Гарадзішча. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 02.07.2019 15:23
- Адноўлена 02.07.2019 15:46
Гарадзішча - першапачатковы дзядзінец Полацка. Размешчаны на правым беразе р. Палата, за 800 м ад упадзення яе ў р. Заходняя Дзвіна. Узнік як гарадзішча мысавога тыпу на левым беразе Палаты (першапачатковая плошча 1 га, цяпер – каля 0,6 га). Гарадзішча выявіў і даследаваў у 1928 годзе А. М. Ляўданскі, даследавалі ў 1960 і 1962 гг. Г. В. Штыхаў, у 1989 годзе – С. В. Тарасаў.
Культурны пласт магутнасцю ад 2 да 4,5 м, моцна пашкоджаны могілкамі XIX стагоддзя. Лепш ён захаваўся па краях пляцоўкі. Выяўлены матэрыялы днепра-дзвінскай археалагічнай культуры, умацаванае паселішча крывічоў IX–X стст. У сярэдзіне XI стагоддзя дзядзінец Полацка быў перанесены на правы бераг ракі Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе Палаты (пазней Верхні замак), гарадзішча паступова прыйшло ў заняпад, з XII стагоддзя яго тэрыторыя выкарыстоўваецца пад гарадскія могілкі.
Выказваецца меркаванне, што пасля захопу Полацка рускімі войскамі ў 1563 годзе з фартыфікацыйнымі мэтамі было пракапана новае русла ракі Палата, якое аддзяліла гарадзішча ад збудаванага ў гэты час Ніжняга замка. У выніку гарадзішча апынулася на правым беразе Палаты.
ЛІТАРАТУРА
1. Городище Полоцка // Полоцк : путеводитель / ред. Н. Плыткевич ; текст В. Лобач ; фото С. Плыткевич. – Полоцк : Рифтур, 2012. – С. 14.
2. Дук, Д. В. Полоцкое городище / Д. В. Дук // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 349
3. Дук, Д. У. Полацкае гарадзішча / Д. У. Дук // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.] ; склад. Ю. У. Каласоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Л–Я. – С. 201–202.
4. Тулупава, І. Таямніцы Полацкага гарадзішча / І. Тулупава // Літаратура і мастацтва. – 2009. – 13 лістап. – С. 5.