Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Полацкая праваслаўная епархія

 Полацкая праваслаўная епархія – старэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Заснавана ў 992 годзе як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Кіеўскай мітраполіі, цэнтр – г. Полацк. Адыграла важную ролю ў хрысціянізацыі Падзвіння і пашырэнні тут больш высокай візантыйскай культуры. Кафедральным храмам епархіі стаў Полацкі Сафійскі сабор. У XIII – пачатку XIV стст. з'яўлялася галоўнай праваслаўнай епархіяй у ВКЛ, ахоплівала тэрыторыю Паўночнай Беларусі (у тым ліку Навагрудак, Мінск, Слуцк, Оршу) і некаторых суседніх зямель, напрыклад, Цвярскога княства. Са стварэннем мітрапаліцкай кафедры ў Навагрудку (1316) роля Полацкай епархіі паменшылася, аднак, у 1511 годзе яна атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт.

У сярэдзіне XVI стагоддзя ў кафедральным Полацку было 6 цэркваў і 14 манастыроў. Аднак у гэты перыяд адбывалася некананічнае прызначэнне велікакняжацкай уладай на епіскапскую кафедру свецкіх асоб, што прыводзіла да злоўжыванняў і дыскрэдытацыі духавенства.

У час Лівонскай вайны (1558–1582), калі Полацк быў заняты расійскімі войскамі, маскоўскі мітрапаліт прызначаў на полацкую кафедру сваіх прадстаўнікоў, а каралі Рэчы Паспалітай ставілі сваіх епіскапаў – полацкіх, якія жылі ў Віцебску і Мсціславе. У 1596 годзе полацкі епіскап Герман падпісаў акт Брэсцкай уніі (1596). Тым часам замест праваслаўнай была ўтворана Полацкая ўніяцкая епархія. У 1620-я гг., з аднаўленнем праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі ў Рэчы Паспалітай, Полацкая праваслаўная епархія была часова адноўлена з прызначэннем на кафедру Мялеція Сматрыцкага; другое яе часовае адраджэнне адбылося ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг., калі маскоўскі патрыярх Нікан прызначаў у Полацк сваіх епіскапаў Іаакіма і Каліста.

Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі ў канцы XVIII стагоддзя пачалося вяртанне ў праваслаўе ўніяцкіх вернікаў, у 1795 годзе ў Полацкай і Магілёўскай губернях у праваслаўе вярнуліся каля 110 тысяч чалавек.

У 1833 годзе Полацкая праваслаўная епархія была адноўлена і прылічана да 3-га класа. Межы епархіі ахоплівалі Віцебскую, Віленскую і Курляндскую губерні. У той час полацкі архіепіскап Смарагд быў прыхільнікам далучэння ўніятаў да праваслаўя асобнымі прыходамі, ігнаруючы саборны пачатак, і выкарыстоўваў для гэтага адміністрацыйныя, прымусовыя метады, што выклікала хваляванні прыхаджан. Епіскап Васіль Лужынскі, які яшчэ заставаўся ў уніі, наадварот, выступаў за агульнае, саборнае ўз'яднанне праз асцярожныя ўнутраныя змены ў самой уніяцкай царкве. Па ініцыятыве Лужынскага і яго аднадумцаў – мітрапаліта Іосіфа Сямашкі і епіскапа Антонія Зубко, быў скліканы Полацкі царкоўны сабор (1839), на якім унія была скасавана. У кастрычніку 1839 года епіскапская кафедра была пераведзена ў Віцебск, тут быў адкрыты Віцебскі царкоўна-археалагічны музей.

3 красавіка 1840 года межы Полацкай епархіі сталі супадаць з адміністрацыйнымі межамі Віцебскай губерніі. У 1839 годзе была створана Полацкая духоўная семінарыя (у 1856 годзе яна была пераведзена ў Віцебск, у 1871 – стала афіцыйна называцца Віцебскай). 3 1874 года пачалі выдавацца «Полоцкие епархиальные ведомости». У 1885 годзе ў епархіі акрамя семінарыі дзейнічалі 3 духоўныя і 43 царкоўна-прыходскія вучылішчы. У 1887 годзе было 9 манастыроў (7 мужчынскіх і 2 жаночыя).

У 1890 годзе епархія падзялялася на 25 благачынных акруг, што аб'ядноўвалі 305 царкоўных прыходаў, вернікаў было 662 649 чалавек. У 1914 годзе епархія мела 310 царкоўных прыходаў, 546 цэркваў, 235 капліц; духавенства – 636 чалавек, з іх 359 святароў, вернікаў – 872 384 чалавекі. У 1913 годзе ў епархіі была ўведзена пасада вікарнага епіскапа дзвінскага (у 1913–1920 гг. ім быў Панцеляймон).

У 1920-я гг. у сувязі з антырэлігійнай палітыкай улад царкоўнае жыццё епархіі заняпала, большасць уцалелых храмаў перайшлі да прыхільнікаў аднаўленчай Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы.

Да 1941 года на тэрыторыі Полацкай праваслаўнай епархіі не засталося дзеючых храмаў. У 1942 годзе было абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак, у ваенных умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся.

У 1955 годзе ў межах Віцебскай вобласці было 26 цэркваў, дзейнічаў Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр (зачынены ў 1960 годзе).

22 ліпеня 1989 года Полацкая праваслаўная епархія была адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэрыторыю Віцебскай вобласці.

У 1992 годзе ў сувязі са стварэннем самастойнай Віцебскай епархіі межы Полацкай праваслаўнай епархіі звузіліся і ахопліваюць цяпер тэрыторыю Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебскай вобласці.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Берникович, Д. Проект добрых сердец / Д. Берникович // Витебские вести. – 2013. – 5 окт. – С. 11.

2. Веры нясгасная лампада / падрыхт. Т. Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2017. – 18 кастр. – С. 4.

3. Зинкевич, А. Великие юбилеи на земле полоцкой / А. Зинкевич // Веснік Глыбоччыны. – 2017. – 14 кастр. – С. 8.

4. История Полоцкой епархии // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 3 снеж. – С. 7.

5. Каленик, Е. Дорогой познания / Е. Каленик, А. Большакова, Т. Филимонова // Полацкі веснік. – 2017. – 14 лістап. – С. 4.

6. Каленик, Е. От прошлого – к настоящему / Е. Каленик, А. Большакова, Т. Филимонова // Полацкі веснік. – 2017. – 14 лістап. – С. 4.

7. Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.) / В. В. Грыгор'ева [і др.]. – Мінск : Экаперспектыва, 1998. – 340 с.

8. Киприанович, Г. Я. Исторический очерк православия, католичества и унии в Белоруссии и Литве / Г. Я. Киприанович. – Минск : Издательство Белоруского Экзархата, 2006. – 345 с.

9. Лопатина, Т. «Полоцкая епархия: прошлое и настоящее» / Т. Лопатина // Голас Расоншчыны. – 2017. – 25 лістап. – С. 8.

10. Малашеня, Л. Главная цель – созидание личности / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2018. – 2 июня. – С. 4.

11. Малашеня, Л. Укрепляя духовный стержень нации: Полоцкой епархии – 1020 лет / Л. Малашеня // Народнае слова. – 2012. – 17 лістап. – С. 8.

12. Мацук, І. Яркая старонка ў летапісе Полацкай епархіі / І. Мацук // Браслаўская звязда. – 2012. – 24 лістап. – С. 1–2.

13. О начале Полоцкой епархии // Полоцкие епархиальные ведомости. – 2007. – № 5 (сент.). – С. 3.

14. Радько, Н. 1025-летие Полоцкой епархии / Н. Радько // Новополоцк сегодня. – 2017. – 27 окт. – С. 3.

15. Сохранить преемственность добра / подгот. Л. Малашеня // Витебские вести. – 2017. – 25 февр. – С. 10.

16. Храмы и монастыри Полоцкой епархии : фотоальбом / текст: О. В. Молодечкина, А. М. Якубовского ; фото О. В. Молодечкина. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2006. – 76 с.

17. Шавец, А. З гісторыі Полацкай епархіі / А. Шавец // Браслаўская звязда. – 2018. – 13 студз. – С. 6.

18. Шэйкін, Г. Полацкая праваслаўная епархія / Г. Шэйкін // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – 714–716.

19. Юбілей «Полацкіх епархіяльных ведамасцяў» / падрыхт. С. Гаўрылава // Краязнаўчая газета. – 2014. – № 29 (жн.). – С. 5.

 

СПАСЫЛКІ 

arrow Афіцыйны сайт Полацкай епархіі