Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Віцебск, г.

Народная творчасць старажытнага Віцебска – ад мудрай прыказкі да гістарычнага падання, ад чароўнай казкі да абрадавай песні – прасякнута міфалагічнымі сюжэтамі, цесна звязана з абрадамі, бытавымі і эстэтычнымі патрэбамі. За кароткі час вусная народная творчасць дасягнула багацця і выразнасці паэтычных формаў. Папулярнымі сталі казкі пра жывёл, загадкі пра з'явы прыроды, народныя спевы, прысвечаныя важным перыядам жыццядзейнасці чалавека.

У XI–XII стст. пачынае развівацца таксама і музычная творчасць. З'яўляюцца карагоды, якія былі напоўнены рытуальна-магічным сэнсам і спалучалі паэтыка-музычнае мастацтва з элементамі драмы і харэаграфіі. Гэта найстарэйшы, самастойны жанр танцавальнай культуры Віцебска, які мае свой самабытны характар і непаўторны нацыянальны каларыт.

XV–XVIII стст. – важны этап у развіцці вуснай народнай творчасці Віцебска. У гэты перыяд у гарадскі фальклор пранікае і атрымлівае сваё далейшае развіццё жанр гістарычнага падання і гістарычнай песні, якія адлюстроўвалі народнае ўспрыняцце і народную ацэнку гістарычных асоб, падзей і з'яў. Асаблівай папулярнасцю карысталіся песні, быліны, паданні, насычаныя тэмай адзінства ўсходнеславянскіх народаў, супраціўлення езуітам (у народных казках аб'ектам гумару побач з царкоўнымі станавіліся і касцёльныя служыцелі), ідэямі барацьбы з польска-каталіцкім засіллем і татара-турэцкімі набегамі, «бунтарская паэзія», вершы і народныя (казацкія) песенныя мелодыі («Туман, туман па даліне»). Прыкметна ўзмацняецца сатырычны напрамак (прадстаўленні скамарохаў). Асаблівасцю гарадскога фальклору Віцебска з'яўляецца сацыяльна-бытавая, сатырычная, гумарыстычная скіраванасць вершаў і песень тых часоў. Гарадскія песні характарызуюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць у любы час) і яркай індывідуалізацыяй музычна-паэтычнага вобраза.

У сярэдзіне XVI ст. з карагода ў якасці самастойнага віда музычнай творчасці выдзяляецца танец. З'яўляюцца два віды танца: традыцыйны, масавы, які прытрымліваецца традыцый карагода («Гусары», «Верабей», «Заяц», «Юрачка», «Кола» і інш.), і другі, які губляе сувязь з карагодам («Лявоніха», «Мяцеліца», «Каза» і інш.). У канцы XVIII – пачатку XIX стст. атрымліваюць сваё развіццё такія заходнееўрапейскія гарадскія бытавыя танцы, як кадрыля і полька, блізкія па сваім стылі да нацыянальных танцавальных традыцый. Танцы суправаджаліся песнямі і прыпеўкамі, што надавала ім асаблівы шык. На «вечарыны» звычайна збіралася моладзь, прыходзілі і сямейныя пары.

Народная інструментальная музыка тых часоў непарыўна звязана з сямейнымі ўрачыстасцямі, абрадавымі і пазаабрадавымі святамі, ігрышчамі, гульнямі, вечарынкамі, і, канешне, танцамі. Інструментальнае суправаджэнне танцаў змянялася з цягам часу. Спачатку асаблівым гонарам карысталіся дудары. Таксама ганаровае месца займала і скрыпка. Нароўні з дудой і скрыпкай танцам акампаніравалі цымбалы. Многія музычныя інструменты рабіліся з дрэва. Напрыклад, для вырабу цымбалаў народныя майстры выкарыстоўвалі елку або сасну. З другой паловы XIX ст. у гарадскі быт уваходзіць гармонік, выцясняючы цымбалы і скрыпку. Таксама народныя інструменты ў Віцебск завозіліся адстаўнымі салдатамі, якія вярталіся дадому з тэкстыльных фабрык Масквы і Пецярбурга.

Значны ўплыў на фарміраванне традыцыі святочных цырымоній і абрадаў аказала эпоха Адраджэння, звязаная з паняццем «трыумфальнае шэсце». Традыцыйна ў Віцебску ў XVII–XVIII стст., калі горад сустракаў гасцей, каля цэнтра афіцыйных святочных цырымоній – ратушы – ладзілі святочную «браму», вывешвалі сцягі, запальвалі ілюмінацыю, гралі музыканты. Святы абавязкова суправаджаліся феерверкамі, запускамі шароў. Ладзілася ўрачыстая вячэра ў ратушы (для знатных гараджан) у суправаджэнні аркестра. Святочная культура Віцебска доўгі час скіроўвалася да старажытных традыцый і хрысціянскага культу, у тым ліку гэта датычыцца і вясельнага абрада.

У мастацкім жыцці Віцебска таксама актыўна развіваліся народнае песенна-танцавальнае мастацтва, святочная, лялечная культура, такія віды народнага тэатра як батлейка і народная драма (другая палова XIX – пачатак XX стст.), самадзейная проза (казка) і паэзія (песня, прыпеўка, частушка) і інш. Значную ролю ў развіцці народнага мастацтва Віцебска адыграў батлейкавы тэатр, які ўзнік напрыканцы XVI – першай палове XVII стст. і быў звязаны з каляднымі святамі. У Віцебску лялечны тэатр меў назву «жлоб», што азначае кармушка для жывёл. Арганізатарамі відовішчаў былі каталіцкія ордэны, вучні калегіумаў, праз пэўны час традыцыя перайшла да праваслаўных брацтваў, мяшчан і сялян. Тэатр становіцца народным. Віцебскі жлоб з'яўляецца ўнікальным. Ён спалучаў элементы статычных яселек, батлейкі і ценявога тэатра.

Народная драма як від народнага тэатра вядома на Віцебшчыне (і ў Віцебску) не раней канца XVIII ст. Аднак у другой палове XIX ст. з'явіліся першыя паведамленні ў друку пра паказы народнай драмы. Прадстаўленні ў стылі «народнай драмы» адбываліся часцей за ўсё на Ражджаство, таму іх часта называлі «мушкарат» (ці маскарад – ад традыцыі пераапранання). Народная драма існавала як састаўная частка цыкла народных відовішчаў, якія адбываліся на Каляды, і працягвала традыцыю старажытнаславянскіх калядных ігрышчаў з танцамі, інтэрмедыйнымі сцэнамі і г. д.

У другой палове XIX ст. у горадзе пачынаюць выдзяляцца пасядзелкі, вулічныя песні з удзелам шарманшчыкаў, «пятрушак», вулічныя прадстаўленні брадзячых музыкаў, кулачныя спаборніцтвы і інш. Папулярным становіцца маслянічны поезд з песнямі, карагодамі, гульнямі-пацешкамі.

Асаблівае месца належыць і вуснай народнай творчасці. Я. Баршчэўскі, М. Нікіфароўскі, П. Шэйн, Я. Раманаў і іншыя пісьменнікі і даследчыкі фальклору і этнаграфіі захапляліся яе багаццем і імкнуліся на аснове аналізу фальклору аднавіць быт, народную культуру, светаўспрыманне людзей Прыдзвінскага краю.

Народная творчасць гараджан выступае ва ўсёй разнастайнасці класічных відаў і жанраў (казка, балада, песня, прыказка, прымаўка). Папулярнымі з'яўляюцца народныя аповеды, частушкі, анекдоты, самадзейная паэтычная творчасць. Бытуюць традыцыйныя сюжэты, тэмы барацьбы дабра са злом, высмейвання царкоўных служкаў, звароту да сіл прыроды, маральныя аспекты чалавечых адносін (любоў, сяброўства, вернасць і г. д.).

Пачынаючы з 1870-х гг., шырокае распаўсюджванне атрымаў такі жанр песеннай творчасці як частушка, якая таксама расказвала пра жыццё гарадскога насельніцтва:


Витебск – тихий городок,

Жизнь течет в нем строго.

Но народ умом широк:

Здесь частушек много.

 

Пра развіццё гэтага жанру творчасці сведчыць і той факт, што ў 1903 годзе Віцебская губернская друкарня выдала кнігу В. Астаповіча «Белорусская частушка», значная частка якой была запісана аўтарам у Віцебску і яго наваколлях.

«Рабочая» паэзія развіваецца па двух асноўных накірунках: вершаваная творчасць і рабочыя песні фальклорнага тыпу. Сувязь вытворчай дзейнасці і народнай творчасці прасочваецца ў песні «А кто не работал на железке?», якая была запісана ў Віцебску (ці наваколлях) у гады актыўнага будаўніцтва чыгункі ў Віцебскай губерні:


А кто не работал на железке, тот беды не знает,

А мы были, побывали, про беду узнали:

И холода, и голода – всего напринимались,

И холода, голода – всего навидались...

 

Папулярнай у Віцебску была песня «Измученный, истерзанный...», якая адлюстроўвала цяжкія ўмовы працы рабочых. У жаночым асяроддзі асаблівай папулярнасцю карысталіся песні «Ах ты, бедная, бедная швейка», «Не судите меня» і інш. З пашырэннем рэвалюцыйнага руху ў Віцебску сталі папулярнымі рэвалюцыйныя песні «Интернационал», «Варшавянка», «Вихри враждебные», «Красное знамя» і інш. У канцы XIX – пачатку XX стст. з'яўляецца і распаўсюджваецца ў рабочым асяроддзі анекдот. Як правіла, анекдоты прысвячаліся бытавой праблематыцы, радзей (можна было і ў паліцэйскі ўчастак трапіць) расказваліся анекдоты, якія выкрывалі сацыяльную няроўнасць, антынародную эксплуататарскую палітыку цара і чыноўнікаў.

Увогуле, вусна-паэтычная народная творчасць у першай палове XX ст. у Віцебску развівалася на аснове нацыянальнай традыцыі, адчуваўся ўплыў беларускай літаратуры, сялянскай творчасці, рускай рабочай і рэвалюцыйнай паэзіі.

Пасляваенны перыяд для Віцебска і вобласці быў адзначаны фарміраваннем харавых, драматычных, танцавальных, музычных калектываў, аб'яднанняў аматараў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па сутнасці, пачала фарміравацца новая, невычарпальная крыніца духоўнай актыўнасці насельніцтва. Пачынаючы з 1945 года, рэгулярнымі сталі рэспубліканскія, абласныя і гарадскія агляды па розных відах і жанрах самадзейнага мастацтва. Першы пасляваенны агляд мастацкай самадзейнасці адбыўся ў Віцебску ўжо ў 1945 годзе. У рэпертуары тагачасных калектываў былі лепшыя песні беларускіх і расійскіх кампазітараў, выконваліся такія народныя танцы як «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Полька Янка», «Бульба», «Перапёлачка» і інш. Якімі б цяжкімі і складанымі не былі пасляваенныя гады, але самадзейных артыстаў можна было сустрэць у час масавай касьбы і жніва – на калгасным полі, у абедзенны перапынак – на заводзе і ў МТС, у побытавым жыцці – на маладзёжнай вечарынцы і інш. Менавіта ў такіх формах мастацкай самадзейнасці выражалася творчая актыўнасць яе ўдзельнікаў і рос інтарэс да самадзейнага мастацтва ў шматлікіх гледачоў.

Сярэдзіна XX ст. вызначылася актыўным уздымам самадзейнага мастацтва, масавым колькасным ростам гурткоў і калектываў. Усведамляецца неабходнасць вывучэння традыцыйнага народнага мастацтва, фальклору. Асаблівая цікавасць гарадскога насельніцтва была да драматычнага жанру. Тэатральныя пастаноўкі адбываліся на клубнай і школьнай сцэнах, вулічных пляцоўках, палявых станах і ў «чырвоных кутках». Пачынаецца вялікая праца па арганізацыі і стварэнні дамоў і клубаў рамёстваў, музеяў народнай творчасці. Так, у 50–60-я гг. у Віцебску дзейнічалі такія танцавальныя калектывы: «Маладосць» Палаца культуры Віцебскага абласнога ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва (1960), якому быў уласцівы багаты рэпертуар, высокае майстэрства (пастаноўкі, сюжэты, песенна-танцавальныя карагоды і г. д.), калектыў займаўся зборам і апрацоўкай песеннага і танцавальнага фальклору, вывучэннем самабытнасці нацыянальнага адзення жыхароў Паазер'я, Падзвіння; танцавальны калектыў Віцебскага гарадскога Дома культуры «Лявоніха», у рэпертуары якога значыліся народныя танцы і кампазіцыі – «Крыжачок», «Беларускія хлопцы», «Беларуская лірычная», «Полька», рускія, украінскія, кубінскія і іншыя танцы. Але ўся самадзейная творчасць не зводзілася толькі да танцавальнага мастацтва. Найбольш распаўсюджанай і масавай з'яўлялася творчасць песенная. На святах і ўрачыстасцях, у клубах і студэнцкіх інтэрнатах гучалі песні самых разнастайных жанраў – працоўныя, вясельныя, пра каханне, песні жартоўныя і творы сацыяльнага плана.

У 80-я гады XX ст. сталі традыцыйнымі ў жыцці жыхароў Віцебска святы каляндарнага цыкла – Провады зімы (Масленіца), Сустрэча вясны (свята «Вясны»), Сустрэча лета («Купалле»), да якіх ладзіліся паўсямесна святы песні, святы відаў і жанраў мастацтва і мастацкіх промыслаў. Працягвалі радаваць гледачоў народныя ансамблі танца «Маладосць» і «Лявоніха», а таксама танцавальны ансамбль «Крыніцы» Палаца культуры Віцебскага вытворчага аб'яднання «Даламіт» (рэпертуар «Рубаўская скакуха», «Прыдзвінская кадрыля», «Рубаўская рассыпуха», «Лявоніха» і інш.). 90-я гг. XX ст. накіраваны на захаванне і адраджэнне традыцыйнай культуры, развіццё ўсіх відаў народнай творчасці.

На сённяшні дзень адраджэннем, захаваннем, вывучэннем і развіццём народнай спадчыны Віцебска і Віцебскай вобласці займаюцца культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"», які выконвае культурна-адукацыйныя, навукова-даследчыя, кансультацыйна-метадычныя функцыі па захаванні, развіцці і прапагандзе лепшых народных традыцый. Установа стымулюе адраджэнне і развіццё мясцовых відаў народнага мастацтва і творчасці. Праводзіцца навукова-даследчая праца па вывучэнні розных напрамкаў народнай творчасці, лепшых узораў твораў народных майстроў і самадзейных мастакоў, гістарычных прадметаў мясцовага быту. На базе культурна-гістарычнага комплексу дзейнічаюць самадзейныя ансамблі і калектывы, творчасць якіх накіравана на адраджэнне народных традыцый, звычаяў, папулярызацыю фальклору розных жанраў (народныя танцы, песні, знаёмства з народнымі інструментамі). Сярод іх народны ансамбль народнай песні «Сябрына», ансамбль народнай музыкі «Жалейка» і інш.; ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». На сучасным этапе асноўнымі мэтамі і задачамі Цэнтра з'яўляюцца: захаванне і развіццё нацыянальнай культуры, традыцыйных форм культурнай дзейнасці і адпачынку, рамёстваў і промыслаў, развіццё самадзейнай творчасці ва ўсіх выявах, асабліва носьбітаў аўтэнтычнага фальклору, павышэнне якаснага ўзроўню метадычнага абслугоўвання клубных устаноў, арганізацый культуры, Дамоў рамёстваў, калектываў самадзейнай мастацкай творчасці горада і вобласці і інш. Дзякуючы яго дзейнасці, праводзяцца яркія фестывалі, святы і конкурсы, ладзяцца канцэрты і выстаўкі, адбываюцца тэатральныя прэм'еры, вядзецца культурна-адпачынкавая дзейнасць сярод розных катэгорый насельніцтва. Таксама на базе Віцебскага абласнога Палаца дзяцей і моладзі дзейнічае аб'яднанне па інтарэсах «Юныя фалькларысты». Дзейнасць аб'яднання накіравана на знаёмства моладзі з гісторыяй беларускіх абрадаў і звычаяў, творамі вуснай народнай творчасці, даследчую дзейнасць у сферы народнай культуры.


ЛІТАРАТУРА

1. Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці // Наш цэнтр. Наша гісторыя. Наша будучыня: да 80-годдзя стварэння абласных цэнтраў народнай творчасці / Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур ; склад.: Т. М. Яскевіч, Р. І. Вайцяхоўская ; рэдкал.: В. В. Антоненка [і інш.]. – Мінск : ІВЦ Мінфіна, 2019. – С. 59–117.

2. Народная лирика Витебского Поозерья : антология / ред.-сост. В. Н. Поклонская. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2007. – 256 с.

3. Народное творчество // Художественная культура Витебска с древности до 1917 года : историко-художественный очерк / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий ; худож. В. Г. Загородний. – Минск : БелЭн, 2001. – С. 134–139.

4. Прыдзвінскія карункі: (народная танцавальная спадчына Віцебшчыны) / Н. В. Уліновіч [і інш.] ; рэдкал.: Ю. В. Кузьмянкова [і інш.] ; рэд. муз. твораў: Д. В. Лабука, А. П. Слінькова. – Мінск : БудМедыяПраект, 2020. – 420 с.

5. Русецкі, А. У. Мастацкая культура Віцебшчыны (Паазер'е, Падзвінне, Верхняе Падняпроўе): на шляху да новых творчых здабыткаў (1944–1991) : манаграфія / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2018. – 328 с.

6. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / Т. Б. Варфаламеева [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 2 : Віцебскае Падзвінне. – 910 с.

7. Тэатральная лялька. Батлейка // Забава: народная цацка і лялька Віцебшчыны / уклад., аўтар тэксту Л. Вакар. – Мінск : БудМедыяПраект, 2018. – С. 92–93.

8. Якубовіч, І. Ф. Звычай вясельнай рагаткі на Віцебшчыне: гісторыя і сучаснасць / І. Ф. Якубовіч // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2012. – С. 229–232.