Помнік Гараўцу і землякам. Сенненскі раён, в. Ског
- Подробности
- Створана 24.09.2019 15:23
- Адноўлена 24.09.2019 15:06
У в. Ског Багушэўскага сельсавета ў 1970 годзе на ўшанаванне памяці Героя Савецкага Саюза А. К. Гараўца, імя якога насіў саўгас, і землякоў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на франтах і ў партызанскай барацьбе, а таксама расстраляных акупантамі, пастаўлены помнік (скульптар У. Папсуеў; бетон, вышыня бюста 1 м, пастамента – 4 м).
Вертыкальная вось паплечнага бюста А. К. Гараўца сумешчана з дыяганальнай воссю пастамента. Галава злёгку павернута да левага пляча, позірк скіраваны ўдалячынь. Энергічнай пластыкай падкрэслены партрэтныя рысы адважнага лётчыка – выпуклы лоб, шырокія дугападобныя бровы, прамы нос, злёгку выцягнуты падбародак.
Расшпілены каўнер кашулі, ссунуты назад шлем і ўзвіхраныя валасы вылеплены мякка і абагульнена. Абапал помніка – дзве стэлы з імёнамі загінуўшых землякоў.
ЛІТАРАТУРА
1. Ярмоленка, Г. М. Помнік Гараўцу Аляксандру Канстанцінавічу і землякам / Г. М. Ярмоленка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 406.