Палацава-паркавы комплекс Тызенгаўзаў. Пастаўскі раён, г. Паставы
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 19.07.2022 09:57
Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму створаны ў канцы XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя на паўднёвай ускраіне горада Паставы, на левым беразе р. Мядзелка.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гаспадарчых пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Галоўны жылы дом – 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы – традыцыйнае 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор'е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы – стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Будаўніцтва распачата на месцы сядзібы ў 1760-я гады. У 1770-я гады было спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й палове XIX стагоддзя на паўднёвым беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтральныя часткі паўднёвых і ўсходніх крылаў вылучаны больш высокімі аб'ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсходні фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вялікай тэрасай перад ім. У 1830-я гады да паўночнага фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манументальнай лесвіцай; у паўночным крыле – капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль.
Парк – рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Плошча каля 10 га. Меў форму выцягнутага з поўначы на поўдзень прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з поўдня – возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкаратыўных групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага – асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсходняга канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і галоўнай вуліцай горада.
У 2006 годзе перад будынкам палаца быў усталяваны помнік Канстанціну Тызенгаўзу. У 2014 годзе падвальныя памяшканні палаца былі адрамантаваны, і ў іх была створана музейная экспазіцыя, якая расказвае пра дзейнасць Тызенгаўза.
ЛІТАРАТУРА
1. Дворец Тизенгауза // Родовые дворцы и усадьбы. – Минск : УП «Национальное агенство по туризму», 2009. – С. 10.
2. Ішчанка, С. Турыстам праз... палац-бальніцу Тызенгаўза / С. Ішчанка // Культура. – 2005. – 12–18 сак. – С. 5.
3. Кулагін, А. М. З гісторыка-архітэктурнага мінулага / А. М. Кулагін // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 529–544.
4. Кулагін, А. М. Палац Тызенгаўза / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 320.
5. Мінкевіч, Л. Птушкі ў палацы / Л. Мінкевіч // Народная газета. – 2012. – 20 крас. – С. 3.
6. Паставы. Палац Тызенгаўзаў : путеводитель / аўт.-склад. В. А. Архіпава. – Мінск : Квадрограф, 2004. – 5 с. : іл.
7. Пастернак, Т. Во дворце Тызенгауза будет музей / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2010. – 24 снеж. – С. 2.
8. Пішч, Г. Пастаўскі палац Тызенгаўзаў / Г. Пішч // Вiцебскі рабочы. – 2004. – 14 снеж. – С. 3.
9. Притяжение Тизенгаузов // Народная газета. – 2008. – 29 крас. – С. 4.
10. Сяргееў, І. Палац Тызенгаўзаў / І. Сяргееў // Лiтаратура i мастацтва. – 2006. – 1 верас. – С. 7.
11. Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Мінск : Ураджай, 1989. – С. 39.