Вучылішча рэальнае. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 18.10.2018 15:23
Знаходзіцца на вул. Леніна, д. 41. Пабудавана ў пачатку XX ст. з цэглы. Цяпер тут знаходзіцца гімназія № 2.
Двухпавярховы будынак складаецца з цэнтральнага корпуса і 2 рознавялікіх бакавых крылаў. Галоўны фасад з 3 рызалітамі, сярод якіх дамінуе цэнтральны, завершаны бельведэрам з невялікім шлемападобным купалам. Уваход вылучаны навесам на 2 слупах з балконам на 2-м ярусе. Фасад мае насычанае пластычнае і арнаментальнае вырашэнне: руставаныя лапаткі па вуглах і ў прасценках, аркатура, пінаклі, філёнгі. Усе элементы архітэктурнага дэкору вырашаны сродкамі цаглянай муроўкі. У рытмічнай пабудове галоўнага фасада выкарыстаны разнастайныя па форме аконныя праёмы. Цэнтральны вузел планіроўкі – вестыбюль і лесвічная клетка, аб'ём якой выступае з боку ўнутранага дворыка эркерам за закругленымі вугламі. У вестыбюлі 4 слупы падтрымліваюць перакрыцце, абапал лесвіцы – памяшканні гардэроба. Аўдыторыі размешчаны ўздоўж калідораў.
Будынак – помнік грамадзянскай архітэктуры пачатку XX ст., выразнасць якой дасягаецца высакаякаснай фігурнай цаглянай муроўкай.
У вучылішчы ў 1907–1909 гг. працаваў дзеяч рэвалюцыйнага руху, публіцыст П. М. Лепяшынскі. У 1966 годзе на будынку школы на ўшанаванне яго памяці ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. Аршанскае рэальнае вучылішча // Беларуская мінуўшчына. – 1996. – № 2. – С. 33.
2. Рэальнае вучылішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 98.
3. Рэальнае вучылішча // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 462–463.
4. Чарнатаў, В. М. Аршанскага рэальнага вучылішча будынак / В. М. Чарнатаў // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – С. 53.