Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Сафійскі сабор. Полацкі раён, г. Полацк

Знаходзіцца на правым беразе р. Заходняя Дзвіна, пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Пабудаваны паміж 1044–1066 гг. (па іншых звестках 1050–1060 гг.) з плінфы і бутавага каменю ў цэнтры старажытнага дзяцінца горада (Верхні замак). На вялікім камені ў падмурку храма працарапаны імёны будаўнікоў сабора: Давід, Тома, Мікула, Копес, Пётр, Ворыш.

Першы ўскосны ўспамін аб полацкай Сафіі ўтрымліваецца ў Наўгародскім летапісе (1066 г.), у Васкрасенскім летапісе – 1156 г. Сабор упамінаецца ў «Слове аб паходзе Ігаравым». Гарэў у 1607 годзе, у 1620 годзе быў адбудаваны полацкім архіепіскапам Іасафатам Кунцэвічам. У 1643 годзе ў Полацку адбыўся вялікі пажар, гарэла і Сафія, але яе зноў адбудавалі. У час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. будынак храма амаль цалкам быў разбураны выбухам.

Сабор з'яўляўся не толькі заглаўным храмам заходнеславянскага праваслаўя, але і буйным культурна-асветніцкім цэнтрам, пахавальняй полацкіх князёў. Тут прымалі паслоў, абвяшчалі вайну і мір, захоўвалі дзяржаўную казну і рэлігійныя святыні. З сярэдзіны XI стагоддзя да 1579 года існавала багацейшая па тым часе бібліятэка, архіў дзяржаўных актаў і тэалагічных рукапісаў, папаўненню якіх вельмі садзейнічала Еўфрасіння Полацкая. Бібліятэка была разрабавана падчас Лівонскай вайны 1558–1583 гг. Менавіта ў полацкім Сафійскім саборы 12 снежня 1839 года быў падпісаны акт аб аб'яднанні ўніятаў з праваслаўнымі.

Першапачатковы сабор XI стагоддзя – помнік манументальнага старажытнарускага царкоўнага дойлідства з рысамі раманскай архітэктуры. Уяўляў сабой 5-нефавую крыжова-купальную 16-слупавую 3-апсідную базіліку, завершаную 7 купаламі (паводле іншых даследаванняў – 5). Меў даўжыню 31,5 м, шырыню – 26,4 м, таўшчыню сцен – 1,45 м. Фасады чляніліся 6 лапаткамі адпаведна ўнутранаму падзелу 16 апорнымі слупамі на 5 нефаў, 3 сярэднія з якіх заканчваліся апсідамі. Меў 3 ярусы аконных праёмаў. Над сяродкрыжжам узвышаўся барабан цэнтральнага купала. Сцены былі складзены з бутавага каменю, які чаргаваўся з радамі цэглы-плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі, што стварала 2-колерную гаму паверхні, характэрную для старажытнарускай школы дойлідства. Ад старажытных славянскіх храмаў ён адрозніваўся тым, што перад апсідамі меў дадатковае чляненне, з-за чаго яго паўночны і паўднёвы фасады падзелены не на 4, а на 5 праслаў. На апсідах захаваліся некалькі ярусаў 2-ступеньчатых ніш і аконных праёмаў, сляды тонкіх паўкалонак. З паўночнага боку да паўночна-заходняга вугла храма далучалася квадратная ў сячэнні вежа (адлюстравана на гравюрах XV–XVIII стст.). Вонкавыя і ўнутраныя лапаткі адпавядалі 8 крыжападобным у сячэнні міжнефавым слупам. У інтэр'еры храм меў П-падобныя хоры, заходняя і паўднёвая галерэі якіх абапіраліся на двайныя аркады з цэнтральнай 8-граннай апорай. У канцы XV – пачатку XVI стст. быў перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Значна быў перабудаваны ў 1620 годзе пры архіепіскапе Іасафаце Кунцэвічу. У пачатку XVIII стагоддзя сабор заняпаў. Паводле заказу полацкага архіепіскапа Фларыяна Грабніцкага ў 1738–1750 гг. сабор быў перабудаваны ў стылі віленскага барока па канону базілікальнага каталіцкага храма. Пераарыентаваны з поўдня на поўнач, галоўным фасадам арыентаваны на Заходнюю Дзвіну, а магутнай высокай апсідай – на горад. Адрамантаваны ў 1913 годзе пры ўдзеле расійскага архітэктара П. П. Пакрышкіна. У 1918 годзе ў саборы змяшчаўся нямецкі гарнізонны касцёл. У 1945–1969 гг. тут размяшчаліся архіў і база кнігагандлю. У 1985 годзе быў рэстаўрыраваны паводле праекта архітэктара В. Слюнчанкі, пасля чаго прыстасаваны пад канцэртную залу з арганам.

Трохнефавая 1-апсідная 2-вежавая базіліка. Актыўную вертыкальную дынаміку архітэктурнай кампазіцыі надае галоўны фасад, фланкіраваны шмат'яруснымі вытанчаных зграбных прапорцый ажурнымі вежамі і фігурным шчытом паміж імі. Аналагічным шчытом завершана алтарная сцяна. Вежы і фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі, пінаклямі, крапоўкамі, вазамі. Трохвосевыя бакавыя фасады карабля храма рытмічна члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і спаранымі пілястрамі з ляпнымі гірляндамі. Ад сабора XI стагоддзя захавалася 3-часткавая апсіда, якой на заходнім фасадзе адпавядала такой жа формы крыло трансепта пачатку XVII стагоддзя. Даўжыня старой пабудовы вызначала шырыню новай. Старажытная апсіда і сіметрычныя ёй прыбудовы па заходняй сцяне ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны купалкамі з ліхтарыкамі. Бакавыя фасады аздоблены здвоенымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі, крапаваны 2 радамі арачных ніш.

У інтэр'еры 3 пары складанапрафіляваных пілонаў падзяляюць прастору на 3 нефы, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках. Апсіда вылучана мураванай 3-яруснай алтарнай перагародкай, якая па сваёй кампазіцыі стварае ўражанне аб'ёмнай шматпланавасці ўнутранай прасторы. У старажытнай частцы храма (усходняя апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак XI стагоддзя. У бакавых частках апсіды размешчаны арнаментальныя матывы, у цэнтральнай – фрагмент «Еўхарысціі». На паўднёвай сцяне захаваліся рэшткі фрэскавай размалёўкі «Святое прычасце». На ўзроўні аконных праёмаў праходзіць арнаментальная паласа вышынёй каля 100–120 см, якая захавалася прыкладна на 80 см. Злева і справа па баках апсіды. Арыгінальны, незвычайна буйны арнаментальны матыў складаецца з трохлісніка, акаймаванага трохвугольнікам – сімвал адзінства Святой Троіцы. Над арнаментальным поясам, відаць, размяшчаўся свяціцельскі чын. Па самым нізе ішоў дэкаратыўны фрыз (захавалася мноства фрагментаў па перыметры апсіды).

Акрамя тэм «Аранта» і «Святое прычасце» раскрывалася тэма «Услаўленне Маці Божай», а адзін з ярусаў свяціцельскага чыну меў від «Літургіі Божай», дзе ў цэнтры знаходзіўся Хрыстос у вобразе біблейскага отрака Эмануіла. Добра збярогся фрагмент арнаменту, які выяўлены падчас рамонту 1910–1914 гг. у аснаванні 1-га паўночна-ўсходняга слупа. Гэта варыяцыі тыпавога візантыйскага арнаменту, які называюць «бегунком», – стылізаванага малюнку вінаграднага сцябла, вядомага яшчэ ў пару ранняга хрысціянства. На бакавых дзвярах алтарнай перагародкі маляўнічыя абразы «Святая Алена» і «Святы Макарый» (XVIII ст.). У цэнтры над 3-м ярусам нанесена тэмперная размалёўка XVIII стагоддзя «Тайная вячэра», над якой у барочным ляпным картушы – «Спас Нерукатворны». Каларыстычная гама размалёвак складаецца з карычнева-чырвоных, вохрыстых, сіне-блакітных і зялёных таноў. Алтарная перагародка завершана гарэльефнай кампазіцыяй «Троіца новазапаветная», выкананай у стылі ракако (XVIII ст.). У цэнтральнай частцы кампазіцыі фігуры Бога Саваофа і Ісуса, галоўкі херувімаў і анёлаў у аблоках. У левай частцы трансепта збераглася размалёўка «Укрыжаванне» (XIX ст.). У 1913 годзе мастачкай з Віцебска і мясцовым жывапісцам П. А. Зыкавым зроблена рэстаўрацыя абразоў сабора.

У цяперашні час Сафійскі сабор – адзін з найбуйнейшых культурных цэнтраў Беларусі. Тут здзяйсняюцца богаслужэнні і абрады, праходзяць экскурсіі, канцэрты і творчыя вечары. Сафійскі сабор як музей гісторыі архітэктуры і канцэртная зала ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

У 1983 годзе ўпершыню слухачоў сабралі ў канцэртнай зале Сафійскага сабора, якая славіцца сваёй цудоўнай акустыкай, а з 1985 года тут гучыць арган.

Вядучых беларускіх і замежных музыкантаў штогод аб'ядноўваюць унікальныя культурныя праекты ў Сафійскім саборы:

– Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі;

– Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».

Кожную нядзелю для турыстаў і прыхільнікаў класікі праходзяць канцэрты арганнай музыкі (у год іх больш за 300).

 

Сафийскі сабор. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byСафийскі сабор. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byСафийскі сабор. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byСафийскі сабор. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byІнтэр’ер Сафійскага сабора. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byІнтэр’ер Сафійскага сабора. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.by

ЛІТАРАТУРА

1. Антановіч, К. У Полацку і ў Акропалі / К. Антановіч // Культура. – 2010. – 17–23 крас. – С. 14.

2. Балышева, С. На высоком двинском берегу... / С. Балышева // Беларуская думка. – 2009. – № 5. – С. 88–91.

3. Братко, Г. В поисках утраченного / Г. Братко // Советская Белоруссия. – 2008. – 24 окт. – С. 16.

4. Бутэвіч, А. Белакрылая птушка надзеі / А. Бутэвіч // Звязда. – 2001. – 14 ліп. – С. 10.

5. Геращенко, А. Пришло время воссоздать Софийский собор / А. Геращенко // Наше православие. – 2015. – № 8 (авг.). – С. 4–5.

6. Дзежыц, Д. Каля Сафійскага сабора [горада Полацка] знайшлі новы падземны ход / Д. Дзежыц // Вольнае Глыбокае. – 2012. – 21 чэрв. – С. 4.

7. Дзядзінкіна, С. «Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...» / С. Дзядзінкіна, Э. Шэлест // Народная газета. – 2011. – 15 лістап. – С. 8.

8. Дук, Д. «Святая София о седми версех»: храм в Полоцке от деревянного к каменному / Д. Дук // Родина. – 2007. – № 6. – С. 63–67.

9. Ивченко, Л. У этих стен шумело полоцкое вече... / Л. Ивченко // Віцебскі рабочы. – 2012. – 22 мая. – С. 4.

10. Карпас, Е. Почему затягивается реставрация Софийского собора [в городе Полоцке] / Е. Карпас // Знамя юности. – 2013. – 17 мая. – С. 5.

11. Королев, М. Вначале было слово / М. Королев // Наша Талачыншчына. – 2009. – 31 кастр. – С. 10.

12. Кушакова, Т. А. София Полоцкая от древнерусской архитектуры до виленского барокко / Т. А. Кушакова // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2009. – Вып. 36 : Строительство. – С. 8–11.

13. Лаврецкий, Г. София – премудрость Полоцкая / Г. Лаврецкий // Родина. – 2007. – № 6. – С. 81–82.

14. Ланеўская, Г. Наша Сафія / Г. Ланеўская // Мастацтва. – 2003. – № 1. – С. 63–65.

15. Малашеня, Л. С высоты Софийского собора / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2017. – 8 июля. – С. 8.

16. Полацкі Сафійскі сабор / аўт. тэксту Т. А. Джумантаева ; фота: А. П. Дрыбаса [і інш.]. – Мінск : Беларусь, 2008. – 68 с.

17. Сабор у імя святой праведнай Сафіі // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 329–330.

18. Савіцкая, Ю. Ад Полацка пачаўся свет / Ю. Савіцкая // Народная газета. – 2009. – 25 крас. – С. IV.

19. Свята-Сафійскі сабор // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 163–164.

20. Семенюга, Т. Три Софии. Загадка собора над Двиной / Т. Семенюга // Планета. – 2014. – № 11. – С. 48–55.

21. Слюнченко, В. Г. Полоцкий Софийский собор : историко-архитектурный очерк / В. Г. Слюнченко. – Минск : Полымя, 1987. – 48 с.

22. Трапезникова, Л. Увидеть Полоцк и ...вернуться / Л. Трапезникова // Беларускі час. – 1999. – 30 снеж. – С. 8.

23. Тулупава, І. Паміж Дзвіной і Палатою / І. Тулупава // Літаратура і мастацтва. – 2009. – 20 лістап. – С. 4.

24. Филюшкин, А. «Жалобный плач города Полоцка...»: София над Двиной в войнах Ивана Грозного / А. Филюшкин // Родина. – 2007. – № 6. – С. 108–112.

25. Цялежнікаў, У. З гісторыі полацкай Сафіі / У. Цялежнікаў // Краязнаўчая газета. – 2016. – № 35 (верас.). – С. 4 ; № 36 (верас.). – С. 4.

26. Цялежнікаў, У. Як выглядаў Полацкі Сафійскі сабор ХІ стагоддзя / У. Цялежнікаў // Краязнаўчая газета. – 2017. – № 5 (люты). – С. 5 ; № 6 (люты). – С. 5 ; № 7 (люты). – С. 5.

27. Четыре жизни Полоцкой Софии / подгот. Ю. Осипов // Народнае слова. – 2000. – 20 чэрв. – С. 5.

28. Штыхов, Г. София Ивана Хозерова / Г. Штыхов // Родина. – 2007. – № 6. – С. 74–75.