Касцёл у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Браслаўскі раён, г. п. Відзы
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 24.01.2019 16:38
Па сваіх архітэктурных якасцях вылучаецца велічны касцёл у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Відзах, які будавалі на працягу 1909–1914 гг. на сродкі парафіі і розныя ахвяраванні. У пачатку XX ст. Відзы лічыліся заштатным горадам Ковенскай губерні, мелі насельніцтва каля 6 тысяч чалавек, былі месцам правядзення вялікіх кірмашоў. 3 часу заснавання Відзы з'яўляліся таксама значным рэлігійным цэнтрам, частка паселішча належала віленскаму біскупству. У другой палове XIX ст. мясцовая парафія, якая налічвала больш за 13 тысяч чалавек, таксама як і браслаўская, лічылася адной з самых вялікіх у губерні. Драўляны касцёл, што існаваў тут у канцы XIX ст., даўно перастаў задавальняць патрэбы парафіі. Таму для горада быў спраектаваны велізарных памераў храм, які цяпер лічыцца адным з самых высокіх на Беларусі (вышыня яго шпіляў 59 метраў). Манументальных форм будынак, узведзены ў цэнтры паселішча, на паўднёвай ускраіне рынкавай плошчы, пануе над местачковай забудовай і наваколлем.
Касцёл мае прыгожы падмурак, выкладзены з часанага каменю. Гэта трохнефавая двухвежавая базіліка. Вялікае ўражанне пакідаюць дзве шмат'ярусныя ступеньчатыя вежы вельмі прыгожых прапорцый, завершаныя вострымі васьміграннымі шатрамі. Паміж вежамі знаходзіцца трохвугольны франтон, завершаны высокімі зубцамі. На галоўным фасадзе вылучаецца перспектыўны партал з вімпергам. Над ім – велізарнае акно-ружа, пераплёт якога выкладзены з фігурнай цэглы. Храм мае трансепт аднолькавай вышыні з цэнтральным нефам, тарцы якога ўпрыгожаны зубцамі. Алтарная частка завершана гранёнай апсідай, з больш нізкімі, таксама гранёнымі, сакрысціямі. На тарцы цэнтральнага нефа маецца невялічкая вежачка-сігнатурка са звонам. Ступеньчатыя контрфорсы, шматлікія вежачкі-пінаклі, вялізныя аконныя праемы з востраканцовымі завяршэннямі, зубцы, вострыя шатры – усё гэта надае будынку лёгкасць, узнёсласць, падкрэслівае яго вертыкальную выцягнутасць. У інтэр'еры храма нефы падзелены радамі калон складанага профілю. Скляпенні бакавых нефаў крыжовыя. Цэнтральны неф мае драўляную плоскую балечную столь.
Першапачатковае аздабленне храма і арган не захаваліся. Неўзабаве пасля ўзвядзення Троіцкага касцёла пачалася Першая сусветная вайна. Восенню 1915 года да Відзаў наблізілася лінія фронту, якая заставалася тут да лютага 1918 года. Будынак храма моцна пацярпеў ад прыцэльнага агню расійскай артылерыі. Вежы яго выкарыстоўваліся ў якасці назіральнага пункту, для ўстаноўкі кулямётаў, размяшчэння снайпераў. Пасля вайны храм адрамантавалі і ў памяць аб ваенных падзеях дзе-нідзе ў сцены ўмуравалі снарадныя галоўкі.
Відзаўскі касцёл быў пашкоджаны і ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Непадалёку ад галоўнага ўвахода Троіцкага касцёла існавала мураваная званіца, узведзеная ў 1883 г. для драўлянага храма. Званіца – квадратнае ў плане, высокае, шмат'яруснае збудаванне з бутавага каменю і цэглы. Чатырохсхільны дах завяршаўся васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам. Па знешнім выглядзе званіца нагадвала праваслаўны храм і кантрасціравала з неагатычнай архітэктурай касцёла. Будынак быў пашкоджаны ў час Першай сусветнай вайны і пры пажары ў 1920 годзе. Паколькі неабходнасць у званіцы адпала, мясцовы ксёндз звярнуўся да ўлад за дазволам разабраць руіны на будаўнічы матэрыял. Паказальна, што ўлады хацелі захаваць званіцу як помнік свайго часу. У канцы 1920-х гг. парафіяне самавольна разабралі будынак.
Побач з касцёлам захавалася двухпавярховая плябанія з цэглы, дзе зараз размяшчаецца бальніца.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцёл Прасвятой Троіцы // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 24–25.
2. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 58–59.
3. Кацяловіч, І. Мы ў гэтай велічнасці, як у зямным раі: суразмернасць знешняй і ўнутранай прыгажосці Відзаўскага касцёла / І. Кацяловіч // Звязда. – 2016. – 19 ліп. – С. 4.
4. Троіцкі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 143.
5. Троіцкі касцёл у Відзах // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1996. – С. 58–60.