Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Полацкі раён
- Подробности
- Створана 06.06.2019 07:26
- Адноўлена 06.06.2019 10:56
Паверхня раёна пераважна плоская, ускладняецца марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны. 70% тэрыторыі на вышыні ніжэй за 150 м над узроўнем мора, у т. л. 65 % ад 150 да 125 м, 28 % на выш. 150–170 м. Найвышэйшы пункт 180 м (за 2 км на поўдзень ад Ветрына), найбольш нізкая адзнака 105 м (урэз Заходняй Дзвіны на захад). Глыбіня расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км2.
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночнай ускраіны Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і паўднёва-ўсходняй ускраіны Латвійскай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага, дняпроўскага, у ледавіковых лагчынах – бярэзінскага і беларускіх зледзяненняў магутнасцю ад 30–50 м на водападзелах да 163 м. у ледавіковых лагчынах; ніжэй дэвонскія да 300 м, на захадзе ардовікскія да 10–20 м і кембрыйскія да 50 м, паўсюдна верхнепратэразойскія (венд) да 300–350 м адклады. Пароды крышт. фундамента на глыбіні 600–800 м ніжэй узроўню мора.
Вядомы 114 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі каля 90 млн. т. (найбольшыя Сосніца-Дражбітка, Судзіна балота, Замошша, Ізмацкае балота); 4 радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу з запасамі 46,5 млн. м3 (Канашоўскае, Плігаўскае, Кавалеўшчынскае, Ткачоўскае); 5 радовішчаў глін і суглінкаў з запасамі 33 млн. м3 (найбольшыя Саланіцкае, Сякераўшчынскае, Шарнеўскае, Прудоцкае); 5 радовішчаў будаўнічых пяскоў з запасамі 34,3 млн. м3 (найбольшыя Новабарзілаўскае – часткова, Чарнешчынскае).
Глебы раёна адносяцца да Полацкага (большая частка), Сенненска-Расонска-Гарадоцкага (на паўночным усходзе) і часткова Шаркаўшчынска-Верхнядзвінскага (на паўднёвым захадзе) аграглебавых раёнаў.
Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў (у %): дзярновыя і дзярнова-карбанатныя 0,2, дзярнова-падзолістыя 43,4, дзярнова-падзолістыя забалочаныя 32,8, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 7,4, поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя 3,0, тарфяна-балотныя 13,2; паводле механічнага складу (у %): гліністыя і сугліністыя 45,9, супясчаныя 37,1, пясчаныя 3,8, тарфяныя 13,2.
Полацкая нізіна знаходзіцца на поўначы Беларусі. Займае значную частку Віцебскай вобласці. Паўднёва-заходняя частка Полацкай нізіны вядома як Дзісненская нізіна. Мяжуе з Латгальскім, Нешчардаўскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Ушацка-Лепельскім узвышшамі, Браслаўскай і Свянцянскімі градамі, Чашніцкай раўнінай, заходзіць на тэрыторыю Літвы і Латвіі. Працягласць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход да 200 км, з поўначы на поўдзень 40–80 км, плошча 13,3 тыс. км2. Вышыня 130–140 м над узроўнем мора, у краявых частках да 160 м.
Паверхня плоская і плоскахвалістая, ускладнена марэннымі ўзгоркамі і камамі, радзей азёрамі, дзюнамі. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-глеевыя, тарфяна-балотныя. Рака Заходняя Дзвіна з прытокамі. Азёры: Богінскае, Ельня, Чорнае, Чарвятка, Мёрскае, Чэрас, Грэцкае і інш. Нізіна значна забалочана. Пад ворывам 35 %, пад лесам 34 % тэрыторыі. У межах заказнікі: паляўнічы Казьянскі, гідралагічны Ельня; журавіннікі Вялікае Балота, Лонна.
Нізіна ўтварылася на месцы прыледавіковага вадаёма, які існаваў у час адступання апошняга ледавіка паазерскага зледзянення (18–20 тыс. гадоў назад). На дне вадаёма намнажаліся азёрна-ледавіковыя адклады – пяскі, галька, стужачныя гліны. Пасля таго, як Заходняя Дзвіна прарвала Балтыйскую граду (на тэрыторыі Латвіі), вялізны вадаём быў спушчаны ў Балтыйскае мора. Месцамі на пясчаных грунтах пад дзеяннем ветру ўтварыліся пясчаныя ўзгоркі – дзюны. У межах нізіны ў галоўную раку Заходнюю Дзвіну ўпадаюць Обаль, Сосніца, Палата, Дрыса з Нішчай і Свольнай (справа), Ула, Ушача, Дзісна (нізіну ўздоўж яе часам называюць Дзісненскай нізінай) з Бірветай, Дрысвятай, Янкай, Мнютай (злева). Захаваліся азёры, найбольшыя Богінскае і Ельня. Нізіна значна забалочаная, чаму спрыяюць плоская паверхня і водатрывалыя грунты (суглінкі і гліна). Пад лясамі 34 % тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, захаваліся ўчасткі яловых лясоў, дубровы. Сярод разараных прастораў трапляюцца пралескі з шэрай вольхі. Найбольшая лясістасць у Расонскім (да 60 %) і Полацкім (53 %) раёнах, найменшая – у Шаркаўшчынскім раёне (да 20 %). Пад ворывам 35 % тэрыторыі (у Шаркаўшчынскім раёне 48 %, у Расонскім раёне 13 %).
ЛІТАРАТУРА
1. Абухоўскі, Ю. Ландшафты Полаччыны / Ю. Абухоўскі // Родная прырода. – 2003. – № 6. – С. 26.
2. Каліноўскі, І. І. Полацк і яго ваколіцы / І. І. Каліноўскі ; пер. на англ. мову: С. І. Русанавай, Н. С. Царык. – Мінск : Вышэйшая школа, 2005. – 143 с.
3. Кліцунова, Н. К. Полацкая нізіна / Н. К. Кліцунова // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 12 : Палікрат–Праметэй. – С. 460.
4. Клицунова, Н. К. Полоцкая низина / Н. К. Клицунова // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 329.
5. Клицунова, Н. К. Полоцкая низина / Н. К. Клицунова // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [ и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 165.
6. Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2002. – 912 с. : іл.
7. Петкевич, П. М. Полоцкий район / П. М. Петкевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.] – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 338–342.
8. Полацкі раён / А. К. Гарохаў [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. – Т. 4 : Недалька–Стаўраліт. – С. 238–239.
9. Полоцкая низина // Туристическая энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 453.