Помнікі прыроды. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 14.05.2019 09:34
- Адноўлена 14.05.2019 11:34
Асабліва шмат каменных помнікаў старажытнасці на Лепельшчыне. Даследчыкамі ўстаноўлена, што многія старажытныя захаванні-магілы абкладаліся камянямі. З усталяваннем хрысціянства яны часцей за ўсё мелі форму каменных крыжоў. Іх назвалі ў народзе «жальнікі». Верагодна, такая назва мае суадносіны з беларускімі словамі «жаль» ці «жальба».
У лепельскім краі шмат старажытных захаванняў-жальнікаў. Мясцовыя жыхары называюць такія апошнія прытулкі продкаў «Галодныя магілы», альбо «Галоднікі». Пахаваны ў іх людзі, якія памерлі ад голоду ці страшных эпідэмій.
Больш за ўсё валуны выкарыстоўваліся для надмагілляў у XV–XVIII стст. На іх высякалі надпісы ці прыналежнасць да пэўнага сацыяльнага слоя. У вёсцы Гарадчэвічы захаваліся надмагільныя пліты з надпісамі на польскай мове, у вёсцы Слабодка і Лепелі – на іўрыце.
Каля вёскі Малыя Таронкавічы энтузіясты-краязнаўцы ў пачатку 2000-х гадоў паднялі 12 каменных крыжоў і надмагільных валуноў. Дакладна невядома, што гэта: старажытныя могілкі перыяду поздняга язычніцтва і ранняга хрысціянства ці нехта калісьці проста звёз рытуальныя камяні з ваколіц.
У вёсцы Двор-Таронкавічы на месцы язычніцкага капішча знойдзены камень-ахвярнік з паўметра ў вышыню. Зверху зроблены выемка і спецыяльная невялікая канаўка.
У лесе за вёскай Таронкавічы знаходзіцца Рабінавы, альбо Ахвярны, камень – валун вышынёй каля трох метраў і даўжынёй каля пяці. Праз усю паверхню камня праходзіць равок.
Ля вёскі Вялікі Поўсвіж знаходзіцца камень-следавік. Камень, прыкладна ў два метры дыяметрам, мае на сабе адбіткі слядоў.
На ўезде ў Бароўку ўсталяваны вялікі камень. А на ім – памятная дошка з надпісам «1866. Першы ўспамін аб населеным пункце Бароўка». Памятны знак быў зроблены мастаком В. Калясінскім.
За в. Барсукі каля рэчкі Эса знаходзіцца «Броўкава крынічка».
У апусцелай в. Тадуліна знаходзіцца Цар-дуб.
У Бярэзінскім запаведніку знаходзіцца помнік гідратэхнічнага будаўніцтва.
ЛІТАРАТУРА
1. Бунто, М. Аб чым маўчаць каменныя таямніцы / М. Бунто // Рэспублiка. – 2007. – 26 мая. – С. 6.
2. Гусева, Е. Земля курганов и капищ / Е. Гусева // Планета. – 2012. – № 11. – С. 64–71.
3. Кавалеўскі, С. Таямніцы камянёў / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2011. – 15 снеж. – С. 9.
4. Матырка, В. Сімвал Бароўкі / В. Матырка // Лепельскі край. – 2009. – 18 снеж. – С. 5.
5. Славутыя мясцiны i людзi Лепельшчыны // Лепельскі край. – 1998. – 7 крас. – С. 4.
6. Тухта, В. І Рабінавы камень за вёскай... / В. Тухта // Лепельскі край. – 2002. – 18 чэрв. – С. 2.
7. Тухта, В. Каменныя помнікі старажытнасці / В. Тухта // Лепельскі край. – 2005. – 20 снеж. – С. 2.
8. Тухта, В. Таронкавіцкія крыжы / В. Тухта // Лепельскі край. – 2018. – 27 крас. – С. 9.
9. Чарэцкі, В. Поўсвіжскі следавік / В. Чарэцкі // Лепельскі край. – 2016. – 5 студз. – С. 6.