Мемарыяльная дошка памяці 1812 года. Расонскі раён, аг. Клясціцы
- Подробности
- Створана 08.04.2020 09:34
- Адноўлена 08.04.2020 10:37
У 2017 годзе полацкія краязнаўцы Андрэй і Аляксей Бухавецкія ўсталявалі памятную дошку ў аг. Клясціцы недалёка ад р. Нішча на месцы, дзе раней стаяў драўляны мост часоў Айчыннай вайны 1812 года.
Мемарыяльная дошка была ўсталявана ў памяць пра 205-гадовы юбілей Айчыннай вайны 1812 года, Клясціцкай бітвы ў гэтай вайне. На таблічцы паказаны фрагмент карціны П. Хеса «Бітва пры Клясціцах».
Каля дарогі быў устаноўлены прыродны валун. На ім – памятная дошка наступнага зместу: «Гэтым каменем адзначана месца моста, дзе ў 1812 годзе, грэнадзёры 2-га батальёна Паўлаўскага грэнадзёрскага палка, кінуліся на падпалены мост, першымі вызвалілі вёску Клясціцы 19 ліпеня 1812 года і тым самым спынілі французскі наступ на сталіцу Санкт-Пецярбург, Расійскай імперыі».
Памятная дошка створана па ініцыятыве і за сродкі трох полацкіх краязнаўцаў Андрэя і Аляксея Бухавецкіх, Мікіты Ізідзерава.
У 2008 годзе пры рэканструкцыі Клясціцкай ГЭС адбыўся спад узроўню вады, адкрыліся прыродныя берагі р. Нішча. З вады паказаліся драўляныя палі старога моста. Краязнаўцы адзначылі месца, дзе праходзіў бой праз гэты мост. Дакладна ўстаноўлена месца, дзе стаяла французская батарэя на высокім беразе ракі. Удакладніць краязнаўцам месца моста дапамог план бітвы пры Клясціцах з архіва Санкт-Пецярбурга. На плане пазначана месца, дзе на момант вайны 1812 года быў адзіны мост праз р. Нішча.
Бітва пад Клясціцамі – трохдзённы бой паміж французамі і асобным корпусам рускай арміі каля в. Клясціцы. Свае войскі рускі генерал П. Х. Вітгенштэйн размясціў максімальна зручна для атакі. 19 ліпеня 1812 года пачалася бітва, якая лічыцца першай перамогай рускіх у Айчыннай вайне 1812 года. Корпусу Вітгенштэйна было неабходна пераправіцца праз р. Нішча і выбіць французаў з м. Клясціцы. Пераправа праз раку знаходзілася пад моцным агнём французскай артылерыі. Атрад Кульнева з двума гарматамі лёгкай 27-й роты адшукаў брод праз раку і пачаў праследаванне непрыяцеля. Французскі военачальнік Удзіно загадаў запаліць мост і рыхтавацца да адступлення. Па палаючым мосце наперад кінуўся другі батальён Паўлаўскага грэнадзёрскага палка. Гродзенскія гусары і ямбургскія драгуны сталі пераходзіць праз р. Нішчу ўброд. У гэтай бітве рускім войскам пад камандаваннем генерала П. Х. Вітгенштэйна ўдалося атрымаць перамогу, нягледзячы на колькасную перавагу французскіх войск.
17 чэрвеня 2018 года адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака героям-грэнадзёрам вайны 1812 года на беразе р. Нішча, дзе некалі размяшчаўся мост.
ЛІТАРАТУРА
1. Бухавецкі, А. Над палаючым мостам каля Полацка / А. Бухавецкі // Звязда. – 2017. – 18 ліп. – С. 13.
СПАСЫЛКІ