Помнікі археалогіі. Сенненскі раён
- Подробности
- Створана 17.09.2019 09:34
- Адноўлена 23.09.2019 10:26
На тэрыторыі Сенненскага раёна знаходзяцца: гарадзішчы (старажытныя ўмацаваныя паселішчы) – 6, стаянкі першабытнаабшчыннага ладу – 3, курганы – 24; адно старажытнае паселішча ў в. Галоўск, якое па матэрыялах даследавання датуецца III тыс. да нашай эры, адносіцца да позняга неаліту.
Спіс помнікаў археалогіі
Гарадзішча за 1,5 км на паўднёвы захад ад г. Сянно
Мясцовая назва Гарадок. Знаходзіцца каля былой в. Горы, адносіцца да жалезнага веку. Займае марэннае ўзвышша вышынёй 9–10 м, з захаду і ўсходу абкружана балотам. Адкрыў у канцы XIX стагоддзя Е. Р. Раманаў, у 1959 годзе Л. В. Аляксееў праводзіў раскопкі, у 1972 годзе П. Ф. Лысенка даследаваў. Знойдзена ляпная гладкасценная кераміка.
Гарадзішча на ўсход ад в. Старая Беліца
Знаходзіцца на поўдзень ад павароту на станцыю Бурбін. Займае высокі астанец. Пляцоўка абкружана валам, які з поўдня прыкрываў уезд. Вядома з 1873 года, у 1892 годзе даследаваў Е. Р. Раманаў, у 1955 годзе – Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе – П. Ф. Лысенка.
Гарадзішча на поўнач ад в. Новае Сяло
Знаходзіцца недалёка ад правага берага ракі Свячанка. Займае паўночную частку высокага марэннага астанца. Пляцоўка авальная, з паўночнага і паўдневага бакоў умацавана двума валамі. Гарадзішча здзірванелае, зарасло лесам. У 1972 годзе выявіў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча каля в. Машчоны
Знаходзіцца на левым беразе ракі Бярозка. Займае круглы марэнны ўзгорак. Абарончыя збудаванні не захаваліся. Уся пляцоўка гарадзішча занята могілкамі. Вядома з 1873 года. У 1955 годзе даследаваў Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе – П. Ф. Лысенка. Знойдзена ляпная гладкасценная кераміка з жарствой у сценках пасудзіны. Адносіцца да ранняга жалезнага веку.
Курган на паўночны ўсход ад в. Капланы
Знаходзіцца на сучасных могілках. У канцы XIX стагоддзя выявіў Е. Р. Раманаў, у 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка.
Курган за 4,5 км на поўнач ад в. Задарожжа
Знаходзіцца ў хмызняку. У 1972 годзе выявіў і даследаваў П. Ф. Лысенка.
Курган на поўнач ад в. Будзішча
Насып здзірванелы, захаванасць добрая. У 1959 годзе выявіў Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка.
Курганы каля в. Сукрэмна
Курган-1 знаходзіцца ва ўрочышчы Сукрэменскі Бор. Курган-2 – ва ўрочышчы Намарча ў полі каля дарогі. Курган-3 – на паўднёвы захад ад вёскі на гары за могілкамі. У канцы XIX стагоддзя выявіў Е. Р. Раманаў, у 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка.
Курган на поўнач ад в. Копцы
Знаходзіцца сярод поля. Вядомы з 1873 года, у 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка.
Курган каля в. Савінічы
Знаходзіцца на могілках. Вядомы з канца XIX стагоддзя. У 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка.
Курган на захад ад в. Берашова
Вядомы з канца XIX cтагоддзя. У 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка.
Курганны могільнік на паўднёва-ўсходняй ускраіне в. Адамава
Мясцовая назва – Французскія магілы. 16 курганоў знаходзяцца каля могілак, у лесе побач з дарогай. Выявіў у пачатку ХХ стагоддзя К. Ц. Анікіевіч, у 1956 годзе даследаваў Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе – П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганнны могільнік каля в. Кімейка
Мясцовая назва – Французскія магілы. Знаходзіцца ва ўрочышчы Кімейскі Бор. 8 насыпаў размешчаны кампактнай групай, якія зараслі лесам. Асобна каля дарогі ў вёску знаходзіцца яшчэ адзін курган. Каля асновы захаваліся рэшткі раўкоў. У 1972 годзе выявіў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік на поўдзень ад в. Шынкава
Мясцовая назва – Французскія курганы. 5 курганоў знаходзяцца ва ўрочышчы Хвойнікі, недалёка ад ракі Абалянка. Насыпы здзірванелыя, якія зараслі лесам. Каля падножжа відаць раўкі. У 1972 годзе выявіў і даследаваў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганныя могільнікі на поўнач ад в. Навасёлкі
Мясцовая назва – Валатоўкі, Курганы, Французскія магілы. Могільнік-1: 2 курганы на заходнім беразе возера Бароўна, у лесе, ва ўрочышчы Бор. Могільнік-2: 3 насыпы ў лесе, якія зараслі лесам.
Курганны могільнік за 2 км на поўнач ад в. Каралі
Мясцовая назва – Французскія магілы. 3 насыпы знаходзяцца ў лесе. Курганы здзірванелыя, зараслі лесам, адзін пашкоджаны. У 1959 годзе выявіў Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе – П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 2 км на паўднёвы ўсход ад в. Маргойцы
Мясцовая назва – Французскія магілы. Знаходзіцца на поўдзень ад былога Масютава хутара, абапал дарогі 4 курганы: 3 паўсферычныя насыпы, якія пашкоджаны ямамі; адзін падоўжны. У 1972 годзе выявіў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік за 1,5 км на захад ад в. Буй
Ва ўрочышчы Доўгая Пожня захаваліся 4 курганы. Яшчэ ёсць 2 курганы ва ўрочышчы Маханіца. Курганы і могільнік выявіў Ф. В. Пакроўскі, у 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік на паўночнай ускраіне в. Ціміразева
Мясцовая назва – Французскія магілы. Паўсферычныя курганы знаходзяцца часткова на агародах, полі, лузе. Вядомы па звестках 1873 года. У 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Слабада
Восем здзірванелых курганоў знаходзяцца ў хваёвым лесе ва ўрочышчы Гірына, якія зараслі лесам. У 1972 годзе выявіў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік на паўднёвы захад ад в. Расна
Чатыры насыпы ва ўрочышчы Дзядоўка, на ўзлессі, якія зараслі дрэвамі. Выявіў у 1907 годзе П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік на паўночны ўсход ад аг. Студзёнка
Два насыпы знаходзяцца на берагавой тэрасе ўсходняга берага возера Бярозаўскае. У 1972 годзе выявіў і даследаваў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік на паўдёвы захад ад в. Вялікі Азярэцк
20 курганоў. Насыпы здзірванелыя, зараслі лесам. Каля падножжа вялікіх курганоў прасочваюцца паўкруглыя раўкі. У 1972 годзе выявіў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік на захад ад в. Заазер'е
У лесе захаваліся тры здзірванелыя насыпы, якія зараслі лесам. Паводле звестак 1873 года былі 22 курганы. У 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік на поўнач ад в. Малы Азярэцк
Мясцовыя назвы – Балваны, Французскія магілы. У літаратуры вядомы пад назвай былой вёскі Вядзец. Больш за 50 курганоў знаходзяцца ва ўрочышчы Камуна на ўсходнім беразе возера Маеўскае. Частка размешчана на полі, большасць – у хмызняку. Курганы крутабокія, здзірванелыя, зараслі хмызняком і драбналессем. Захаванасць добрая. У 1893 годзе даследаваў Е. Р. Раманаў. Ён раскапаў 5 курганоў. Пахавальны абрад – трупаспаленне, трупапалажэнне. Знойдзены ляпныя і ганчарныя гаршкі. У адным насыпе – дырхем 914 года дынастыі Саманідаў, паясны набор і гаршок. Могільнік адносіцца да X–XIII стагоддзяў, належаў крывічам. У 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка. Знаходкі захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.
Курганны могільнік каля ўсходняй ускраіны в. Ульянавічы
Тры курганы знаходзяцца злева ад дарогі на г. Сянно. У канцы XIX стагоддзя выявіў Е. Р. Раманаў. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік на заходняй ускраіне сучасных могілак каля аг. Ходцы
Пяць насыпаў, якія параслі дрэвамі. У 1893 годзе выявіў Е. Р. Раманаў, у 1972 годзе даследаваў П. Ф. Лысенка. Раскопкі не праводзіліся.
ЛІТАРАТУРА
1. Алимова, Е. Привет из каменного века / Е. Алимова // Витебские вести. – 2018. – 11 авг. – С. 11.
2. Кавалеўскі, С. Курган ля дарогі / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2016. – 20 авг. – С. 6.
3. Кавалеўскі, С. Повязь часу на курганным узвышшы / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2009. – 20 чэрв. – С. 5.
4. Кавалеўскі, С. Подых даўніны / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2011. – 24 лістап. – С. 16.
5. Кармазін, Д. Падарожжа ў ранні жалезны век, або Гісторыя на далоні / Д. Кармазін // Вiцебскі рабочы. – 2003. – 4 верас. – С. 15.
6. Лазука, І. Аматары археалогіі без справы не сядзяць / І. Лазука // Народнае слова. – 1999. – 19 студз. – С. 5.
7. Мінёнак, Н. Далёкая спадчына нашай зямлі / Н. Мінёнак // Голас Сенненшчыны. –2004. – 29 чэрв. – С. 3.
8. Помнікі археалогіі // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 34–36.
9. Сенненскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 396–408.