Помнікі прыроды. Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 08.11.2018 09:34
- Адноўлена 08.01.2019 16:05
Верхнядзвіншчына сярод іншых мясцін Беларусі вылучаецца лепшай захаванасцю прыродных комплексаў, менш закранутых антрапагенным уплывам і свабодных ад постчарнобыльскай радыяцыі. Таму тут прыжыліся шматлікія прадстаўнікі флоры і фаўны, якія лічацца рэдкімі і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Апошні ледавік пакінуў на поўначы Беларусі шмат слядоў у выглядзе розных форм рэльефу. На Верхнядзвіншчыне можна сустрэць зандравыя раўніны і дзюны, марэнныя грады і асобныя камяні і озы, азёрныя даліны і даліны прарыву міжледавіковых вод. Асобныя ландшафты выдзелены як помнікі прыроды.
Сярод помнікаў геалогіі і геамарфалогіі сваёй добрай агляднасцю вылучаецца даліна прарыву Асвейскага правозера. Каля 10 тыс. год таму вялізны і глыбокі вадаём, які займаў тады ўсю чашу Асвейскага возера разам з прылеглымі балотамі, быў акружаны з усіх бакоў нагрувашчваннямі свежай марэны з расталага ледавіка. Пад напорам вады рыхлая яшчэ марэна была размыта ў самым слабым месцы – на захадзе, і вадзяны паток памкнуў да р. Сар'янкі, выпрацоўваючы сабе даліну. Зараз глыбіня гэтай даліны складае каля 40 м.
Таксама помнікамі прыроды з'яўляюцца і іншыя сведкі колішняй дзейнасці ледавіка – Расіцкая ледавіковая даліна, даліна і рэчышча Сар'янкі. Помнікам геалогіі і марфалогіі аб'яўлены ўзгорысты баравы кут на поўнач ад возера Асвейскае і найвышэйшы масіў Асвейскай марэннай грады – гара Гарадзілаўская. Яшчэ адзін помнік прыроды такога тыпу знаходзіцца на Лісняншчыне. Тут паміж вёскамі Малавіды і Дабраплёсы цягнецца Стрэшнаўскае падняцце – гарбіна працягласцю каля 5 км і вышынёй 20 м, парослая хваёвым лесам.
Цікавы таксама прыродны комплекс ля в. Обухава. Тут, на левым беразе Сар'янкі, у берагавым абрыве схаваны арганагенны слой цёплага міжледавікоўя, на дне і з берагоў ракі б'юць крыніцы.
Да помнікаў геалогіі адносяцца найбольш «аўтарытэтныя» валуны, прынесеныя да нас са Скандынавіі. Найбольш вядомы сярод іх з-за сваёй лепшай даступнасці Вялікі камень Хараброўскі.
Менш вядомыя камяні ляжаць у рэчышчы р. Дрыса. Гэта Дзёрнавіцкі і Пярэцкі вялікія камяні. Яны пераўзыходзяць хараброўскага сабрата памерамі, аднак ляжаць у даволі глыбокім месцы.
У параўнанні з Падняпроўем ці Палессем дубы і дубравы ў раёне – з адценнем экзотыкі. Тым больш да іх павагі.
Помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння аб'яўлены два дубы-патрыярхі. Гэта Юсціянаўскі і Сахонаўскі дубы.
ЛІТАРАТУРА
1. Верхнедвинский край / авт.-сост. О. В. Молодечкин ; фото В. Л. Соловьев. – Новополоцк : Молодечкин О. В., 2005. – С. 14–16.
2. Верхнедвинский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sports, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский центр маркетинга, 2005. – С. 108–117.
3. Верхнедвинский район : справочно-информационные материалы / фото В. Л. Соловьева. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – 44 с.
4. Ландшафты // Пуцявінамі роднага краю : прырода і гісторыя Верхнядзвіншчыны / А. Бубала. – Наваполацк : А. У. Маладзечкін, 2017. – С. 57–65.