Забудова па вуліцы Савецкай. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 12.04.2021 15:23
- Адноўлена 13.04.2021 09:58
Вуліца Савецкая знаходзіцца ў цэнтры горада. Працягласць вуліцы – 400 м, ад вуліцы Баўмана да сквера герояў Айчыннай вайны 1812 года. Частка вуліцы – пешаходная, ад вуліцы Леніна да вуліцы Суворава. Савецкая вуліца пачала фарміравацца ў XVIII ст. Першапачаткова называлася Дварцовай, таму што на вуліцы знаходзіўся губернатарскі палац (вуліца Савецкая, 18). У студзені 1919 года яна была перайменавана ў Савецкую. У гады Вялікай Айчыннай вайны вуліца была часткова разбурана. У пасляваенныя гады была забудавана тыпавымі дамамі.
Гістарычная забудова па вуліцы Савецкай уключае 3 мураваныя жылыя дамы, аб'яднаныя ў адзіную групу, характэрную для гарадскога жыллёвага будаўніцтва ХІХ – пачатку ХХ стст.
Дом № 15. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак мае спрошчаны архітэктурны дэкор: прафіляваныя ліштвы і лучковыя броўкі прамавугольных акон, міжпаверхавы філёнгавы пояс і прафіляваны карніз з дэнтыкуламі. Цокаль будынка расшыты пад руст. Планіровачна падзелены на 2 жылыя секцыі. 3 боку двара зроблены 2 уваходы ў дом.
Дом № І7. Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім цокалем. Фасад дэкарыраваны рустам, ліштвамі прамавугольных аконных праёмаў. Цэнтр кампазіцыі на трэцім паверсе вылучаны шырокім балконам. Планіровачна дом падзелены на 2 кватэры на кожным паверсе, уваход са двара.
Дом № 19. Галоўны фасад двухпавярховага будынка мае сіметрычную кампазіцыю, у цэнтры яго размешчаны балкон. У пластычнай апрацоўцы выкарыстаны рызаліты, канеліраваныя пілястры, паўкалоны, філёнгавы пояс, руст. Сіметрыю фасада падкрэслівае раўнамернае размеркаванне прамавугольных і арачных праёмаў. Уваход са двара.
Фрагмент жылой забудовы па вуліцы Савецкай мае адзінае архітэктурна-дэкаратыўнае вырашэнне, у якім выкарыстаны формы класіцызму.
На вуліцы Савецкай таксама знаходзяцца дамы старой забудовы:
Дом № 1. Пабудаваны ў канцы XIX – пачатку XX стст. У будынку размешчана кафедра ветэрынарна-санітарнай экспертызы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Дом № 21. Дом камунальнага тыпу (першы камунальны дом). Пабудаваны ў 1928 годзе. Архітэктурна-мастацкую выразнасць 4-павярховаму будынку надаюць 2 эркеры, сіметрычна размешчаныя па фасадзе на ўзроўні другога і трэцяга паверхаў. Паміж эркерамі на трэцiм i чацвёртым паверхах балконы, агароджаныя мастацкімі каванымі рашоткамі. Тры паверхі аздоблены рустам. З 1948 года частка будынка (пустыя пасля адсялення пакоі) была прыстасавана пад гасцінічныя нумары, і ў будынку адкрылася гасцініца «Савецкая». Зараз тут знаходзіцца атэль «Эрыдан».
Дом № 23. Дом камунальнага тыпу (чацвёрты камунальны дом). Пабудаваны ў стылі канструктывізму для адміністрацыйных работнікаў у 1932 годзе.
Дом № 25. (вуліца Путна, 2.) Пабудаваны ў канцы XIX ст. прускім падданым, слесарам Ленгенфельдам. У савецкі перыяд тут былі камунальныя кватэры. У 1991 годзе будынак перадалі пад «Арт-цэнтр Марка Шагала» (адкрыты ў 1992 годзе).
Дамы № 1, 15, 17, 18, 19, 25 па вуліцы Савецкай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебска.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Вид с открытки № 107 / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2005. – 20 мая. – С. 4.
2. Дом № 19 по ул. Советской // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 30.
3. Жылая забудова ХІХ – пачатку ХХ ст. // Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. : навукова-папулярнае выданне / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Полымя, 1990. – С. 28–29.
4. Кулагін, А. М. Забудова па вуліцы Савецкай / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 62.
5. Подлипский, А. М. Дома коммунального типа / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2019. – 80 с. – (Биография витебского дома. Вып. Х).
6. Подлипский, А. С Дворцовой – по Советской / А. Подлипский // Витебский проспект. – 2010. – 3 июня. – С. 6.
7. Подлипский, А. Улица Советская / А. Подлипский // Народнае слова. – 2006. – 17 студз. – С. 6.
8. «Советская», гостиница // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 329.
9. Хмельницкая, Л. В. Витебск за один день : путеводитель / Л. В. Хмельницкая. – Минск : Рифтур, 2013. – С. 30–34.