Богаяўленскі мужчынскі манастыр. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 04.07.2019 15:23
- Адноўлена 04.07.2019 14:25
Богаяўленскі мужчынскі манастыр знаходзіцца ў цэнтры горада, на правым беразе р. Заходняя Дзвіна. Комплекс уключае мураваны Богаяўленскі сабор і жылы корпус манастыра.
У XVI–XVIII стст. складаўся з драўлянай царквы і будынка брацкай школы. Упамінаецца ў 1633–1636 гг., калі князь Леў Самуіл Агінскі і міравы земскі суддзя Севасцьян Мірскі аднавілі прыстанак пасля пажару і пасадзейнічалі заснаванню праваслаўнага брацтва. Манастыр, як праваслаўны, быў зацверджаны граматай Уладзіслава IV у 1633 годзе. С. Мірскі ахвяраваў участак зямлі па вуліцы Вялікай для пабудовы школы і тэатра. У 1657 годзе да манастыра была прыпісана маёмасць Залатаношскага Спаса-Праабражэнскага манастыра. У брацтва манастыр быў адабраны ў 1668 годзе паводле загада караля Яна Казіміра. У чэрвені 1683 года ў выніку гарадскога пажару пацярпеў і манастыр, таму манахі былі вымушаны закласці на правабярэжным баку Полацка капліцу і новую царкву. Пасля пажару 1757 года ў 1761–1779 гг. быў пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор. У 1782 годзе архітэктар Дж. Кварэнгі распрацаваў праект пашырэння манастыра. Прадугледжвалася раскрыццё архітэктурнага ансамбля ўздоўж вуліцы Ніжнепакроўскай – царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі, размешчаныя па чырвонай лініі вуліцы: з захаду – жылы корпус, з усходу – школа (з 1835 года – мужчынскае духоўнае вучылішча, не збераглося). У выніку архітэктура комплексу набыла барочна-класіцыстычны характар. У 1798 годзе манастыр быў пакінуты за штатам, а ў 1842 годзе ўзведзены і 2-і клас. У пачатку XIX стагоддзя з усходу ад царквы быў пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). На пачатак XX стагоддзя пры манастыры лічылася 28 чалавек браціі пад кіраўніцтвам архімадрыда Яўфімія.
Сабор у гонар Богаяўлення – помнік архітэктуры барока. Крыжова-купальны 1-апсідны храм з дзвюма 1-яруснымі вежамі на галоўным (заходнім) фасадзе. Над перакрыжаваннем асноўнага аб'ёму і трансепта – высокі светлавы барабан са сферычным купалам, завершаным гранёным ліхтаром. Такімі ж купалкамі завершаны і фасадныя вежы, паўночная з'яўлялася званіцай. Сцены, вежы, грані барабана прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі ў прасценках. Галоўны фасад крапаваны магутнымі слаістымі пілястрамі на высокіх цокалях, па восі сіметрыі арачныя ўваходны партал і аконны праём хораў над ім. Вось сіметрыі бакавых фасадаў падкрэслена рызалітам з лучковым уваходным праёмам з глыбокімі адхіламі. Па перыметры будынка праходзіць карніз простай прафіліроўкі. Барочныя франтонныя завяршэнні фасадаў былі зняты ці паменшаны ў 1839 годзе.
Інтэр'ер 2-светлавы, у цэнтры 4 масіўныя слупы квадратнага сячэння, перакінутыя цераз іх аркі і ветразі нясуць сферычны купал з ліхтаром. Цыліндрычны барабан пад купалам вырашаны як ратонда. Перакрыцці – цыліндрычныя скляпенні на распалубках. Фрагментарна захаваўся фрэскавы жывапіс на ўнутранай паверхні барабана. Пасля рэстаўрацыі з 1981 года ў саборы размясцілася карцінная галерэя.
Жылы корпус – помнік архітэктуры барока і класіцызму. Пабудаваны на месцы драўлянай брацкай школы. Г-падобны ў плане мураваны будынак, у якім знаходзіліся келлі манахаў і пакоі ігумена, 2 «цеплыя» царквы – Еўфрасіннеўская і Кацярынінская. У кампазіцыі галоўнага фасада будынка выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып – 1-ы паверх трактаваўся як аснова больш рэпрэзентацыйнага 2-га паверха, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невялікімі лучковымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах з замковым каменем. Будынак апярэзаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка вылучана 4 іанічнымі паўкалонамі і завершана франтонам з невялікай вежачкай. У 1784–1791 і 1812–1819 гг. у корпусе размяшчалася народнае вучылішча, у 1792–1812 гг. – багадзельня. У 1970-я гг. быў рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. Зараз будынак прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага і Музей беларускага кнігадрукавання.
ЛІТАРАТУРА
1. Богаяўленскі мужчынскі манастыр // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 327–328.
2. Колосовская, А. Н. Полоцкий богоявленский монастырь / А. Н. Колосовская // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 327–328.
3. Кушакова, Т. А. Монументальные сооружения Богоявленского монастыря в Полоцке / Т. А. Кушакова // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2009. – Вып. 36 : Строительство. – С. 21–24.
4. Ненарадова, О. Кафедральный собор Богоявления / О. Ненарадова // Полоцкие епархиальные ведомости. – 2007. – № 5 (сентябрь). – С. 4.
5. Ненарадова, О. Полоцкий Свято-Богоявленский кафедральный собор / О. Ненарадова // Полоцкие епархиальные ведомости. – 2011. – № 4 (нояб.). – С. 1, 3.
6. Свята-Богаяўленскі мужчынскі манастыр // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 161–162.