Помнік Караткевічу Уладзіміру Сямёнавічу. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.11.2021 13:21
- Адноўлена 12.11.2021 10:04
Помнік Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу ў Віцебску знаходзіцца на вуліцы Суворава. Быў усталяваны ў 1994 годзе (бронза, граніт, вышыня 230 см, бюст 160 см). Урачыстае адкрыццё адбылося ў дні работы фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Аўтары помніка – скульптар І. Казак, архітэктар В. Рыбакоў. Вобраз Караткевіча ўвасоблены ў выглядзе каметы, што праляцела і знікла. Штогод 26 лістапада ў горадзе каля помніка праходзіць свята, прысвечанае пісьменніку.
Нарадзіўся У. С. Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў Оршы. Далучанасць да славянскай, еўрапейскай, сусветнай культуры дазволіла яму хутка стаць вядучым беларускім пісьменнікам. Шырокае прызнанне У. Караткевічу прынесла яго проза. Пісьменнік імкнуўся зразумець месца свайго народа сярод іншых народаў свету. Вывучаючы гісторыю беларусаў, знаёміўся з сучасным жыццём, імкнуўся ўбачыць новыя мясціны. Амаль кожнае з падарожжаў было пакладзена ў аснову літаратурнага твора, шматлікіх нарысаў і эсэ. Гістарычны аспект у яго творчасці з'яўляецца надзвычай істотным.
Уладзімір Караткевіч – аўтар п'ес, сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў. На тэлебачанні і радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектакляў. У Вялікім тэатры оперы і балета пастаўлены оперы «Сівая легенда» (паводле лібрэта), «Дзікае паляванне караля Стаха» (паводле аповесці). Уладзімір Караткевіч выступаў таксама як публіцыст і крытык. Працаваў як перакладчык. Сярод яго творчай спадчыны – малюнкі і ілюстрацыі да ўласных твораў.
Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету. Ён узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1980). Памёр Уладзімір Сямёнавіч заўчасна, 23 ліпеня 1984 года.
Яго імем названы Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура». Яго імя носяць установы культуры, вуліцы населеных пунктаў. Помнікі У. Караткевічу, акрамя Віцебска, устаноўлены ў Оршы і Кіеве (Украіна).
ЛІТАРАТУРА
1. Уладзімір Караткевіч : энцыклапедыя / рэдкал. В. У. Ваніна [і інш.] – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2020. – С. 75, 158.
2. Вярнуўся назаўжды... // Літаратура і мастацтва. – 1994. – 29 ліп. (№ 30) – С. 3.
4. Памятник В. С. Короткевичу // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 31.
5. Рублеўскі, С. Быў! Ёсць! Будзе // С. Рублеўскі // Народнае слова. – 1994. – 26 ліп. – С. 1.
СПАСЫЛКІ