Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл святога Стафана і калегіум езуітаў. Полацкі раён, г. Полацк

Касцёл знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, на перакрыжаванні пр. К. Маркса з вуліцай Замкавай. Пабудаваны ў 1-й палове XVIII стагоддзя з цэглы.

У жніўні 1574 года (па іншых звестках у 1582) кароль Стафан Баторый, пасля адваявання Полацка, звярнуўся да ксяндза Пятра Скаргі ў Вільню з прапановай заснаваць у горадзе кляштар езуітаў. У выніку былі адабраны маёнткі ў праваслаўных і перададзены езуітам.

У 1579 годзе быў пабудаваны драўляны корпус калегіума і касцёла. Вялікую значнасць калегіум атрымаў пасля пераходу віленскага езуіцкага навацыята з Рыгі (1600). У выніку Полацк ператварыўся ў цэнтр езуіцкага ордэна ў Вялікім княстве Літоўскім. Езуіты пабудавалі новы манументальны мураваны храм у гонар св. Казіміра. У ліпені 1656 года Полацк наведаў расійскі цар Аляксей Міхайлавіч, які выдаў пастанову аб вяртанні маёнткаў езуітаў праваслаўнаму духавенству. Касцёл быў разабраны. Пасля Андросаўскага перамір'я ў 1667 годзе езуіты зноў умацавалі свае пазіцыі ў Полацку, на месцы знішчанага кальвінскага збора пабудавалі касцёл св. Францішка Ксаверыя. Пажар 1682 года знішчыў касцёл. Пасля пажару быў пабудаваны драўляны касцёл св. Стафана, будынкі келляў і вучылішча. У 1705 годзе касцёл і калегіум наведаў цар Пётр I. У 1734 годзе рускімі войскамі быў знішчаны касцёл і забрана казна кляштара. У 1738 годзе быў пабудаваны новы мураваны храм. Пасля забароны ордэна ў 1773 годзе кляштар працягваў існаваць. Пасля забароны дзейнасці ордэна кляштар трапіў да піяраў. У 1830 годзе быў аддадзены пад кадэцкі корпус. У 1830(8) годзе касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор, перабудаваны. Касцёльнае начынне было перавезена ў Варшаву і Асвею. Касцёл аднаўляўся пасля пажараў 1871 і 1912 гг. У 1962 годзе была разбурана частка корпуса калегіума, у 1964 годзе – узарваны сабор, у 1976–1979 гг. на яго месцы быў узведзены жылы дом.

Пры кляштары ў 1581–1812 гг. існаваў калегіум, які з'яўляўся навучальнай установай класічнага тыпу. У 1768 годзе тут выкладаў філасофію, матэматыку, архітэктуру і тэалогію рэлігійны дзеяч Ф. К. Кару, які ў 1786 годзе стаў рэктарам калегіума і адкрыў пры ім у 1787 годзе друкарню. У 1785 годзе ў калегію прыехаў дзеяч ордэна, архітэктар і матэматык Габрыэль Грубер, які стварыў у новым збудаваным корпусе аздобленую фрэскамі карцінную галерэю і музей, абсерваторыю і разнастайныя кабінеты. У 1811 годзе імператарам Аляксандрам I было прынята хадатайства аб наданні полацкаму калегіуму статуса акадэміі з дараванымі ўніверсітэтам правамі, і 10 чэрвеня 1812 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай навучальнай установы. Акадэмія складалася з лінгвістычнага, свабодных навук і багаслоўскага факультэтаў. Фундаментальнай была навучальная база ўстановы – вялікая бібліятэка, музей славутасцей, фізічны, механічны і іншыя кабінеты. Ва ўстанову залічваліся кандыдаты ўсіх званняў і веравызнанняў. У 1830–1835 гг. былі рэканструяваны старыя і пабудаваны новыя карпусы: кадэцкі, дом дырэктара і 5 будынкаў службовага прызначэння.

Калегіум – мураваны 3-павярховы галоўны будынак. Е-падобны ў плане пад чарапічным дахам будынак галоўным падоўжным фасадам быў арыентаваны на поўдзень, на раку. У 2-павярховым сярэднім левым крыле на 1-м паверсе размяшчалася трапезная, на 2-м – бібліятэка і музей, да трапезнай прылягаў 1-павярховы будынак кухні. Астатняя частка будынка мела калідорную планіроўку, капітальнымі сценамі была падзелена на 105 памяшканняў са скляпеністымі перакрыццямі. Барочная архітэктура манументальнага і буйнамаштабнага будынка мае буйныя прапорцыі і чляненні, рытм фасадам надаюць вялізныя прамавугольныя і элепсападобныя аконныя праёмы ў простых ліштвах з замковым каменем, вуглавыя і прасценачныя лапаткі на вышыню ўсіх паверхаў, тонкапрафіляваны завяршальны карніз. У 1778 годзе паралельна будынку касцёла быў узведзены 3-павярховы корпус, у якім на 1-м паверсе размясцілася кнігарня, на 2-м – друкарня, на 3-м – тэатр. З паўночнага боку да касцёла быў прыбудаваны 2-павярховы Г-падобны ў плане флігель для ксяндзоў, які аб'яднаў касцёл з галоўным корпусам. У 1780 годзе былі пабудаваны 1- і 2-павярховыя карпусы гаспадарчага прызначэння, яны абмяжоўвалі тэрыторыю калегіума з поўначы і захаду і замыкаліся 2-павярховым будынкам з брамай. Паўднёвы схіл узгорка, на якім стаяў галоўны корпус, быў умацаваны падпорнай сцяной (захавалася).

На працягу XVIII–XIX стагоддзяў калегіум езуітаў сфарміраваўся ў рэпрэзентатыўны горадабудаўнічы ансамбль. Касцёл стаяў па восі сіметрыі плошчы ў завяршэнні перспектывы Віцебскай вуліцы. З ліку будынкаў езуіцкага калегіума страчаны корпус канвікта, вучылішча, музея і тэатра, а таксама службовыя карпусы ў паўночнай частцы комплексу і будынак аптэкі з заходняга боку. Перад касцёлам сфарміравалася галоўная Парадная плошча горада. На берагавым схіле перад галоўным фасадам будынка калегіума быў разбіты рэгулярны парк. У савецкі час будынкі кляштара выкарыстоўваліся пад ваенны шпіталь. У пачатку 1990-х гадоў пачалася рэстаўрацыя будынкаў калегіума, якія потым былі перададзены Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.

Касцёл (не захаваўся) з'яўляўся творам архітэктуры барока. Быў вырашаны па каноне 3-нефавай крыжова-купальнай базілікі з 2-вежавым франтальным фасадам і прамавугольнай у плане апсідай (круглай унутры). Барочны купал на гранёным барабане ў сяродкрыжжы быў узведзены архітэктарам-езуітам Габрыэлем Лянкевічам. Узнесеныя над фасадным карнізам 3-ярусныя 4-гранныя вежы, як і купал, вянчаліся цыбулепадобнымі галоўкамі, мелі гадзіннікі-куранты. Пры перабудове пад царкву архітэктура храма набыла рысы класіцызму. Унутры нефы храма перакрывалі цыліндрычныя скляпенні на падпружаных арках.

 

Касцёл святога Стафана і калегіум езуітаў. г. Полацк. Малюнак Н. Орды. Фотаздымак з сайта https://www.radzima.orgПадпорная сцяна паўднёвага схілу ўзгорка, на якім стаяў галоўны корпус калегіума езуітаў. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://globus.tut.by
 

ЛІТАРАТУРА

1. Буховецкий, А. Полоцкие тайны / А. Буховецкий // Информ Плюс (Полоцк). – 2009. – 16 июля. – С. 4.

2. Галенчанка, Г. Я. Езуіцкі калегіум / Г. Я. Галенчанка, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1985. – С. 340–341.

3. Давидович, А. С. Костел св. Стефана в структуре исторического центра Полоцка ХVI–XIX веков / А. С. Давидович // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F, Прикладные науки. Строительство. – 2008. – № 6. – С. 23–26.

4. Касцёл святога Стафана і кляштар езуітаў // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 126–127.

5. Касцёл святога Стафана і калегіўм езуітаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 297–299.

6. Колосовская, А. Н. Полоцкий иезуитский коллегиум / А. Н. Колосовская // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 333.

7. Костюченко, И. Новая эпоха коллегиума / И. Костюченко // Полацкi веснік. – 2005. – 19 крас. – С. 2.

8. Лиходедов, В. В поисках утраченного / В. Лиходедов // Советская Белоруссия. – 2009. – 16 янв. – С. 16.

9. Малашэня, Л. Віват, акадэмія! / Л. Малашэня // Народнае слова. – 2003. – 27 лют. – С. 1.

10. Марчик, Т. П. Иезуитские коллегиумы на Витебщине / Т. П. Марчик // Адукацыя на Віцебшчыне: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі, Віцебск, 30–31 сакавіка 2010 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч [і інш.]. – Віцебск, 2010. – С. 20–23.

11. Матвейчук, В. И. Возникновение и становление архитектурного ансамбля Полоцкого коллегиума иезуитов в 1579–1830 годах / В. И. Матвейчук // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкал. Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2008. – Вып. 30 : Строительство. – С. 6–8.

12. Матвейчук, В. И. Особенности функционально-планировочной организации Полоцкого коллегиума иезуитов / В. И. Матвейчук // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2009. – Вып. 36 : Строительство. – С. 24–27.

13. Салаўёў, А. А. Натурныя даследаванні падвала і першага паверха корпуса «В» былога езуіцкага калегіума ў Полацку / А. А. Салаўёў // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А, Гуманитарные науки. – 2010. – № 1. – С. 42–51.

14. Соловьев, А. Неизвестный коллегиум / А. Соловьев // Западная Двина. – 2010. – № 1. – С. 119–130.

15. У Полацку бачыў святога Стэфана // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь [і інш.]. – Мінск : Беларусь, 2003. – C. 100–105.

16. Федоров, В. Фрески под штукатуркой / В. Федоров // Рэспубліка. – 2010. – 30 студз. – С. 4.