Парк Трох Герояў. Сенненскі раён, г. Сянно
- Подробности
- Створана 30.09.2019 15:23
- Адноўлена 01.10.2019 09:47
Гэты парк заўсёды быў грамадскім месцам. Да Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчалася жылая зона з вялікім садам, закладзеным яшчэ ў XVIII стагоддзі манахамі-францысканцамі, якія жылі ў кляштары пры касцёле.
У ліпені 1941 года на гэтым месцы праходзіла лінія абароны савецкіх салдат. А ўжо ў 1958 годзе намаганнямі камсамольцаў быў створаны парк – парк 40-годдзя УЛКСМ. У 1959 годзе з'явілася брацкая магіла з перапахаванымі астанкамі Герояў Савецкага Саюза Святлічнага, Барадуліна і Назаранкі, якія загінулі пад Сянно ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адсюль і сучасная назва – парк Трох Герояў.
Падчас падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2016» парк змяніўся да непазнавальнасці. Акрамя новых утульных альтанак для адпачынку, зручных дарожак для прагулак, там з'явіўся музей баявой тэхнікі пад адкрытым небам.
Узоры тэхнікі, падарунак Міністэрства абароны, размясціліся на невялікай пляцоўцы. Можна ўбачыць узоры знішчальнікаў Су-24, Су-27, самаходнай артылерыйскай ўстаноўкі, гаўбіцы, 4 гармат, баявой машыны пяхоты.
Раней на ўваходзе ў парк быў усталяваны БТР у гонар воінаў-афганцаў. Зараз ім прысвечаны цэлы комплекс памятных знакаў. «Мы будзем памятаць пайменна ўсіх сыноў, што ваявалі..», – такі надпіс знаходзіцца на мемарыяле, аўтарам якога з'яўляецца віцебскі скульптар Іван Казак. Побач з браніраванай транспартна-баявой машынай і скульптурай размешчана невялікая капліца з крыжам, двума абразамі і таблічкай, на якой напісана: «Нашым землякам, якія шчыра, добрасумленна выканалі свой абавязак». Гэты своеасаблівы сімвал памяці стаў месцам сустрэчы воінаў, якія ваявалі ў Афганістане. Ураджэнцы Сенненшчыны Аляксандр Звярковіч, Віктар Русачэнка, Аляксандр Галькевіч, Васіль Стаселька не вярнуліся з Афганскай вайны.
ЛІТАРАТУРА
1. Бандарэвіч, В. «Тут чудеса, тут леший бродит...» / В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчны. – 2009. – 19 снеж. – С. 5.
2. Іўеў, А. Працавалі супольна, святкавалі разам / А. Іўеў // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 14 кастр. – С. 1, 4.
3. Сянно непазнавальнае // Голас Сенненшчыны. – 2016. – 8 кастр. – С. 4–5.
СПАСЫЛКІ