоўчай майстэрні X стагоддзя, тыглі для плаўкі каляровых металаў, абрэзак сярэбранай арабскай манеты.
Левабярэжную частку селішча (тэрыторыя сучаснага стадыёна «Спартак» і прылеглая тэрыторыя, агульная плошча 6 га) выявіў у 1986 годзе і даследаваў 470 м2 у 1988–1990 гг. С. В. Тарасаў. Культурны пласт магутнасцю 0,8–3 м. Знойдзены рэшткі наземных жылых і вытворчых пабудоў, ляпны посуд VIII–IX стагоддзяў, рэшткі ювелірных майстэрняў X стагоддзя, у тым ліку майстэрня па вырабе шкляных пацерак і апрацоўцы каляровых металаў. Выяўлена шмат ювелірных інструментаў і прылад працы: ювелірныя пінцэты, кавадлачка, набор гірак-разнавагаў, імітацыйная ліцейная форма для манетападобнай прывескі ў форме арабскага дырхема і інш.
ЛІТАРАТУРА
1. Алексеев, Л. В. Полоцк / Л. В. Алексеев // Полоцкая земля : очерки истории северной Белоруссии в IX–XIII вв. / Л. В. Алексеев. – Москва : Издательство «Наука», 1966. – С. 134.
2. Полоцкое городище и селище IX–X вв. // Древний Полоцк [IX–XIII вв.] / Г. В. Штыхов. – Минск : Наука и техника, 1975. – С. 21.
3. Тэрытарыяльнае развіцё горада IX–XVIII стст. па матэрыялах вывучэння культурнага слоя // Полацк IX–XVII стст.: гісторыя і тапаграфія / С. В. Тарасаў. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 36.