Касцёл святога Антонія Падуанскага. Талачынскі раён, г. Талачын
- Подробности
- Створана 03.02.2020 15:23
- Адноўлена 05.03.2020 11:53
Драўляны касцёл пабудаваны ў Талачыне ў 1604 годзе канцлерам Вялікага княства Літоўскага Львом Сапегам.
У 1769 годзе ў сувязі з заснаваннем базыльянскага манастыра быў узведзены будынак каменнага касцёла ў стылі ракако.
У ходзе рэлігійных войнаў у 1796 годзе касцёл быў ператвораны ва ўніяцкую царкву, а ў 1804 г. – у Пакроўскую.
У лістападзе 1812 года французскія войскі разбурылі старажытны храм.
Толькі ў 1818 годзе побач з ацалелай драўлянай капліцай быў закладзены новы каменны храмавы комплекс.
У архівах захаваліся матэрыялы той эпохі, якія адлюстравалі сумныя вынікі будаўніцтва. З інвентарнага апісання 1841 года: «костёл фигуры четырёхугольной, длиной 9, шириной 6 саженей выведен стенами вышиной только на 1,1–2 сажени, долгое время стоял без крыши, был повреждён и стал неспособен к дальнейшему возведению». Будоўля замерла.
У 1848 годзе стварылі новы камітэт па зборы сродкаў на будаўніцтва касцёла.
Недабудаваны будынак знеслі, стары падмурак разабралі. І ўсяго за шэсць гадоў узвялі новы комплекс. Яго будавалі Фёдар Данілаў, Сцяпан Варфаламееў, Міхаіл Кірнюшын і інш.
Храм пабудаваны ў 1853 годзе на сродкі мясцовых жыхароў, ахвяраванні памешчыкаў Славінскіх і грошы царскай казны.
Манументальнасць храма ўзмацняецца яго размяшчэннем на прыродным узвышэнні.
З'яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму з элементамі рэтраготыкі.
Будынак касцёла – гэта прамавугольны ў плане аб'ём пад двухсхільным дахам.
Алтарны фасад вылучаны моцнай паўкруглай апсідай. Бакавыя сцены вырашаны плоскасна, расчлянёны вузкімі стральчатымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам.
Зала храма падзелена на тры нефы, цэнтральны з якіх паглыблены паўкруглай апсідай. Пры ўваходзе вылучаны бакавыя каморы, над якімі галерэя хораў.
У 1908 годзе на ахвяраванні баранэсы Унгерн-Штэрнберг касцёл пакрылі бляхай, падлогу зрабілі тэракотавай. Мастак Гутцайт, на сродкі памешчыцы С. Гадзінскай, распісаў сцены і столі, якія часткова захаваліся да нашага часу.
У 1917 годзе ўлады зачынілі касцёл, прыстасоўваючы яго то пад ткацкі цэх, то пад мэблевы магазін.
У 1993 годзе касцёл перадалі невялікай каталіцкай парафіі.
11 красавіка 1993 года адбылася першая служба, святкавалі Вялікдзень. Служба ішла на польскай мове.
У 1999 годзе прыход прыняў малады ксёндз Кшыштаф Мікалайчык. Пры касцёле адкрылася нядзельная школа. Служба стала праходзіць на беларускай мове ў суправаджэнні створанага царкоўнага хору.
Сёння храмам кіруе ксёндз Станіслаў Вашкевіч.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцёл святога Антонія / падрыхт.: В. Бірукоў, І. Пікулік // Наша Талачыншчына. – 2009. – 19 верас. – С. 3.
2. Касцёл святога Антонія Падуанскага (Талачын) // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 352.
3. Костёл святого Антония // Синеокая Толочинщина: история, экономика, культура, памятные места / А. А. Шнейдер ; фото: С. А. Абрамович [и др.]. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 29–31.
4. Толочинский Антониевский костёл // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 514–515.
5. Хмелюк, М. Отныне и во веки веков... / М. Хмелюк, М. Королев // Наша Талачыншчына. – 2007. – 22 снеж. – С. 3.
6. Шнэйдар, А. Подых стагоддзяў / А. Шнэйдар // Сцяг Iльiча (Талачын). – 1998. – 16 мая. – С. 2.