Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Вiцебскi ДБК, ДП

 

Сучасная назва ДП «Вiцебскi ДБК»
Віцебскі домабудаўнічы камбінат (1966)
праектна-прамысловае будаўнічае аб'яднанне індустрыяльнага домабудавання «Віцебскжылбуд» (1988)
аб'яднанне «Віцебскі ДБК» (1994)
РУП «Віцебскі ДБК» (2000)
Тып дзяржаўнае прадпрыемства
Дата заснавання 1966
Месца знаходжання  Віцебская вобласць, г. Віцебск
Галіна будаўніцтва, будаўнічая прамысловасць
Сайт https://vitdsk.by

 

Віцебскі домабудаўнічы камбінат быў утвораны 1 лютага 1966 года на базе будаўнічага ўпраўлення № 36 Трэста № 9, завода жалезабетонных вырабаў і БПД. Першым начальнікам ДБК быў прызначаны Генадзь Калінін. У склад Віцебскага ДБК увайшлі завод буйнапанэльнага домабудавання і будаўнічыя патокі па мантажы і аддзелцы дамоў БПД. Першы панэльны дом быў пабудаваны ў 1960 годзе па вуліцы Фрунзэ ў Віцебску са сценавых панэляў (пенабетону). Стварэнне ДБК забяспечыла пераход да новай серыі буйнапанэльных дамоў з удасканаленай планіроўкай кватэр. У 1966 годзе сіламі ДБК у Віцебску ўпершыню ў Беларусі ўзведзены дзевяціпавярховы панэльны дом БПД на 280 кватэр з магазінам на першым паверсе па Смаленскай шашы (цяпер – плошча Перамогі). Вялікая заслуга ў распрацоўцы і ўкараненні дзевяціпавярховых дамоў належыць начальніку канструктарскага аддзела Ігару Краўчанку. Дзякуючы яго намаганням, Віцебскі ДБК першы ў рэспубліцы перайшоў да будаўніцтва жылля павышанай паверхавасці. Асваенне новай серыі і нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці дазволіла калектыву Віцебскага ДБК перайсці да забудовы мікрараёнаў г. Віцебска і аказаць дапамогу ў адраджэнні Нечарназем'я Расіі.

У 1968 годзе Віцебскі ДБК увайшоў у склад вытворчага камбіната «Будіндустрыя» і быў падпарадкаваны непасрэдна Міністэрству прамысловага будаўніцтва. З гэтага часу прадпрыемства з'яўляецца генеральным падрадчыкам па забудове жылых комплексаў горада. Камбінат вядзе ўласнымі сіламі 94 % аб'ёму работ, уключаючы ўнутрыквартальныя камунікацыі, устройства падземнай і надземнай часткі будынкаў, іх аддзелку, унутраныя санітарна-тэхнічныя і электрамантажныя работы. Па меры развіцця камбіната расла прадукцыйнасць працы, павялічваўся аб'ём арэнднага жылля. Рост аб'ёмаў вытворчасці дазволіў камбінату ўзводзіць жылыя дамы ў іншых гарадах рэспублікі. За гэтыя гады з вырабаў БПД асвоена будаўніцтва дзіцячых садоў і ясляў. Укаранёна керамзітабетонная панэль, якая дазволіла значна знізіць працазатраты, павысіць цеплатэхніку дома. На сэканомленыя сродкі былі пабудаваны піянерскі лагер «Ліпкі», а таксама база камплектацыі па вуліцы Залатагорскай.

У 1971 годзе камбінат перайшоў на новыя ўмовы планавання і эканамічнага стымулявання. Быў распрацаваны комплексны план арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па ўкараненні дасягненняў навукі і тэхнікі, удасканаленні тэхналогіі вытворчасці, навуковай арганізацыі працы, кіравання і сацыяльнага развіцця камбіната. У дамах БПД быў укаранёны вентыляцыйны дах, узбуйнены нулявы цыкл, абліцоўванне санкабін ажыццяўлялася пры дапамозе керамічнай пліткі, ужывалася афактурыванне сценавых панэляў і інш. Таксама была ўкаранёна пліта перакрыцця з керамзітабетону на ўвесь пакой. Былі сфарміраваны брыгады па ўкараненні новай тэхнікі, у склад якіх, акрамя інжынерна-тэхнічных работнікаў, уваходзілі зваршчык, слесар, станочнік. У 1971–1972 гг. калектыў камбіната за дасягненні ў рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве ўзнагароджваўся пераходнымі сцягамі Міністэрства прамысловага будаўніцтва БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў. У 1973 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю мільённы квадратны метр жылля.

З мэтай паляпшэння якасці жылля, укаранення сучасных тэхналогій індустрыяльнага домабудавання ў 1974 годзе пачалася рэканструкцыя завода БПД. Гэта дазволіла практычна змяніць аблічча горада. У першую чаргу ўдасканальваліся архітэктурна-планіровачныя рашэнні забудовы новых мікрараёнаў, павялічвалася паверхавасць аб'ектаў, значна палепшылася планіроўка жылля.

У 1977 годзе Віцебскі домабудаўнічы камбінат увайшоў у склад будаўніча-мантажнага трэста № 28 «Віцебскграмадзянжылбуд». У 1983 годзе ў сувязі з вялікай патрэбай у жыллі, недахопам вытворчых магутнасцей завода БПД і немагчымасцю нарошчвання вытворчасці дамоў БПД на існуючым заводзе сіламі трэста № 28 у раёне п. Білева пачалося будаўніцтва цэха вонкавых сценавых панэляў. Для будаўніцтва завода былі задзейнічаны рэсурсы практычна ўсіх буйных прамысловых прадпрыемстваў горада і вобласці. Аб'ём вытворчасці жалезабетонных канструкцый і бетонных вырабаў з 1991 па 2005 гг. павялічыўся ў 1,5 разы. Пры засваенні магутнасцей завода БПД у Білева не спынялася вытворчасць жалезабетонных вырабаў на старой пляцоўцы.

У 1988 годзе Віцебскі ДБК пераўтварылі ў праектна-прамысловае будаўнічае аб'яднанне індустрыяльнага домабудавання «Віцебскжылбуд» і загадам Міністэрства будаўніцтва БССР вылучылі са складу будаўніча-мантажнага трэста № 28 «Віцебскбуд». Прадпрыемства часткова прыняло на сябе функцыі заказчыка па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі. Спачатку гэта было праектнае ўпраўленне, а з 1992 года ў склад камбіната ўвайшоў філіял праектнага інстытута «Белгіпрабуд». У 1990 годзе на базе ўчастка механізацыі было створана ўпраўленне механізацыі і спецработ, якое ўваходзіць у склад камбіната. Сёння ўпраўленне механізацыі – гэта магутнае аўтатэхнічнае падраздзяленне, якое налічвае больш за 70 адзінак землярыйнай і будаўнічай тэхнікі, 109 транспартных сродкаў, абслугоўвае 14 вежавых кранаў, выконвае вялізны аб'ём землярыйных работ, работ па пракладцы інжынерных камунікацый, правядзенні добраўпарадкавання тэрыторыі аб'ектаў жылля, перавозцы жалезабетонных вырабаў.

У 1994 годзе праектна-прамысловае будаўнічае аб'яднанне індустрыяльнага домабудавання «Віцебскжылбуд» перайменавалі ў аб'яднанне «Віцебскі ДБК». У гэты перыяд калектыў камбіната аказваецца ў складаным фінансавым становішчы з-за адсутнасці заказаў на будаўніцтва жылля. З мэтай захавання калектыву кіраўніцтва завода пачало асвойваць выпуск жалезабетону і бетону для прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. Былі заключаны дагаворы на пастаўку жалезабетонных вырабаў у Расію – Смаленск і Маскву. Асвоены выпуск тратуарнай пліткі, бардзюрнага каменю, жалезабетонных кольцаў, таварнага бетону. З мэтай атрымання заказаў на будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнага прызначэння і жылых дамоў у Расіі Віцебскі ДБК выступае ініцыятарам прыняцця пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі на будаўніцтва аб'ектаў на тэрыторыі Расіі. У гэтыя гады камбінат узводзіць будынкі і збудаванні прамысловага і сацыяльнага прызначэння, жылыя дамы ў г. Белаярскі Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі, Валгарэчанску, Маскве, Смаленску, Пскове, Кастраме. У сувязі з аддаленасцю аб'ектаў, якія будуюцца ў Расійскай Федэрацыі, у 2000–2003 гг. ствараецца Белаярскае будаўнічае ўпраўленне. Ва ўмовах Сібіры, выкарыстоўваючы вахтавы метад, калектыў ДБК правёў рэканструкцыю базы адпачынку «Севяранка», друкарні, лыжнай базы, пабудаваў і здаў 48-кватэрны дом з мансардай, 50-кватэрны дом БПД з панэляў Омскага завода, педыятрычны корпус і іншыя аб'екты сацыяльнага прызначэння.

У 2000 годзе аб'яднанне «Віцебскі ДБК» перайменавана ў РУП «Віцебскі ДБК», у 2003 годзе ў яго склад увайшло ААТ «Трэст № 28». У 2008 годзе пачалося поўнамаштабнае тэхнічнае пераўзбраенне завода БПД без спынення вытворчасці. У 2017 годзе РУП «Віцебскі ДБК» перайменавана ў дзяржаўнае прадпрыемства «Віцебскі ДБК».

Домабудаўнікі ўносілі і ўносяць свой уклад у развіццё сельскай гаспадаркі. У 2004 годзе камбінатам асвоена вытворчасць лёгкіх панэльных дамоў па фінскай тэхналогіі і за гэты час у сельскіх населеных пунктах пабудавана 65 жылых аб'ектаў сядзібнага тыпу. Акрамя будаўніцтва жылля, камбінат мае вопыт рэканструкцыі сацыяльна значных аб'ектаў. Так, у 2007 годзе ў Віцебску была праведзена рэканструкцыя пляцоўкі Летняга амфітэатра для правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Прадпрыемства паспяхова вырашыла задачы па рэканструкцыі вагоннага дэпо, аўтавакзала і будаўніцтве новага піўзавода.

Сёння дзяржаўнае прадпрыемства «Віцебскі ДБК» – гэта шматпрофільнае прадпрыемства, якое паспяхова вырашае задачы вытворчасці жалезабетонных вырабаў і канструкцый і будоўлі жылля. Завод БПД выпускае шырокі асартымент высокаякасных жалезабетонных вырабаў і канструкцый для мантажу жылых дамоў БПД і індывідуальнага домабудавання, а таксама плітку тратуарную, бардзюры, таварны бетон і раствор. У склад Віцебскага ДБК уваходзіць дапаможная вытворчасць па перапрацоўцы пясчана-гравійнай сумесі «Крулеўшчызна».

За ўсю гісторыю свайго існавання прадпрыемства выканала забудову большасці мікрараёнаў Віцебска. Ажыццяўляла будаўніцтва ў Мінску, Полацку, Оршы, Браславе, а таксама ў малых гарадах Віцебскай вобласці. За ўсе гады прадпрыемства пабудавала звыш 4 млн. м2 жылля.

У розныя гады Віцебскі ДБК узнагароджваўся дыпломамі за высокія дасягненні ў сваёй працы: «За дасягненні ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь» (2005, 2006, 2007, 2009), «Лепшы будаўнічы прадукт года» (2014, 2015). Прадпрыемства было занесена на Рэспубліканскую Дошку Гонару (2010) і Дошку Гонару г. Віцебска (2008, 2010, 2016).

Работнікі ДП «Віцебскі ДБК» удзяляюць шмат увагі спорту. Каманда камбіната заўжды прымае ўдзел ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах, якія праходзяць у краіне, вобласці і горадзе. Для дзяцей работнікаў прадпрыемства дзейнічае дзіцячы аздараўленчы лагер «Ліпкі» ў Віцебскім раёне.

Адрас: Віцебская вобласць, горад Віцебск, Маскоўскі праспект, 55.

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

 

ДП «Вiцебскi ДБК». г. Віцебск. Фота з сайта https://yandex.by/Будаўніцтва жылога дома ДП «Вiцебскi ДБК». Фота з сайта https://www.sb.by/У вытворчых цэхах ДП «Вiцебскi ДБК». Фота з сайта https://www.sb.by/У вытворчых цэхах ДП «Вiцебскi ДБК». Фота з сайта https://www.sb.by/У вытворчых цэхах ДП «Вiцебскi ДБК». Фота з сайта https://www.sb.by/У вытворчых цэхах ДП «Вiцебскi ДБК». Фота з сайта https://www.sb.by/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Алимова, Е. Витебский ДСК: сделано железобетонно / Е. Алимова // СБ. Беларусь сегодня. – 2023. – 2 авг. – С. 13.

2. Витебский ДСК: летопись качества и успеха // Витебские вести. – 2024. – 28 июня. – С. 15.

3. Государственное предприятие «Витебский ДСК»: все для эффективного и безопасного труда / подгот. А. А. Тихонов // Охрана труда и социальная защита. – 2023. – № 10. – С. 4–9.

4. Домостроительный комбинат // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – С. 172.

5. Дубовиков, А. ДСК присматривается к роботам / А. Дубовиков ; [беседовал] С. Антонов // Витебские вести. – 2020. – 5 дек. – С. 4.

6. Кочетов, С. В первом ряду – новинка ДСК / С. Кочетов // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 5 окт. – С. 3.

7. Кочетов, С. Стройка начинается с охраны труда / С. Кочетов // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 30 сент. – С. 11.

8. У кого лучшие изделия из железобетона / подгот. В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2022. – 1 дек. – С. 3.

9. Шайтар, В. И. Мы этот город строили с тобою...: к 50-летию РУП «Витебский ДСК» / В. И. Шайтар. – Минск : Колорград, 2016. – 194, [1] с.

 

СПАСЫЛКІ

arrow История компании

arrow Республиканское унитарное предприятие «Витебский ДСК»