Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Віцебская маёліка

Віцебск – адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі, які зрабіў велізарны ўклад у нацыянальную мастацкую культуру. Прыкметнай з'явай для горада XVII–XVIII стст. стала віцебская маёліка – вырабы з апаленай гліны, пакрытыя непразрыстай палівай (посуд, плітка дэкаратыўная, кафля). Само рамяство бярэ свой пачатак у Старажытным Егіпце і Вавілоне, але росквіт яго прыйшоўся на XV–XVII стст. у Італіі. Сюды яно трапіла з Іспаніі праз востраў Мальёрку, які і даў назву гэтаму віду прыкладнога мастацтва. Ёю займаліся не толькі народныя майстры, але і знакамітыя мастакі – Урубель, Васняцоў, Галавін, а таксама заходнія мадэрністы – Пікасо, Лежэ, Эшэр. Маёлікай таксама называюць кераміку з каляровымі глазурамі на фаянсавым і фарфоравым белым ці каляровым чарапку. Дэкаратыўны малюнак, які наносяць перад апальваннем па сырой паліве.

Вялікая колькасць шкляных вырабаў, знойдзеных на тэрыторыі старога Віцебска падчас археалагічных работ канца 1970–1980-х гг., дазваляе выказаць меркаванне пра шырокае развіццё шкляной справы ў горадзе. Некалькі стадый у сваім развіцці прайшла віцебская маёліка. Калі ў XVI ст. асноўным кірункам было перайманне тэхнікі італьянскіх майстроў (сведкай таму выяўлены ў Віцебску археолагам Л. У. Калядзінскім вялікі фрагмент талеркі на кальцавым паддоне з рэалістычнай выявай каровы на цёмна-сінім фоне), то ўжо ў сярэдзіне XVII ст. сцвярджаюцца ўласныя тэхналагічныя прынцыпы (напрыклад, вадкімі агняўстойлівымі фарбамі па эмалі – своеасаблівая імітацыя фаянсу). Віцебская маёліка адкрыла ў кераміцы колер. Для яе былі характэрны сіні, зялёны, белы, жоўты і фіялетавы колеры. Раней гама адценняў у гэтым відзе мастацтва была пераважна стрыманай. У віцебскім краі пашырылі спектр і не абмяжоўваліся тыповым для Беларусі карычневым колерам, які ўвасабляў зямлю і яе дары. Маёліка была багата характэрнымі для Віцебшчыны арнаментамі. Менавіта такія кафлі і аскепкі збаноў, талерак даставалі з нетраў зямлі археолагі.

Віцебская маёліка лічылася дарагой высакаякаснай прадукцыяй. Вялікая колькасць яе была знойдзена ў Верхнім і Ніжнім замку – на левым беразе ад вусця ракі Віцьба, дзе яна ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Выраб такой прадукцыі патрабаваў як спецыфічных умоў працы, так і якаснага матэрыялу. У Віцебску было некалькі керамічных заводаў, дзе выраблялі кафлі ў гэтым стылі. У свой час беларуская маёліка аказала ўплыў на рускую: майстроў з нашай краіны запрашалі ў Маскву, дзе яны афармлялі храмы кафлямі, а заадно пераймалі тэхніку маёлікі ў еўрапейскіх майстроў. Адным з вядомых беларускіх майстроў таго часу быў Сцяпан Палубес, які нарадзіўся ў Мсціславе. Ён, афармляючы рускія цэрквы, зрабіў скульптуры апосталаў у тэхніцы маёлікі, упершыню прымяніўшы колер. Адрадзіць тэхналогію спрабаваў таксама мастак-кераміст Мікалай Міхалап, выкладчык Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ў 1925–1930-х гг. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі знаходзіцца цэлая калекцыя дэталей, якія дайшлі да нас праз стагоддзі.

Вывучэннем, аднаўленнем і развіццём тэхнікі гэтага напрамку сёння займаецца майстар народных рамёстваў ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"» Людміла Кавальчук. Майстар аднаўляе аблічча тыповай для XVI–XVII стст. беларускай керамікі, працуе ў самых розных тэхніках і матэрыялах: фарфор, маёліка, шамот, тэракота, бісквіт. За гады творчых пошукаў і эксперыментаў у яе з'явіўся ўласны стыль роспісу па сырой эмалі. У канцы 2020 года Людміла Кавальчук атрымала прэзідэнцкі грант на рэалізацыю праекта «Віцебская маёліка. Роспіс па сырой эмалі». Яна па тэхніцы віцебскай кафлі зрабіла дэкор для вялікага каміна. Гэта праца заняла ў яе тры гады. Кожную гліняную дэталь спачатку трэба было вылепіць, абпаліць, пакрыць глазурай, распісаць і зноў абпаліць. На атрыманую прэмію майстар набыла спецыяльную печ для абпалу аб'ёмам 60 л. Адначасова ў ёй можна абпальваць некалькі збаноў, а калі дадаць палічку, то і больш за 20 дробных вырабаў.

Свае працы Людміла Кавальчук прэзентуе на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных, замежных і персанальных выставах. Сярод іх выставы ў Віцебску, Полацку, Оршы, Мінску, Прыбалтыцы, Балгарыі, Польшчы, Германіі і інш.

Адна з апошніх буйных выстаў праходзіла падчас «Славянскага базару ў Віцебску». На ёй майстар прэзентавала набор шахмат, выкананых у стылі маёлікі, і стала лаўрэатам першай прэміі. На гліняных клетках мастачка адлюстравала нацыянальныя арнаменты, кожны з якіх нясе сілу, рост, стабільнасць, пазітыў і падтрымку. Фігуркамі на ігральнай дошцы сталі вобразы гараджан і заможных дваран – магнатаў, а таксама жывёлы, якія характэрны для Беларусі. Выключэннем былі толькі сланы, але і яны маюць адбітак беларускага стылю.

Віцебская маёліка – нематэрыяльная культурна-гістарычная спадчына горада Віцебска.

 

Майстар-кераміст Кавальчук Людміла. ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”». Фота з сайта https://www.vitbichi.byМайстар-кераміст Кавальчук Людміла і дэкарыраваны ёю камін, які знаходзіцца ў ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”». Фота з сайта https://www.godedinstva.by/Работа майстра-кераміста Людмілы Кавальчук у тэхніцы віцебскай маёлікі. Фота з сайта https://www.godedinstva.by/Работа майстра-кераміста Людмілы Кавальчук у тэхніцы віцебскай маёлікі. Фота з сайта https://www.godedinstva.by/Майстар-клас па вырабе маёлікі праводзіць майстар-кераміст Людміла Кавальчук. г. Віцебск. Фота з сайта https://vitvesti.by/Майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Людміла Кавальчук прадстаўляе свае вырабы на «Задзвінскім кірмашы». г. Віцебск. Фота з сайта http://rastishka.by/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Волкова, Л. Не боги горшки обжигают – богини! / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 23 февр. – С. 6.

2. Гаўрылаў, В. Віцебскі тандэм / В. Гаўрылаў // Мастацтва. – 2006. – № 2. – С. 24–25.

3. Калядзінскі, Л. Зеўс з нашага Эрыдана: загадка адбітку пальца – раскрыта / Л. Калядзінскі // Культура. – 2009. – 17–23 кастр. – С. 14.

4. Калядзінскі, Л. У. Італьянская маёліка XVI ст. з раскопак Верхняга замка Віцебска: новыя падыходы ў вывучэнні артэфакта / Л. У. Калядзінскі // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю знаходкі берасцяной граматы ў Віцебску і 150-годдзю з дня нараджэння А. Р. Брадоўскага, Віцебск, 22–23 кастрычніка 2009 г. / рэдкал.: Г. У. Савіцкі [і інш.]. – Минск : Медысонт, 2010. – С. 58–64.

5. Калядзінскі, Л. Італьянская маёліка XVI стагоддзя з Верхняга замка ў Віцебску: новыя звесткі / Л. Калядзінскі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2011. – № 11. – С. 22–24.

6. Ковальчук, Л. Керамика : [Изоматериал] / Л. Ковальчук, В. Ковальчук ; вступ. ст. Л. Финкельштейн. – Мінск : Панграф, 1997. – 31 с.

7. Крупица, Н. Возрождение витебской майолики / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 4 февр. – С. 1.

8. Крупица, Н. Arterra – формула творчества и любви / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 16 февр. – С. V.

9. Крупица, Н. Новый век витебской майолики / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 23 апр. – С. 5.

10. Людмила и Валерий Ковальчук – керамисты Витебска [Изоматериал] : альбом / сост. Л. В. Вакар. – Минск : Онорэ, 2014. – 120 с. – (Культурные проекты).

11. Мартова, Н. Жизнь за гончарным кругом / Н. Мартова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2005. – 20 авг. – С. 5.

12. Масловская, О. Искусство и земля / О. Масловская // Віцебскі рабочы. – 2012. – 11 февр. – С. 8.

13. Пастернак, Т. С. Ремесло сродни искусству / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2018. – 4 дек. – С. 8.

14. Соловьева, Т. Линии жизни в терракоте и майолике / Т. Соловьева // Витебский проспект. – 2009. – 5 марта. – С. 3.

15. Соловьева, Т. Художественные образы в керамике / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 30 нояб. – С. VII.

15. Фатыхава, Г. А. Кавальчук Людміла Мікалаеўна / Г. А. Фатыхава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 7 : Застаўка–Кантата. – С. 398.

16. Цыбульский, М. Л. Ковальчуки / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 115.

 

СПАСЫЛКІ

Магия создания хрупкой вечности, или Чем пленяет витебская майолика

Витебская майолика и забытая набойка. Выставка древних и забытых ремесел открылась в Витебске

Реконструкции витебской майолики посвятила свою жизнь известный белорусский художник Людмила Ковальчук

Художники-керамисты Людмила Ковальчук и Валерий Ковальчук