Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Будынак акруговага суда (будынак, у якім быў створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт). г. Віцебск

 

Будынак акруговага суда знаходзіцца на вуліцы Леніна, 32. Узведзены з цэглы ў 1883 годзе (архітэктар I. Камінскі, інжынер М. Карчэўскі) у традыцыях позняга класіцызму. Уваходзіў у ансамбль Саборнай плошчы (сучаснай плошчы Свабоды), галоўным фасадам арыентаваны на плошчу.

Манументальны П-падобны ў плане, асіметрычны будынак складаецца з галоўнага трохпавярховага цэнтральнага корпуса і бакавых неаднолькавых двухпавярховых, прыбудаваных да тарца, якія ўтвараюць унутраны двор, з заездам праз арку з боку плошчы. Архітэктурна-мастацкае вырашэнне фасадаў грунтуецца на традыцыйнай для класіцызму сіметрычнасці кампазіцыі. Пластыку фасадаў стварае рытм пілястраў і аконных праёмаў з ліштвамі.

Галоўны фасад, які выходзіць на плошчу Свабоды, уяўляе сабой сіметрычную кампазіцыю з павялічаным трохпавярховым рызалітам у цэнтры і бакавымі двухпавярховымі часткамі. Пілястры па сваім маштабе адносяцца да вялікага і малога ордэраў. Вялікі ордэр абмяжоўвае фасад з бакоў і афармляе рызаліт. Гэтыя пілястры апрацаваны рустыкай, што вылучае іх з агульнай масы раскраповак. Пілястры міжаконных прасценкаў адносяцца да малога ордэра і ствараюць маштабную рытміку ў межах асобных паверхаў. Вялікае мастацкае значэнне набыў ганак перад цэнтральным уваходам, выкананы ў тэхніцы металічнага ліцця. Маштаб яго элементаў у параўнанні з іншымі часткамі фасада надзвычай дробны, таму яны ўспрымаюцца толькі з бліжніх кропак. Павернуты да ратушы бакавы фасад вырашаны падобна галоўнаму, аднак значна прасцей.

Будынак унутры добра распланаваны: шмат кабінетаў, залаў пасяджэнняў і службовых пакояў, якія аб'яднаны размешчаным у центры калідорам. Пры галоўным уваходзе – вестыбюль з параднай лесвіцай. Інтэр'еры багата ўпрыгожаны: ляпныя плафоны, разеткі, карнізы, пілястры і інш.

У 1917 годзе ў будынку размяшчаўся Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (мемарыяльная дошка ўстаноўлена ў 1959 годзе, адноўлена ў 1987 годзе). Да 1991 года ў будынку знаходзіўся Віцебскі абласны камітэт камуністычнай партыі Беларусі, зараз – мастацкі музей г. Віцебска.

Будынак – прыклад грамадзянскай архітэктуры канца ХІХ ст.

 

Будынак акруговага суда. г. Віцебск. Фота з сайта http://ratusha-vit.by/

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Старые дома / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2005. – 8 февр. – С. 3.

2. Будынак акруговага суда // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 597.

3. Будынак акруговага суда // Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. : навукова-папулярнае выданне / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Полымя, 1990. – С. 18–19.

4. Витебский областной комитет КПБ // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 112–113.

5. Караткевіч, В. Б. Будынак, у якім быў створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт / В. Б. Караткевіч, В. М. Чарнатаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭімя П. Броўкі, 1985. – С. 49–50.

6. Подлипский, А. М. Витебский окружной суд / А. М. Подлипский // Юстиция Беларуси. – 2018. – № 7. – С. 75–79.

7. Подлипский, А. От окружного суда до Художественного музея / А. Подлипский // Народнае слова. – 2003. – 5 жн. – С. 5.

8. Подлипский, А. Улица Ленина, 32 / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2017. – 96 с. – (Биография витебского дома. Вып. IV).

9. Якімовіч, Ю. А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – С. 79–80.