Палацава-сядзібны комплекс. Браслаўскі раён, в. Опса
- Подробности
- Створана 16.10.2018 15:23
- Адноўлена 24.01.2019 14:29
У вёсцы Опса знаходзіцца палацава-сядзібны комплекс, які сфарміраваўся ў пачатку ХХ ст. Ён будаваўся пры графе Феліксе Плятэры як асноўная рэзідэнцыя Плятэраў на Браслаўшчыне. Комплекс складаецца з мураванага палаца, гаспадарчых пабудоў, парку. Палац узводзіўся ў 1903–1904 гг. па праекце архітэктара Целяшынскага.
Будынак складаецца з аднапавярховага сярэдняга аб'ёму і бакавых двухпавярховых рызалітаў, перакрытых складаным дахам. Уваход аформлены порцікам на двух калонах. Супрацьлеглы заходні фасад арыентаваны на возера. Уздоўж фасада зроблена адкрытая тэраса, з якой да вады вядзе каскад лесвіц. Архітэктура палаца спалучае рысы класічнага стылю і мадэрна. Тэрыторыю сядзібы аздабляў пейзажны парк. У яго склад увайшлі некаторыя старыя дрэвы. Тут знаходзіцца самы стары дуб Браслаўшчыны вышынёй каля 20 м, якому за 200 гадоў. Захаваліся фрагменты агароджы, вароты, арачны мост з цесанага каменю над рэчкай.
Па пэўных прычынах сядзіба ў Опсе не стала рэзідэнцыяй Плятэраў. У час Першай сусветнай вайны тут размяшчаўся ваенны шпіталь расійскай арміі. У 20-я гады Плятэры прадалі маёнтак дзяржаве для арганізацыі сельскагаспадарчай школы. У пасляваенны час тут размяшчаўся дзіцячы дом і школа-інтэрнат.
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунова, Е. Не графское это дело / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2017. – 27 чэрв. – С. 1, 8–9.
2. Бут, А. Былое величие в запустении / А. Бут // Віцебскі рабочы. – 2007. – 25 студз. – С. 14.
3. Дучыц, Л. У. Помнікі архітэктуры і садова-паркавага мастацтва / Л. У. Дучыц // Край блакітных азёр – Мінск : Полымя, 1988. – С. 19–24.
4. Матэрыяльная і духоўная спадчына Браслаўскага краю // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 601–616.
5. Русецкі, А. У. Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я: ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі ; мастак В. Г. Загародні. – Мінск : БелСЭ, 2005. – 320 с.
6. Сядзіба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 154.
7. Сядзіба ў Опсе // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1996. – С. 108–112.