Жылы дом (дом-камуна) на вуліцы М. Горкага. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 14.04.2021 15:23
- Адноўлена 06.09.2021 15:41
Жылы дом (5-ы камунальны дом) знаходзіцца на вуліцы М. Горкага, 36/25. Пабудаваны ў 1927–1929 гг. з цэглы (архітэктар А. Вышалескі).
Задуманы як зручнае эканамічнае жыллё для працоўных. Першая на тэрыторыі Беларусі пабудова падобнага тыпу. Чатырохпавярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтральны аб'ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу і акон выцягнутай формы кантрасна вылучаюцца 2 закругленыя аб'ёмы лесвічных клетак, вынесеныя за план дома. Будынак завяршае карніз спрошчанага профілю. Дом быў разлічаны на засяленне 280–300 чалавек. Для несямейных прадугледжваліся пакоі плошчай 24 м2 на 4 чалавекі, для маласямейных – пакоі плошчай 12–15 м2 на 2–3 чалавекі. Кожная ізаляваная група пакояў на 18–24 чалавекі была аб'яднана холам для заняткаў і адпачынку, мела кухню, умывальню і туалеты. У тарцах бакавых крылаў размяшчаліся 8 двухпакаёвых кватэр па адной на кожным паверсе. На 1-м паверсе былі грамадскія (зала, хол, чытальня і магазіны), на цокальным – камунальна-бытавыя (пральня, душ, сушылка) памяшканні. У канцы 1930-х гадоў дом быў рэканструяваны ў секцыйны з ізаляванымі кватэрамі на 2–3 пакоі і неабходнымі дапаможнымі памяшканнямі. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак згарэў. Адноўлены амаль у тым жа выглядзе.
У 2012 годзе дом-камуна прызнаны непрыдатным для жылля, аднак гарадскімі ўладамі было прынята рашэнне аб правядзенні капітальнага рамонту. І ў 2017 годзе адрамантаваны будынак быў зноў заселены жыхарамі.
Дом-камуна – прыклад савецкай архітэктуры 1920-х гадоў, дзе ўвасобіліся пошукі новых формаў аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі і функцыянальнай арганізацыі жылога дома.
ЛІТАРАТУРА
1. 5-й Коммунальный // Витязь (Витебск). – 2018. – 23 ноября. – С. 2.
2. Воінаў, А. А. Віцебскі Дом-камуна / А. А. Воінаў // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 126.
3. Воінаў, А. А. Віцебскі Дом-камуна / А. А. Воінаў // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 628.
4. Воінаў, А. А. Жылы дом / А. А. Воінаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 55.
5. Дом-коммуна // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 171–172.
6. Масловская, О. Новая жизнь дома-коммуны / О. Масловская // Витебские вести. – 2017. – 12 сент. – С. 2.
7. Подлипский, А. М. Дома коммунального типа / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2019. – 80 с. – (Биография витебского дома. Вып. Х).
8. Соловьева, Т. Марковщина. Путешествие в прошлое / Т. Соловьева // Твой Город (Витебск). – 2014. – 18 сент. – С. 5.