Помнікі археалогіі. Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 09:34
- Адноўлена 08.01.2019 15:44
На тэрыторыі раёна налічваецца 16 гарадзішчаў. Даследавана 5 з іх. Да найбольш ранніх адносяцца Урагаўскае, Асвейскае і Дуброўскае. Да позніх адносяцца Абрамаўскае і Чапаеўскае гарадзішчы.
Абрамаўскае гарадзішча даследаваў у 1966 годзе К. П. Шут. Яно размешчана за 2 км на паўднёвы ўсход ад в. Абрамава, на пясчаным узгорку вышынёй 5–6 м і вядома пад мясцовай назвай Гарадзец. Пляцоўка гарадзішча авальнай формы памерам 40х35. Знойдзены рэшткі ляпных гладкасценных слоікападобных гаршкоў, жалезныя наканечнікі, шылы, праколкі.
Асвейскія гарадзішчы адносяцца да пасяленняў балцкіх плямёнаў. В. І. Шадыра даследаваў гарадзішчы ранняга жалезнага веку каля в. Барсукі і Марыліна Гара ў Цястах. На гарадзішчы Марыліна Гара знойдзены рэшткі каменнага агнішча і разнастайныя вырабы з каменю, гліны, жалеза, бронзы. Даволі рэдкай знаходкай з'яўляецца жалезнае рубіла. К. Н. Шут і У. Ф. Ісаенка абследавалі гарадзішчы каля в. Дубровы пад назвай Гарадзец і каля в. Чапаеўская пад назвай Цыганка.
Каля в. Новы Лад знаходзіцца гарадзішча пад мясцовай назвай Французская гара. Вышыня гарадзішча ад асновы 20 м, памер 60х40. Схілы крутыя, ступеньчатыя. Выявіў у 1967 годзе Г. В. Штыхаў, абследавалі У. Ф. Ісаенка, Л. У. Дучыц. Знойдзена ляпная кераміка ранняга жалезнага веку і косці жывел. Аб гэтым гарадзішчы існуе паданне (запісаў М. К. Кротаў з в. Дзернавічы). У 1812 годзе, калі войска Напалеона рушыла на Расію, на шляху з Расон у Дрысу ў раёне Рудні руская армія моцным агнём сустрэла непрыяцеля. Адбыўся жорсткі бой, страты былі вялікія з абодвух бакоў, але ўсё ж французаў палегла значна больш, чым рускіх. Кажуць, нібыта загінуў нават іхні генерал. Загінуўшых французы пахавалі на месцы бою. А каб гэта месца засталося ў людской памяці, французы шапкамі насілі зямлю, насыпаўшы высокую гару, чым стварылі своеасаблівы помнік сваім воінам. Вось з тых далёкіх часоў і носіць гэта гара назву Французская.
Непадалеку ад в. Росіца знаходзіцца гарадзішча Папова гара. Існуе паданне (запісана ад Усяленкі А. А. з Росіцы). Калісьці ў тых мясцінах шмат было вёсак: і Шылава, і Ціршава, і Андзіны. А бліжэй да Андзіноў была царква. Службу ў той царкве веў вельмі багаты поп. І была ў яго прыгожая дачка. Але неяк не дагадзіла яна бацьку, не выканала яго волю – і бацька пракляў дачку страшным пракляццем. І вось, калі ў царкве ішла Велікодная служба, здарылася нечаканае: было ў царкве шмат народу, сярод іх і папоўна, як раптам раскалолася зямля, і царква правалілася разам з людзьмі. А тыя, хто ўцалеў, доўга яшчэ чулі з-пад зямлі плач, ці то спеў. Спрабавалі адкапаць, ды царква яшчэ глыбей правальвалася. Даўно гэта было. А месца і сёння Паповай гарой завуць.
У. Ф. Ісаенка выявіў і абследаваў гарадзішчы каля в. Царкоўна Чапаеўскага сельсавета, каля в. Пескаватка Дзернавіцкага сельсавета, каля в. Княжыца Валынецкага сельсавета, каля в. Маскаленкі Каханавіцкага сельсавета, каля в. Абухава Сар'янскага сельсавета. Раскопкі не праводзіліся.
На Верхнядзвіншчыне вядомы каля 30 месцаў, дзе захаваліся групы курганных могільнікаў і асобныя насыпы перыяду VIII–XIII стст. Некаторыя з курганоў даследавалі археолагі. Гэта курганныя могільнікі каля вёсак Абрамава, Каменка (Асвейскі сельсавет), Брушкава, Забор'е, Скарада (Боркавіцкі сельсавет), Дзянісенкі, Ігналіна, Красова, Лісна, Любасна, Сукалі (Чапаеўскі сельсавет), Доўгае, Зябкі, Лешня (Дзёрнавіцкі сельсавет), Забелы, Няверава (Валынецкі сельсавет). Самыя раннія курганы (канец I – пачатак II тысячагоддзя н. э.) сканцэнтраваны ў ваколіцах воз. Асвейскага і ў басейне сярэдняга цячэння рэк Свольны і Дрысы. Па звестках археалагічных даследаванняў паселішчаў і курганоў можна даць характарыстыку насельніцтва Верхнядзвіншчыны. Падчас ранняга жалезнага веку насельніцтва краю адносілася да днепра-дзвінскай культуры ўсходнебалцкіх плямёнаў.