Брацкая школа пры Богаяўленскай царкве. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 20.06.2019 08:40
- Адноўлена 22.07.2019 08:46
Паводле фундаментальнага запісу Полацкай Богаяўленскай царквы ад 6 чэрвеня 1633 года і пацвярджальнага прывілея караля Уладзіслава IV ад 12 ліпеня таго ж года пры царкве пачала дзейнічаць брацкая школа. Згаданы каралеўскі прывілей дазваляў «збудованне школы для науки детям христианским».
У Полацкай брацкай школе вучыўся, а потым і выкладаў Сімяон Полацкі.
Школа ўтрымлівалася на сродкі Полацкага Богаяўленскага брацтва, якое мела вялікі ўплыў і аўтарытэт сярод насельніцтва Полаччыны. Яна была дзейснай часцінкай народнага руху, накіраванага супраць польскіх паноў і каталіцкай царквы. У склад брацтва ўваходзілі полацкія купцы, мяшчане, дробныя шляхцічы, прадстаўнікі духавенства і інш.
Для арганізацыі работы школы брацтва выбірала 2–3 «братчыкаў», якія аказвалі дапамогу, ажыццяўлялі кантроль за дзейнасцю, інфармавалі аб справах у школе. Школа была бессаслоўная. Тут вучыліся дзеці рамеснікаў, сялян, гарадской беднаты, купцоў і нават дваран.
Вялікая ўвага ў школе ўдзялялася мовам. Як асобныя прадметы вывучаліся славянская, грэчаская, лацінская мовы, а з прыходам Сімяона Полацкага – і беларуская мова. Большасць прадметаў выкладалася на славянскай мове, а некаторыя на беларускай.
Вучні знаёміліся з прыродазнаўствам, вучылі філасофію, фізіку. Арыфметыка і геаметрыя выкладаліся разам. Не была забыта і музычная адукацыя, асабліва царкоўныя спевы. Гісторыі, як прадмета, не было, гістарычныя факты служылі дадаткам да іншых прадметаў.
Вучні прыходзілі ў школу і пакідалі яе ў пэўны час. Раніцай настаўнік рабіў пераклічку, неадкладна выяўляў прычыну адсутнасці. Усе вучні па чарзе выконвалі розныя абавязкі: падмяталі падлогу, распальвалі печ, насілі ваду і г. д.
У класах спачатку адказвалі ўрокі, якія задавалі на дом, а потым ішло далейшае навучанне. У суботу праводзіўся ўрок маралі, а таксама паўтаралі пройдзенае за тыдзень, заахвочваліся паспяваючыя і караліся дрэнныя вучні. Школа будавала сваю працу на асноўных элементах класна-ўрочнай сістэмы, самай прагрэсіўнай формы навучання не толькі ў XVI стагоддзі, але і цяпер.
Пры школе існаваў тэатр, якім кіраваў Сімяон Полацкі. Ён пісаў для яго п'есы, ажыццяўляў іх пастаноўкі на сцэне. У Полацку ён напісаў шэраг сваіх твораў, якія пазней былі апублікаваны ў Маскве.
Настаўнікі школы былі наёмнымі людзьмі брацтва і знаходзіліся тут на поўным утрыманні, атрымліваючы ад яго грошы, ежу, адзенне і іншае.
Паміж настаўнікамі і вучнямі існавалі добразычлівыя адносіны. Настаўнікі былі не толькі выкладчыкамі і выхавацелямі вучняў, а яшчэ і бліжэйшымі іх дарадчыкамі, памочнікамі і абаронцамі. Яны прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада, выступалі перад яго жыхарамі.
Полацкая брацкая школа адыграла вялікую ролю ў падрыхтоўцы пісьменных людзей, выхоўвала іх на прынцыпах грамадзянскай адказнасці перад народам. У канцы 1660-х гадоў па патрабаванні ўніятаў школа была зачынена.
ЛІТАРАТУРА
1. Кірылаў, Г. Не так усё проста / Г. Кірылаў // Віцебскі рабочы. – 1994. – 5 лют. – С. 2.
2. Лухверчык , В. Настаўніцкая школа Полацкага Царкоўнага брацтва / В. Лухверчык // Полацкі веснік. – 1995. – 1 мая. – С. 3.
3. Малашэня, Л. Кожны чацвер у Брацкай школе / Л. Малашэня // Віцебскі рабочы. – 1989. – 29 крас. – С. 4.
4. Сяліцкі, С. Полацкая брацкая школа / С. Сяліцкі // Віцебскі рабочы. – 1993. – 29 мая. – С. 5.
5. Сяліцкі, С. Полацкая брацкая школа / С. Сяліцкі // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 219–220.